Польшча запрашае лекараў з Беларусі і Украіны

У барацьбе з пандэміяй Польшчы катастрафічна не хапае персаналу ў шпіталях. Варшава спрашчае працэдуры і адчыняе межы для медыкаў з усходу.

Фота: ТК / Белсат

У чацвер Сейм Польшчы прыняў новы закон адносна барацьбы з пандэміяй каронавіруса. Між іншага значна спрашчаецца працэдура працаўладкавання лекараў спецыялістаў, якія атрымалі адукацыю і адпаведныя кваліфікацыі за межамі Еўразвязу. Што праўда, першы крок у гэтым напрамку зрабілі яшчэ ў мінулым годзе, калі польскія парламентарыі ўнеслі папраўкі ў закон «аб прафесіі лекара». Зразумела, што гаворка не ідзе пра лекараў з Эфіопіі, Гандурасу ці з Балівіі, а менавіта з Украіны і Беларусі. Бо ў Польшчы ўсе добра ведаюць, што менавіта беларускія і ўкраінскія лекары атрымліваюць добрую медычную адукацыю і пераважна маюць добрую падрыхтоўку.

Новаўвядзенні анансаваў яшчэ ў панядзелак міністр аховы здароў’я Адам Нядзельскі (Adam Niedzielski) і супакойваў, што ўлады кожнаму «запэўняць дапамогу».

«Мы падрыхтавалі рашэнне, якое дапаможа прыцягнуць у Польшчу лекараў з Беларусі і Украіны – казаў у эфіры ТБ Polsat News.

А гэта значыць, што новы закон дазваляе амаль адразу пачынаць працу лекарам іншаземцам у Польшчы пад кірункам кіраўніка медычнай пляцоўкі, гледзячы на надзвычайную сітуацыю. Раней фармальныя працэдуры займалі многія месяцы.

Лабараторныя даследаванні. Ілюстратыўны здымак Pixaby

Але калі раней прыток спецыялістаў быў штогод стабільны, то цяпер гаворка ідзе пра exodus лекараў і медсясцёр з Беларусі і Украіны. Вярбоўка медыкаў ужо актыўна ідзе. Ажно каля 1,5-2 тысячаў лекараў і 2-3 тысячы санітарак і медсясцёр з Украіны выказалі жаданне пераехаць у Польшчу. Пра гэта на старонках выдання «Rzeczpospolita» у пятніцу распавёў Кшыштаф Інглот (Krzysztof Inglot), кіраўнік агенцтва, якое займаецца працаўладкаваннем іншаземцаў у Польшчы.

Не вядома, колькі беларускіх лекараў і медсясцёр паедзе ў Польшчу. Але яны ўжо падаюць заяўкі. Кіраўнік іншага агенцтва Gremi Personal Томас Богдевіц (Tomas Bogdevic) распавёў выданню «Rzeczpospolita» у пятніцу, што ў апошні месяц «назіраецца выразны ўзрост колькасці ахвочых».

«Павялічылася колькасць заявак з боку беларускіх лекараў, якія ў сувязі з палітычнымі падзеямі ў іх краіне хацелі б пераехаць у Польшчу», – цвердзіў.

Колькі лекараў выедзе з Беларусі і Украіны – будзе залежаць ад таго, колькі Польшча будзе гатовая прызначыць на гэта грошай. Летась Варшава казала пра недахоп 68 тысячаў лекараў (паводле Naczelna Izba Lekarska), таму можам толькі ўявіць колькі не хапае медсясцёр і санітарак. Сёння гаворка ідзе пра тысячы медыкаў, якімі трэба запоўніць новыя пляцоўкі, створаныя дзеля змагання з каронавірусам. Нават Нацыянальны Стадыён пераўтварылі ў шпіталь, у які заклікаюць сотні валанцёраў.

Салігорская ЦРБ. Ілюстратыўны здымак з акаунту больніцы ў Інстаграм

У чацвер Міністэрства аховы здароў’я Польшчы інфармавала пра больш за 12 тыс новых хворых, 168 чалавек памерла. У шпіталях знаходзіцца больш за 10 тыс хворых на Covid-19 і ў Польшчы баяцца, што хутка іх не будзе каму лячыць. Таму надзеі на лекараў з усходу апраўдваюць усе сродкі, а ў такой сітуацыі грошы не будуць мець значэння. Ужо сёння ўлады ў Менску і Кіеве павінны падумаць пра тое, хто будзе лячыць іх грамадзянаў, бо ў іх няма самалётаў і грошаў на нямецкія ці ізраільскія клінікі. А гаворка не ідзе толькі пра Польшчу. У барацьбу за лекараў з Беларусі і Украіны ўжо актыўна ўключыліся Нямеччына, Чэхія, Славакія і Венгрыя.

Пра тое, колькі лекары зараблялі ў Польшчы ў мінулым годзе, перад пандэміяй, Belsat.eu пісаў раней.

Руслан Шошын Belsat.eu

Hавiны