Польшча накіруе чатыры гадавыя бюджэты Беларусі на барацьбу з вірусам

Каронавірус у Польшчы бліжэйшым часам праглыне 50 млрд долараў з бюджэту краіны. Дай Бог каб на гэтым скончылася.

Польскі ўрад прызначыў 212 млрд злотых (50 млрд долараў) на барацьбу не толькі з каронавірусам, але і яго эканамічнымі наступствамі. Ці гэта шмат? Гледзячы для каго. Гэта 8 % гадавога ВУП Польшчы і больш за 90 % гадавога ВУП Беларусі (у 2019 склала 59,9 млрд долараў). Гэта амаль палова гадавога бюджэту Польшчы, запланаванага на 2020 год у памеры 435 млрд злотых і больш за чатыры гадавыя бюджэты Беларусі (25 млрд рублёў даходу закладзена ў беларускі бюджэт-2020, альбо 11,3 млрд долараў). Дарэчы курсы бяру дакрызісныя, бо сітуацыя мяняецца кожны дзень. Долар у Польшчы ў пятніцу каштаваў ужо 4,24 злотых, а не 3,8 як яшчэ тыдзень таму. Беларускі рубель дарэчы таксама не стаіць на месцы, у пятніцу долар паводле Нацбанку быў 2,54 руб.

Санітарны кантроль на польска-літоўскай мяжы.
Фота: Michal Kosc / Forum

На што ж пойдуць мільярды?

Польскі ўрад абяцае 5 тыс. злотых таннага крэдыту (на 6 месяцаў) для дробных фірмаў, якія ўладкоўваюць не больш за 9 працаўнікоў, 2 тыс. злотых аднаразовай дапамогі для аднаасабовых ІП. Урад таксама абяцае пакрыць кошты 40 % заробкаў працаўнікоў вялікіх фірмаў. Пакуль гэта толькі прапановы і не вядома, як яны будуць аформленыя юрыдычна. Збірацца парламенту падчас эпідэміі было б вельмі рызыкоўна, таму хутчэй за ўсё мільярды пойдуць на падставе ўрадавага рашэння.

Падрабязнасці распавёў у сераду прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі, які прадставіў «антыкрызісны шчыт» варты 212 млрд злотых. З гэтых жа грошаў фінансавую падтрымку атрымае сістэма аховы здароў’я, ад працы якой залежыць сёння лёс цэлай краіны. Але ці гэтага хопіць?

Абноўлена
Каронавірус ў свеце і Беларусі. Галоўнае
2020.03.23 21:09

У першую чаргу ўсё залежыць ад фірмы. Сёння ўтрыманне аднаго працаўніка каштуе працадаўцу ў Польшчы мінімум 2600 злотых у месяц. Калі працаўнікоў 9, то адныя заробкі пацягнуць на больш за 23 тыс. злотых у месяц і гэта пад умовай, што ўсе працуюць на мінімальным заробку. Такія сітуацыі часта сустракаюцца ў гандлі і гастраноміі. Прадуктовыя крамы неяк перажывуць, а што з тысячамі працаўнікоў іншых крамаў, рэстаранаў, бараў, корчмаў, цырульняў якія сёння зачыненыя? У гэтай сітуацыі 5 тыс. злотых дзяржаўнага крэдыту можа не хапіць. Для індывідуальнага прадпрымальніка, які страціў даход, добра і 2 тыс. злотых у месяц, але дапамога аднаразовая і што рабіць далей? Добра, што дзяржава абяцае даплату да заробкаў буйных прадпрыемстваў, але пытанне ці гэтыя буйныя прадпрыемствы будуць увогуле працаваць. Не факт.

Hавiны
Афіцыйна: як замежнікі могуць застацца ў Польшчы легальна падчас эпідэміі
2020.03.19 11:06

Што чакае Польшчу?

У пятніцу Toyota прыпыніла працу дзявух фабрык у Ніжняй Сілезіі (Jelcz-Laskowice і Wałbrzych). Працуе там больш за 3 тыс. чалавек і прадпрыемства паведаміла, што пакуль працаўнікі будуць атрымліваць заробак. Усё будзе аднак залежыць ад таго, калі ўзновіцца прадукцыя, а яна не ўзновіцца пакуль не запрацуюць прадпрыемствы Toyota у той жа Францыі, бо прадпрыемствы залежныя адзін ад аднаго. У падобнай сітуацыі знаходзіцца шмат міжнародных карпарацыяў, якія маюць свае фабрыкі ў Польшчы. Сёння ніхто не ведае калі ізноў запрацуюць школы, універсітэты, дзіцячыя садкі, а нават органы мясцовай і дзяржаўнай адміністрацыі, якія ў шмат якіх рэгіёнах знаходзяцца на каранціне.

Hавiны
У МЗС Беларусі распавялі пра складанасці з вяртаннем беларусаў
2020.03.18 19:13

Варшава падрыхтавалася да найгоршага – масавых звальненняў альбо ў найлепшым выпадку памяншэння даходаў насельніцтва. Урад пераканаў банкі, якія пагадзіліся дазволіць кліентам прыпыніць выплаты па іпатэчным і іншым крэдытам на тры месяцы. Дзяржава даплоціць таксама бацькам, якія сёння і так атрымліваюць 500 злотых на адно дзіця ў месяц. Усе аднак лічаць, што эпідэмія ў краіне скончыцца праз месяц, альбо два. Міністр аховы здароў’я, які апошнімі днямі ў Польшчы стаўся ледзьве не нацыянальным героем, штодзень звяртаецца да грамадзянаў каб не выходзілі з кватэраў і дамоў без патрэбы і абмежавалі ўсе кантакты з іншымі. Толькі так можна перамагчы заразу, пра што сведчыць кітайскі досвед поўнай ізаляцыі насельніцтва. У іншым выпадку не толькі Польшча, але і ўвесь свет будзе выглядаць зусім інакш.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў