Польшча можа дэпартаваць у Расею намесніка старшыні УНА-УНСО


Ігар Мазур. Фота з «Фэйсбуку» Pavlo Nuss

Прадстаўнік офісу Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Андрэй Мамалыга паведаміў пра затрыманне ў Польшчы аднаго з лідараў палітычна-ваенізаванай арганізацыі Украінская нацыянальная асамблея – Украінская нацыяналістычная самаабарона (УНА-УНСО) Ігара Мазура.

Паводле Андрэя Мамалыгі, Ігара Мазура затрымалі на памежным пункце пропуску ў вёсцы Дарагуск.

«Да яго не пускаюць украінскага консула і не прадастаўляюць адваката. У панядзелак пытанне аб затрыманні Ігара з мэтай экстрадыцыі ў Расею было вырашана ў горадзе Хэлм», – дадаў Мамалыга.

Паводле «Інтэрфакс-Украіна», Мазура затрымалі на падставе запыту Расеі.

Ігар Мазур уступіў у УНА-УНСО ў 1992 годзе ўва ўзросце 19 гадоў.

Правёў тры года ў турме пасля бойкі з міліцыяй падчас акцыі «Украіна без Кучмы» у 2001 годзе.

Падчас Памаранчавай рэвалюцыі стаў адным з кіраўнікоў намётавага мястэчка.

Падчас «Еўрамайдану» – кіранік ваенізаванай арганізацыі «Правы сектар» па Кіеўскай вобласці і начальнік штабу 24-й сотні Самаабароны.

З траўня 2014-га – у зоне АТО.

З красавіка 2015 года – афіцэр Узброеных Сілаў Украіны. Пасля мабілізацыі ў лістападзе 2016-га стаў намеснікам кіраўніка УНА-УНСО.

У чэрвені 2017 года ўзначаліў грамадскую арганізацыю «Міжмор’е», якая садзейнічае супрацы дзяржаваў Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёна (Украіна, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Грузія).

ДД belsat.eu

Стужка навінаў