Польшча: пасля здзекаў і гвалту жанчына выскачыла ў вакно. Уся краіна вырашыла ёй дапамагчы


Грамадзянка Малдовы прыехала ў Польшчу на падпрацоўку, але сталася ахвяраю злачынцаў. Яе гісторыя ўскалыхнула цэлую краіну.

Прыехала «на клубніцы»

34-гадовая Святлана прыехала з Малдовы, каб зарабіць грошы на рамонт дому ды на ўтрыманне траіх дзяцей. Жанчына разлічвала ўладкавацца на збор клубніцаў. Але з працай нічога не выйшла: халоднае лета, малы ўраджай і як вынік – няма попыту на працоўныя рукі.

Святлана спадзявалася што знойдзе працу ў гандлі ў горадзе Гдыня.

Дапамогу ёй прапанавалі двое мужчынаў – паляк і ўкраінец. Яны дамовіліся, што Святлана будзе прыбіраць у кватэры ўзамен на магчымасць жыць у адным з пакояў. Жанчына не губляла надзеі на тое, што знойдзе працу.

Тое, што здарылася ў кватэры аднаго з мужчынаў, сталася сапраўдным пеклам.

Ратуючыся, выскачыла ў вакно

«Пацярпелая была шматкроць змушаная да палавых актаў, збітая. Усё гэта адзін з падазраваных запісваў на відэа смартфонам. Жанчына зрабіла спробу ўцячы, выскачыўшы праз вакно», – паведамляе прэс-служба мясцовай паліцыі.

Пакой, дзе ўтрымлівалі Святлану, знаходзіцца на 5 паверсе. Упаўшы на зямлю жанчына атрымала шматлікія пераломы і траўмы ўнутраных органаў. Мінакі выклікалі хуткую і паліцыю, пацярпелую завезлі ў шпіталь.

Дарагое і доўгае лекаванне

Жанчына трапіла ў спецыялізаваную клініку Артапедыі Гданьскага медычнага ўніверсітэту. Стан Святланы медыкі ацанілі як цяжкі. Пільна спатрэбілася складаная аперацыя. І яшчэ месяц жанчына знаходзілася ў коме.

Жанчына знаходзіцца ў шпіталі вось ужо паўтары месяцы.

Наперадзе яшчэ адна аперацыя, без якой няма надзеі на тое, што Святлана зможа хадзіць.

Пры гэтым у грамадзянкі Малдовы няма медычнай страхоўкі, а толькі тое лячэнне, што яна прайшла, уступна ацэньваюць на суму каля 100 тысячаў злотых (больш за 20 тыс еўраў). Такіх грошаў у Святланы і ейных сваякоў няма. А наперадзе – доўгі і дарагі курс рэабілітацыі.

Палякі распачалі збіраць грошы

Гісторыя Святланы, распаведзеная ў СМІ, сталася шокам для польскага грамадства. Гданьскія чыноўнікі пастанавілі абвесціць збор сродкаў, неабходных на лячэнне і рэабілітацыю. Тым часам адзін з прадстаўнікоў шпіталя прызнаўся, што ратуючы здароўе Святланы яны ведалі пра адсутнасць страхоўкі і не разлічвалі на тое, што медычныя паслугі хтосьці будзе аплочваць.

Абвешчаны збор сродкаў працягваўся цягам… трох дзён! За гэты час удалося сабраць 250 тысячаў злотых (амаль 60 тыс еўраў). Грошы ахвяравалі больш за 2,5 тысячы жыхароў Польшчы, паводле Гданьскай Фундацыі, якая адчыніла адмысловы рахунак, людзі ахвяравалі сумы ад 5 злотых (каля 1,5 еўраў) да 3 тысячаў (каля 700 еўраў). Уся сабраная сума будзе скіраваная на аплату медычных паслугаў, псіхалагічную дапамогу і дапамогу сямʼі Святланы.

Паліцыя шукае злачынцаў

Святлана выйшла з комы праз месяц пасля здарэння. Толькі тады яна змагла распавесці паліцыянтам, што адбылося. Праваахоўнікі затрымалі аднаго з падазраваных – грамадзяніна Польшчы, але ён не прызнаў віны. У вышук абвешчаны другі мужчына – грамадзянін Украіны.

Абодвум паводле польскіх законаў пагражае да 15 гадоў турмы.

МЛ, belsat.eu

Фота Renata Dąbrowska / Agencja Gazet

Стужка навінаў