Польшча. Самотныя дэбаты кандыдатаў

Выбары ў Польшчы 2020. Фота: tvp info

Насуперак чаканням выбарнікаў, галоўныя прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта Польшчы вырашылі не сустракацца і не паціскаць адно адному рукі.

Сапраўдныя дэбаты – гэта калі палітычныя канкурэнты сустракаюцца ў прамым эфіры, маюць магчымасць узаемна задаваць пытанні і абменьвацца меркаваннямі. Перад першым турам прэзідэнцкіх выбараў, які прайшоў 28 чэрвеня, усе кандыдаты сабраліся ў студыі дзяржаўнага тэлебачання ТVP, але пытанні задаваў вядоўца, дыскусіі паміж кандыдатамі не было. Многія эксперты спадзяваліся, што сапраўдныя дэбаты адбудуцца перад другім турам выбараў, калі фінальныя прэтэндэнты на вышэйшую пасаду ў краіне сустрэнуцца, паціснуць рукі і паразмаўляюць на вачах мільёнаў палякаў. Не дамовіліся, не сустрэліся і рукі не паціснулі.

Кандыдаты вырашылі выехаць на правінцыю. Дзейны прэзідэнт Анджэй Дуда (Andrzej Duda) запрашаў свайго канкурэнта мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага (Rafał Trzaskowski) ў горад Коньскае (Końskie), які знаходзіцца ў 140 км на поўдзень ад Варшавы. Тшаскоўскі ж запрасіў прэзідэнта ў Лешно (Leszno), што ў 350 км на захад ад сталіцы. Гэтак супернікі і раз’ехаліся ў розныя бакі. Дэбаты распачаліся амаль у адзін і той жа час, але паказвалі іх розныя тэлебачанні: Дуду – дзяржаўнае TVP, Тшаскоўскага – прыватны TVN, і толькі Polsat (буйное прыватнае тэлебачанне) умудрылася паказаць дваіх адначасова. Раней Polsat прапаноўваў аб’яднаць сілы і арганізаваць супольныя дэбаты, але з ініцыятывы нічога не выйшла.

Кандыдат на прэзідэнта Польшчы Анджэй Дуда ў дзень дэбатаў прамаўляе да свайго электарату.
Фота: tvp info

Кандыдат і дзейны прэзідэнт Дуда ў Коньскім размаўляў са сваёй аўдыторыяй, Тшаскоўскі ў Лешне – са сваёй. Канкурэнты абвінавачваюць Анджэя Дуду, што ягоныя аднаасабовыя дэбаты мелі загадзя падрыхтаваны сцэнар, а пытанні гледачоў і прысутных у студыі былі добра падабраныя. Маўляў, не было крытычных пытанняў. Даходзіла нават да абвінавачванняў, што гледачоў у студыю падвозілі аўтобусамі і што сярод іх былі дзеячы кіроўнай партыі Права і Справядлівасць (PiS), у якой сябрам дзейны кіраўнік краіны. На гэтым фоне канкурэнт прэзідэнта выглядаў вельмі адкрытым – запрасіў журналістаў з усіх галоўных польскіх медыяў. Але праціўнікі Тшаскоўскага таксама знайшлі ў студыі яго прыхільнікаў, і казалі, што сярод журналістаў быў былы журналіст, а цяпер варшаўскі чыноўнік у ролі працаўніка медыяў. Дый пытанні журналістаў мэр Варшавы выкарыстоўваў як нагоду для прамовы, часта адыходзіў ад тэмы і наўпрост звяртаўся да тэлегледачоў.

Кандыдат на прэзідэнта Польшчы Рафал Тшаскоўскі дэбатуе у Лешна. Фота з сацсеткі Тшаскоўскага

Адное бясспрэчна – у панядзелак у Польшчы не было дэбатаў. Візіт Дуды ў Коньскім нагадваў перадвыбарчы выступ, а Тшаскоўскага ў Лешне – звычайную прэс-канферэнцыю з вельмі абмежаваным часам.

Пра што ж гаварылі?

Дуда даводзіў, што затрымаць моладзь у Польшчы можа толькі «заробак на ўзроўні заходняй Еўропы і якасная праца». Маўляў, менавіта таму ўрад PiS скасаваў падатак на даход для моладзі ва ўзросце да 26 год. Абяцаў працягваць усе сацыяльныя праграмы, якія ў ягонай першай кадэнцыі запусціў урад PiS. Дарэчы акурат перад паездкай у Коньскае Дуда перадаў у парламент праект закону аб папраўках у Канстытуцыю. Гаворка ідзе пра канстытуцыйную забарону ўсынаўлення дзяцей гомасексуальнымі парамі (сёння гэтага і так не дазваляюць законы). Абяцаў таксама, што пакуль ён будзе прэзідэнтам, не пагодзіцца на легалізацыю эўтаназіі, супраць якой таксама выступае каталіцкі касцёл.

Анджэй Дуда у часе выбарчай агітацыі. Фота з ягонай сацсеткі

У сваю чаргу мэр Варшавы вельмі моцна «нападаў» на дзейнага прэзідэнта, маўляў той «выконвае загады» кіраўніка PiS Яраслава Качынскага (Jarosław Kaczyński). Абяцаў, што калі стане прэзідэнтам, і прыпыніць чалецтва ў партыі Грамадзянская Платформа (Platforma Obywatelska), будзе «прымаць рашэнні самастойна». Абяцаў таксама, што за кожнае народжанае дзіця маці атрымае дадаткова 200 злотых (каля 50 еўра) да пенсіі. Па вялікім рахунку Дуда і Тшаскоўскі пагадзіліся толькі ў адным, што датычыць замежнай палітыкі Польшчы. Абяцаюць надалей узмацняць супрацу Польшчы з Еўразвязам і ЗША, а таксам з НАТА.

Кандыдат Рафал Тшаскоўскі пад час агітацыі. Фота з ягонай сацсеткі

Выбары без дэбатаў апошні раз у Польшчы былі толькі ў 2000 годзе, калі Аляксандр Квасьнеўскі (Aleksander Kwaśniewski) перамог у першым туры. Гэта быў адзіны раз у гісторыі вольнай Польшчы, калі кандыдат перамог у першым туры. Але падчас першай перамогі ў 1995 годзе Квасьнеўскі дэбатаваў з легендай «Салідарнасці» дзейным прэзідэнтам Лехам Валэнсам (Lech Wałęsa). Падчас выбараў у 2005 дэбатавалі ўжо Лех Качынскі (Lech Kaczyński) і Дональд Туск (Donald Tusk). Перамог Качыньскі, які ў 2010 годзе загінуў пад Смаленскам. Адбыліся наступныя выбары, а перад другім турам брат загінулага прэзідэнта Яраслаў Качыньскі дэбатаваў з Браніславам Камароўскім. Перамог Камароўскі, які ў 2015 годзе прайграў Дудзе. Дарэчы тады, дэбаты Камароўскага і Дуды адбыліся, і палітычныя канкурэнты паціснулі рукі.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў