Польшча заплаціць за адпачынак грамадзянаў

Кожнае дзіця атрымае 500 злотых на адпачынак. Гэтак дзяржава вырашыла падтрымаць турыстычны сектар і сем’і падчас пандэміі.

Новая сацыяльная праграма называецца «Польскі бон турыстычны», і яе ўжо абвесцілі ў польскіх медыях «новым 500+». Ад 2016 года бацькі ў Польшчы штомесяц атрымліваюць 500 злотых (каля 120 долараў) на кожнае дзіця да 18 гадоў. Цяпер могуць яшчэ і адпачыць за кошт дзяржавы. Ад 31 ліпеня можна будзе падаваць заяўкі на «турыстычны бон» праз спецыяльную ўрадавую Платформу электронных паслугаў, дзякуючы якой не выходзячы з дому можна, напрыклад, зрабіць новы пашпарт ці правы. На іншай адмысловай старонцы магчыма прагледзець каталог турыстычных фірмаў і гатэляў, якія далучыліся да ўрадавай праграмы. Сям’я атрымлівае бон у электронным выглядзе і яго нельга атрымаць гатоўкаю, але можна паехаць, напрыклад, у горы ці на мора і разлічыцца ім за гатэль, але толькі на тэрыторыі Польшчы.

Польскія Татры. Ілюстратыўны здымак Рixabay

Такім чынам сям’я атрымае на кожнае дзіця дадаткова 500 злотых на адпачынак, а калі дзіця мае інваліднасць – 1000 злотых (каля $ 240). Выкарыстаць бон можна адзін раз і не абавязкова сёлета – праграма будзе дзеяць да 31 сакавіка 2022 года. Улады вырашылі падтрымаць турыстычны сектар, па якім пандэмія каронавіруса ўдарыла наймацней.

Увесці праграмы падтрымання бізнесу прапанавалі эканамісты – у прыватнасці, польскі Цэнтр імя Адама Сміта.

«Грамадзянін заплаціў падаткі і атрымаў бон на публічныя паслугі, якія можа выбраць сярод найбольш адпаведных для яго прапановаў на рынку. Турыстычны бон паказвае, што грошы з бюджэту дзяржавы, прызначаныя на пэўныя паслугі, можна правесці праз рынак, на якім фірму выбірае польская сям’я. Калі можна даць сям’і права выбару месца адпачынку, то можна, прыкладам, увесці «адукацыйны бон», каб сям’я магла выбраць адпаведную для дзіцяці школу, – кажа «Белсату» Анджэй Садоўскі, старшыня цэнтру імя Адама Сміта і чалец прэзідэнцкай Нацыянальнай рады развіцця.

Новая сацыяльная праграма будзе аднак каштаваць польскаму бюджэт чарговыя 4 млрд злотых (каля $ 1 млрд). Чарговыя, бо яны дадаюцца да 312 млрд злотых ($ 78 млрд), якія Польшча ўжо прызначыла на падтрыманне малых, сярэдніх і буйных прадпрыемстваў і захоўванне месцаў працы. Да гэтага даходзяць мільярды на 500+ і гэтак званыя «школьныя» 300+, гэта калі кожны польскі школьнік раз на год атрымлівае 300 злотых (каля $ 75), каб падрыхтавацца да 1 верасня.

Лога праграмы 500+ для сем’яў палякаў і замежнікаў са сталым побытам. Фота са старонкі ўраду

У 2019 годзе польскі Сейм прыняў бюджэт, які павінен быў скласці 435,3 млрд злотых (каля $ 110 млрд). Аднак нядаўна Міністэрства фінансаў Польшчы падлічыла, што выдаткі, якія з’явіліся з-за пандэміі, утварылі дзірку ў бюджэце на суму ажно 100 млрд злотых ($ 25 млрд). Гэтая дзірка большая, чым два гадавыя бюджэты Беларусі (каля $ 11,3 млрд). Таму ўжо ў бліжэйшым часе польскі Сейм будзе пераглядаць сёлетні бюджэт краіны.

«Фінансавай сістэмы Польшчы патрэбныя сур’ёзныя змены. Аднаго рэдагавання бюджэту – не дастаткова. Фінансаванне чарговых паслугаў, як «турыстычны бон», вымагае вызвалення гаспадаркі ад бюракратыі, бо інакш яна не зможа прыносіць вялікія грошы ў бюджэт. Прымаючы закон аб «боне», палітыкі мусяць падтрымаць ліквідацыю бюракратычнай цяганіны для прадпрымальнікаў», – лічыць Садоўскі.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў