Польшча штодня губляе $ 500 млн. Колькі страціць Беларусь?

Каранцін у Польшчы праглынуў ужо каля $ 20 млрд. Колькасць беспрацоўных кожны дзень расце. Беларусь, ігнаруючы эпідэмію, можа страціць больш.

Няма такой галіны эканомікі, у якую не ўдарыў бы каронавірус у Польшчы. Найбуйнейшыя ў краіне Федэрацыя Польскіх Прадпрымальнікаў (Federacja Przedsiębiorców Polskich) і Канфедэрацыя Левятан (Konfederacja Lewiatan) запусцілі нават адмысловую старонку, якая ў рэжыме онлайн лічыць страты польская гаспадаркі ад 16 сакавіка, калі ўрад увёў у краіне каранцін, радыкальна абмяжоўваючы гандаль і паслугі. У пятніцу лічнік стратаў паказваў больш за 83 мільярдаў злотых (каля $ 20 млрд), якія праглынуў вірус у Польшчы. Кожны дзень каранціну каштуе амаль $ 500 млн. Найбольш страцілі сфера паслугаў (каля $ 8 млрд) і гандаль (больш за $ 5 млрд), найменш – будаўніцтва (каля $ 1 млрд). У краіне зачыненыя ўсе гандлёвыя цэнтры, тэатры і кінатэатры, але будаўніцтва не спынілася.

Hавiны
«У нас ніякай катастрофы няма». Стрым з брыфінгу Мінздароўя
2020.04.24 16:23

– Я такой вясны не памятаю: столькі кліентаў, што не паспяваем развозіць тавар. Падчас каранціну многія ўзяліся за рамонты у сваіх кватэрах, дамах і ўпарадкаванне дачных надзелаў, – кажа мне знаёмы ўласнік будаўнічай крамы пад Варшавай.

Лічбы, аднак, паказваюць, што каранцін у Польшчы пакіне без працы тысячы людзей, і гэта ў найлепшым выпадку. Паводле апошніх дадзеных парталу businessinsider.com.pl, у сакавіку працадаўцы звольнілі 34 тыс. чалавек – гаворка ідзе толькі пра фірмы, якія ўладкоўваюць больш за 10 асобаў. Урад прагназуе, што амаль 200 тыс. мікрафірмаў (ІП) можа знікнуць з рынку ў бліжэйшыя 3 месяцы. Усё гэта адбываецца, нягледзячы на тое, што ўрад Польшчы прызначыў больш за $ 50 млрд на барацьбу з вірусам і падтрымку дробных і буйных прадпрыемстваў.

Меркаванні
Польшча накіруе чатыры гадавыя бюджэты Беларусі на барацьбу з вірусам
2020.03.20 15:48

Аднак, дзякуючы каранціну, Польшчы ўдалося апанаваць сітуацыю і не давесці да паралічу сістэму аховы здароў’я, як гэта сталася ў Італіі, Іспаніі ці Францыі, дзе колькасць ахвяраў каронавірусу даўно пераваліла за 20 тысячаў. У пятніцу раніцай у Польшчы было 10 759 хворых, 463 асобы памерла. Ужо на наступным тыдні ўрад Польшчы абвесціць план размарозкі эканомікі. СМІ паведамляюць, што 18 траўня адчыняцца гандлёвыя цэнтры. Але гэта яшчэ не факт.

Няма каранціну – няма праблемаў?

Такую логіку дэманструе Аляксандр Лукашэнка, які не зачыняе межаў і не ўводзіць абмежаванняў. Але ці гэта стратэгія спраўдзіцца? Крывая хворых і памерлых расце, а незалежныя медыі кожны дзень апісваюць гісторыі «памерлых ад пнеўманіі».

– Лукашэнка ўжо згубіў час не ўводзячы каранцін. Калі ты супрацоўнічаеш з суседзямі, ты ведаеш у якім кірунку рухаешся, калі не – ты сам па сабе. Развітыя рынкавыя эканомікі пасля крызісу пачнуць хутка аднаўляцца – у той час як эпідэмічная сітуацыя ў Беларусі будзе толькі пагаршацца. З апошніх выказванняў Лукашэнкі вынікае, дарэчы, што прадпрымальнікі ў Беларусі (у адрозненні ад краінаў Захаду) не могуць разлічваць на падтрымку дзяржавы, – кажа беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук.

Эксперт прыгадвае, што каронавірус – не адзіная праблема для планавай эканомікі Лукашэнкі, якая перажывае сур’ёзны крызіс.

– Мадэрнізацыя НПЗ каштавала $ 2 млрд. Сёння нафта пайшла ў мінус. Праз колькі год гэтыя інвестыцыі акупяцца? – задае рытарычнае пытанне Раманчук.

Такім чынам, калі эпідэмічная сітуацыя пагоршыцца, рана ці позна прыйдзецца спыняць эканоміку і ўводзіць жорсткі каранцін. І з самай адкрытай дзяржавы Беларусь можа ператварыцца ў самую закрытую, бо суседзі Беларусі (асабліва заходнія) у апошнюю чаргу адкрыюць межы з краінай, дзе ўлады не кантралююць эпідэмію.

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў