Польшча гатовая пастаўляць нафту ў Беларусь. PERN ужо шукае падрадчыка

Упаўнаважаны польскага ўраду ў справах стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі заявіў, што Польшча зацікаўленая ў транзіце нафты ў Беларусь праз сваю тэрыторыю, піша польскае выданне «Puls Biznesu».

«Па меры нашых магчымасцяў мы зацікаўленыя ў тым, каб дапамагчы Беларусі ў транзіце нафты, зразумела, калі з’явіцца такая неабходнасць», – сказаў Пётр Наімскі ў Вашынгтоне падчас сустрэчы з міністрам энергетыкі ЗША Дэнам Бруйетам.

Прадстаўнік польскага ўраду таксама нагадаў, што падчас нядаўняга візіту ў Беларусь дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа прапанаваў Беларусі пастаўкі амерыканскай нафты.

ЗША абяцаюць $ 1 млрд краінам Еўропы на падтрыманне іх энергетычнай незалежнасці

Паводле Пятра Наімскага, Варшава чакае адпаведных крокаў з боку афіцыйнага Менску.

«Калі беларусы набудуць нафту і яе трэба будзе даставіць на іхныя НПЗ, то мы гатовыя даць сваю транзітную інфраструктуру – спачатку ў тэставым рэжыме, а пазней для паставак у прамысловых аб’ёмах», – падкрэсліў упаўнаважаны польскага ўраду.

Варта адзначыць, што 27 лютага на сайце польскай кампаніі PERN з’явілася паведамленне аб планах транспартавання сырой нафты ва ўсходнім кірунку. Раней паведамлялася, што рэверсныя пастаўкі з Польшчы ў Беларусь магчымыя з тэхнічнага пункту гледжання.

«PERN вырашыла, што ўсходняя частка трубаправоду «Дружба» павінна мець магчымасць перапампоўваць сырую нафту з Полацку ў Адамава. Цяпер транспартаванне ідзе толькі ў зваротным кірунку. Мэта ў тым, каб павысіць гібкасць лагістычнай сеткі кампаніі і павысіць энергетычную бяспеку Польшчы. Кампанія ўжо пачала шукаць падрадчыка для гэтага праекту», – гаворыцца ў паведамленні.

З 1 студзеня 2020 года Расея спыніла падачу нафты для НПЗ Беларусі праз тое, што Масква і Менск не заключылі новых кантрактаў. Цяпер Менск шукае альтэрнатыўных пастаўшчыкоў нафты.

«Белнафтахім»: будзе пяць новых пастаўшчыкоў нафты

ЮВ belsat.eu

Hавiны