Польшча вырашыла не працягваць кантракт з «Газпромам»


Доўгатэрміновых кантрактаў на пастаўкі газу з Расеі больш не будзе.

Кантракт паміж польскай PGNiG і «Газпромам» дзейнічае да 2022-га (быў падпісаны ў 1996 годзе) і працягвацца не будзе. Пра гэта паведаміў упаўнаважаны польскага ўраду ў пытаннях газавай і энергетычнай палітыкі Пётр Наімскі падчас інвестыцыйнага саміту Усходняй Еўропы, які арганізавала агенцтва «Reuters».

«Мы будзем імкнуцца да сітуацыі, калі доўгатэрміновы кантракт стане справай мінулага. Калі кошт на расейскі газ будзе дастаткова канкурэнтаздольным, мы не выключаем, што будзем набываць яго, але дакладна не ў межах доўгатэрміновага кантракту», – цытуе агенцтва словы польскага чыноўніка.

У траўні 2015-га пасля няўдалых перамоваў па коштах на газ PGNiG падала пазоў на «Газпром» і «Газпром экспарт» у Стакгольмскі арбітражны суд з мэтай дамагчыся зніжэння закупачнага кошту на «блакітнае топліва».

У лістападзе 2012 года «Газпром» і PGNiG падпісалі дадатковае пагадненне да кантракту на пастаўку расейскага газу са зніжкай каля 10%.

ЮВ, belsat.eu, паводле «Reuters»

Стужка навінаў