27 лютага польскія медыі паведамілі пра першы зарэгістраваны ў краіне выпадак заражэння каронавірусам. 25-гадовая дзяўчына нібыта прывезла «кітайскі вірус» з Тайланду. Міністэрства аховы здароўя зняпраўдзіла гэтую інфармацыю, але польскія ўлады ўсё роўна рыхтуюцца да вайны з COVID-19.
Дзяўчына, якая прыляцела з Тайланду (22 лютага) з высокай тэмпературай, цяпер знаходзіцца ў шпіталі ў горадзе Лодзь. Лекары кажуць, што яна ў парадку. А міністр аховы здароўя Лукаш Шумоўскі абяцае інфармаваць грамадства, калі каронавірус з’явіцца ў Польшчы.
Паводле віцэ-міністра аховы здароўя Польшчы Вальдэмара Краські, цяпер у польскіх шпіталях знаходзяцца 47 асобаў з падазрэннем на каронавірус. «Усе тэсты, а было іх больш за 350 паказалі адмоўны вынік», – заявіў прадстаўнік польскага Мінздароўя ў чацвер 27 лютага.
Чыноўнікі прызнаюць, што сітуацыя вельмі дынамічная і можа змяніцца літаральна цягам гадзіны.
Прэзідэнт Польшчы прапануе падрыхтавацца да ўспышкі каронавіруса.
«Я б хацеў, каб былі зробленыя захады па зменах у заканадаўстве, што дазволіць больш эфектыўна змагацца з каронавірусам», – цытуе Анджэя Дуду polskieradio24.pl.
2 сакавіка на прапанову кіраўніка Польшчы адбудзецца адмысловае паседжанне Сенату (ніжняя палата парламента) прысвечанае каронавірусу.
Каб крыху знізіць узровень страху і няўпэўненасці, польскае Мінздароўя арганізавала адмысловую інфалінію ў пытаннях каронавіруса.
«Калі пачалася ўся гэтая паніка вакол вірусу ў Італіі, людзі пачалі нам тэлефанаваць. Па некалькі дзясяткаў тэлефанаванняў штодня», – распавяла Belsat.eu у неафіцыйнай размове працаўніца аднаго са шпіталяў у Лодзі.
Тым часам польскае Міністэрства адукацыі заклікае дырэктараў школаў давесці вучням, што ад віруса іх можа ўратаваць звычайнае мыла.
Ведамства просіць бацькоў не адпускаць хворых дзяцей у школу, а таксама нагадвае настаўнікам, што з сімптомамі прастуды лепш застацца ўдома.
Заняткі ў школах пакуль адмяняць не збіраюцца, але некаторыя польскія ВНУ дазволілі сваім студэнтам легальна прапускаць два тыдні лекцыяў (лекары і навукоўцы мяркуюць, што інкубацыйны перыяд SARS-Cov-2 складае 14 дзён) заняткаў у выпадку наведвання краінаў з каронавірусам, напрыклад, Тайланду, Кітаю, Італіі.
Мінздароўя Польшчы ўсведамляе, што каронавірус у любым выпадку трапіць на тэрыторыю краіны. Аднак на адмысловай прэс-канферэнцыі кіраўнік Мінздароўя Польшчы Лукаш Шумоўскі супакойваў, што маштаб распаўсюду каронавіруса ды яго наступствы амаль не адрозніваюцца ад звычайнага грыпу.
COVID-19 – назва хваробы, якую выклікае вірус SARS-Cov-2. У медыях часцей за ўсё яго называюць «новым каронавірусам». Вірус небяспечны для людзей з аслабленым імунітэтам, захворваннямі дыхальнай сістэмы, цукровым дыябетам, а таксама для людзей ва ўзросце ад 60 да 80+ гадоў. Успышка COVID-19 пачалася ў сярэдзіне снежня 2019 года ў горадзе Ўу-Хань у цэнтральным Кітаі.
У вірусаў, як у раслін або жывёлін, ёсць розныя сямействы і віды. Каронавірусы – гэта сямейства з пэўнымі характарыстыкамі, якое аб’ядноўвае 40 відаў вірусаў, якія калісьці былі прычынаю эпідэміяў сярод людзей, прыводзяць да вострых рэспіратарных захворванняў, а таксама вірусы, на якія можа захварэць тузін розных відаў жывёлін (ад кажаноў і пацукоў да птушак).
ЮВ belsat.eu