Польшча прыпыніла транзіт расейскай нафты па нафтаправодзе «Дружба»


Польшча прыпыніла прыём расейскай нафты з-за яе кепскай якасці. Адпаведнае апавяшчэнне атрымала ААТ «Гомельтранснефть Дружба», паведамляе прэс-служба кампаніі.

Як паведаміў аператар польскага ўчастка трубаправода «Дружба» – кампанія PERN S.A., прыём нафты спынены з 22.00 па варшаўскім часе (23.00 паводле менскага часу) 24 красавіка.

«Па паведамленнях, якія атрымліваюцца ад нашых кліентаў, ніводзін з НПЗ, якія знаходзяцца на нафтаправодзе« Дружба », не можа прымаць на свае ўстаноўкі і перапрацоўваць нафту з такімі паказнікамі, з якімі яна ў цяперашні час пастаўляецца ў пункт прыёмкі паставак Адамава», – піша PERN.

У паведамленні таксама ўказваецца, што паказнік па масавай долі арганічных хларыдаў у ёй перавышае лімітавы нарматыў да 30 разоў і працяг паставак такой нафты «нараджае рызыку сур’ёзнай прамысловай аварыі, як для НПЗ, так і для лагістычнай сістэмы PERN».

Мазырскі НПЗ. Фота Viktor Drachev/TASS

Транзіт нафты ў напрамку Украіны для НПЗ Чэхіі, Славакіі і Вугоршчыну працягваецца. Некандыцыйная нафта паступіць на пункты здачы нафты ў Вугоршчыну і Славакію праз 4-5 дні, адзначае «Гомельтранснефть Дружба».

«Пакуль дакладнай ацэнкі стратаў беларускага боку не праводзілася, але, паводле папярэдніх звестак, лічбы вагаюцца ад некалькіх дзясяткаў мільёнаў долараў да сотняў мільёнаў. Больш дакладна прааналізаваць аб’ём стратаў дапаможа капітальны рамонт нафтаправодаў, запланаваны на жнівень-верасень гэтага году», – распавяла belsat.eu экспертка з пытанняў энергетыкі, нафтахімічнай прамысловасці і прыватызацыі Таццяна Манёнак.

Паводле яе словаў, страты нясуць абодва бакі – і расейскі, і беларускі. Акрамя таго, у цяперашняй сітуацыі, калі экспарт нафтапрадуктаў з Беларусі прыпынены, церпяць і контрагенты, з якімі былі заключаныя дамовы на гэтыя пастаўкі.

Нафтавы канфлікт Менску і Масквы распачаўся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка заявіў аб намеры спыніць транзіт расейская нафты праз рамонт нафтаправода «Дружба». Фота Viktor Drachev/TASS

«Упершыню па віне пастаўшчыка нафты нашыя НПЗ працуюць на палову загрузачных магутнасцяў: «Нафтан» згружаны на 50%, трошкі больш у Мазырскага НПЗ. Выпадак з трапляннем, наколькі мне вядома – мізэрнай колькасці хлорарганікі ў нафту – беспрэцэдэнтны. Беларусь, відавочна, разлічвае на кампенсацыю расейскага боку, але зрухаў у гэтым кірунку пакуль няма.

Разам з тым, абсурдным падаецца меркаванне, што мела месца мэтанакіраваная акцыя Расеі, бо, у першую чаргу, гэта сур’ёзны ўдар па іміджы расейскай нафты», – дадае Манёнак.

Hавiны
Менск прапанаваў Маскве рашэнне праблемы няякаснай нафты
2019.04.25 11:14

Расейскі эксперт: Версія аб «спланаванай акцыі» выключаная

Эканамічны аналітык, спецыяліст па нафтагазавым рынку Міхаіл Круціхін мяркуе, што сітуацыя з нафтай ніяк не звязаная з актуальнымі беларуска-расейскімі палітычнымі дачыненнямі.

«Я б выключыў версію аб наўмыснасці паставак няякаснай нафты, бо не магу сабе ўявіць, каб Расея сапсавала экспартную нафту, якая ідзе не толькі ў Беларусь, але і ў Польшчу, Нямеччыну, Славакію, Чэхію і Венгрыю. Гэта была тэхнічная праблема, якую прызнала «Транснафта» і якая будзе вырашаная», – кажа Круціхін у каментары belsat.eu

Паводле ягоных слоў, сёння цяжка сказаць, якая шкода была нанесеная беларускім НПЗ, бо дакладная канцэнтрацыя небяспечных рэчываў у нафце ды іншыя тэхнічныя дадзеныя беларускі бок не агучвае.

«Кажуць толькі, што лічба «у дзесяць разоў перавышае норму». Калі канцэнтрацыя насамрэч значная, давядзецца перакрываць трубаправод, выкачваць адтуль нафту, чысціць і потым аднаўляць паток – кошт такіх працаў вельмі высокі».

Хроніка нафтавага канфлікту

  • 19 красавіка канцэрн «Белнафтахім» заявіў пра «рэзкае пагаршэнне» расейскай нафты Urals, якая паступае транзітам праз нафтаправод «Дружба».
  • 22 красавіка на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе заявілі, што няякасная расейская сыравіна прывяла паломкі дарагога абсталявання.
  • 23 красавіка Беларусь прыпыніла экспарт светлых нафтапрадуктаў ва Украіну, Польшчу і краіны Балтыі, а ў «Белнафтахіме» заявілі, што расейская нафта з павышаным утрыманнем хлорарганічных злучэнняў пачала паступаць у Еўропу і Украіну.
  • 24 красавіка на «Нафтане» паведамілі, што па паўночнай галіне нафтаправода пачалася прапампоўка нафты, якая адпавядае тэхналагічным стандартам. На Мазырскім НПЗ сітуацыя застаецца ранейшай – нафта паступае з павышаным утрыманнем хлорарганікі.
  • 24 красавіка «Белнафтахім» паведаміў, што распрацавана схема выцяснення «бруднай» расейскай нафты з беларускага ўчастка нафтаправода «Дружба». Яе абʼёмы ўжо перавышаюць адзін мільён тон.
Hавiны
Супадзенне? Няякасная расейская нафта прыносіць страты Беларусі
2019.04.23 16:28

СК belsat.eu

Стужка навінаў