Польшча жадае нармалізацыі стасункаў з Беларуссю


Варшава імкнецца нармалізаваць стасункі з блізкім суседам – афіцыйным Менскам. Але выкананне правоў чалавека беларускімі ўладамі – неабходная і найважнейшая ўмова дыялогу.

Такім чынам Польшча бачыць дарожную мапу паляпшэння добрасуседскіх стасункаў з Беларуссю, адзначыў у інтэрвью для «Белсату» міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч.

«Я лічу, што польска-беларускія стасункі нармалізуюцца. Але мы памятаем пра правы чалавека. Сёння раніцай меў сустрэчу з прадстаўнікамі апазіцыі ў парламенце – са спадарынямі Анісім і Канапацкай. З імі мы размаўлялі пра справы, звязаныя з правамі чалавека. Яны звярталі ўвагу, што тут шмат працы, шмат што трэба зрабіць уладам Беларусі. Але хачу адзначыць, што пачуў вельмі шмат добрых словаў пра «Белсат». Бо тэлеканал інфармуе пра ўсе выпадкі парушэння правоў чалавека. Мне спадабалася гэта добрая ацэнка працы тэлеканалу».

Нармалізацыя стасункаў патрэбна грамадству, а не палітыкам

«Адназначна, мы б хацелі нармалізаваць добрыя адносіны з Беларуссю, развіваць іх. Каб грамадства дзвюх краінаў маглі наведваць суседнія краіны. Важна, каб палякі маглі прыязджаць у Беларусь, даведвацца пра прыгожую культуру Беларусі. І мы будзем да гэтага імкнуцца. З іншага боку мы разумеем агульную геапалітычную сітуацыю. Бачым, што МЗС узмацняе стасункі з Расеяй. Але мы з свайго боку будзем рабіць усё, каб падтрымаць суверэнітэт Беларусі, нацыянальную ідэнтыфікацыю беларусаў. Але з акцэнтам на захоўванне правоў чалавека, палітычнай свабоды», – адзначыў міністр замежных справаў Польшчы.

Захад змянніў стаўленне да Беларусі

«Мне цяжка сказаць, што Еўразвяз змяніў сваё стаўленне да афіцыйнага Менску. Магчыма, што некаторыя змены ўнесла арганізацыя сустрэчаў у справе нармалізацыі сітуацыі ва Украіне. Дзякуючы гэтаму былі падпісаныя Менскія пагадненні. Бачым, што Беларусь жадае тут мець пэўную ролю, жадае пэўнага сімвалічнага ўмяшання ў замежную палітыку. Але гэта пазітыўныя элементы. З іншага боку Аляксандр Лукашэнка падчас выступу казаў традыцыйна. Хоць і крытыкаваў планы Польшчы размясціць на сваёй тэрыторыі вайсковую базу ЗША. Прагучала, што гэта можа стварыць пэўныя пагрозы. Але разумею, што гэта яго такая роля. І мы жадаем між усяго іншага размаўляць, каб не было паміж нашымі краінамі варожасці. Таму спадзяюся, што зроблены пэўны крок і сама канферэнцыя стане працягам нармалізацыя стасункаў і зніжэння міжнароднага напружання. Сама канферэнцыя была арганізавана нямецкім фондам, што сведчыць пра разуменне Заходнееўрапейскіх краінаў неабходнасць пачаць размовы, дыялог. І гэту ініцыятыву не буду крытыкаваць. Трэба размаўляць».

СК, belsat.eu

Стужка навінаў