Польшча – Беларусь: дзе лепш быць настаўнікам?

Дасведчаны настаўнік у Беларусі зарабляе ў тры разы менш за польскага стажора

Пасля гучнай медыйнай гісторыі з «настаўніцаю з партай», філасафічных разважанняў Лукашэнкі пра сітуацыю ў беларускай сістэме адукацыі ды метады выхавання, я задаў сабе лагічнае пытанне: колькі ж зарабляюць настаўнікі ў Беларусі? Пачаў прыгадваць старых знаёмых, шукаць настаўнікаў – і знайшоў.

«Няма пра што гаварыць: 400 рублёў за месяц. Крыху менш зарабляе мая жонка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры», – кажа мне Алесь, знаёмы настаўнік гісторыі адной з сярэдніх школаў у Менскай вобласці. Працуе ў школе з канца 1990-х. Прозвішча знаёмы просіць не публікаваць. Прычына вельмі простая: «У мяне ж кантракт», – кажа.

Давайце праверым. Адкрываю першую-лепшую старонку з вакансіяў belmeta.com і бачу, што сярэдняя школа № 32 у Магілёве шукае настаўніка гісторыі ды прапануе 400 рублёў, маладзечанская гімназія № 7 прапануе настаўніку матэматыкі 500 рублёў, столькі ж прапануе сацыяльнаму педагогу сталічная сярэдняя школа № 218. Толькі адзінкавыя абʼявы абяцаюць 800–1000 рублёў (паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, настаўнік у сярэднім зарабляе 900 рублёў), у асноўным гаворка пра выкладчыкаў замежных моваў у сталічных школах і на паўтары стаўкі.

А колькі ў Польшчы?

Сярэдні заробак беларускага настаўніка амаль у тры разы менш за самага беднага польскага настаўніка-стажора. Усё вельмі проста. З наступнага года, згодна з пастановаю польскага ўраду, мінімальны заробак настаўніка не можа быць меншы за мінімальны заробак па краіне, а ён налета будзе складаць 2600 злотых (1430 рублёў). Пасля адлічэння падаткаў на рукі атрымліваецца прыблізна 1900 злотых (1050 рублёў).

Днямі пра гэта паведаміў міністр адукацыі Польшчы Дарʼюш Пёнткоўскі пасля двухгадзіннай сустрэчы з актывістамі настаўніцкіх прафсаюзных арганізацыяў. Пёнткоўскі падкрэсліў таксама, што мінімальны заробак атрымліваюць 19 тысяч настаўнікаў, а гэта толькі 3 % ад агульнай колькасці. Гаворка ў першую чаргу пра маладых настаўнікаў-стажораў, якія толькі пачынаюць працу з вучнямі. У наступным годзе заробкі польскіх настаўнікаў мусяць павялічыцца на 6 %. Частка прафсаюзаў не прымае пастановы ўладаў і дамагаецца павышэння заробкаў настаўнікам адразу на 1000 злотых.

Меркаванні
Польшча чакае беларускіх лекараў? Праўда і міфы
2019.11.02 14:09

Прафесійная сцежка настаўнікаў

Пра сярэднія заробкі настаўнікаў у Польшчы можна даведацца з адпаведнага закону, які называецца ў Польшчы «Карта настаўніка» (Karta nauczyciela). Сярэдні заробак настаўніка-стажора складае 3300 злотых (1800 рублёў), другі ўзровень – настаўнік-кантрактнік (nauczyciel kontraktowy), 3700 злотых (2000 рублёў), трэці – прызначаны настаўнік (nauczyciel mianowany, мінімум 5 гадоў працы ў школе і трэба прайсці адпаведную працэдуру павышэння кваліфікацыі), 4800 злотых (2630 рублёў), чацверты і найвышэйшы ўзровень – дыпламаваны настаўнік (nauczyciel dyplomowany, мінімум 8 гадоў стажу) – 6100 злотых (3350 рублёў). Калі настаўнік мае ступень доктара навук, ягоны кар’ерны рост адбываецца значна хутчэй. Вось так у Польшчы выглядае прафесійная сцежка настаўнікаў, ад якога наўпрост залежыць памер заробку.

Падчас пратэстаў настаўнікаў у Польшчы. Надпіс на ўваходзе ў школу: «Забастоўка. Пратэст». Варшава, 25 красавіка 2019 г. Фота Adam Chelstowski / Forum

Польскія настаўнікі ўмеюць пратэставаць і змагацца за свае правы. Гэта адна з самых актыўных групаў грамадства. У красавіку адбыўся самы буйны пратэст настаўнікаў у Польшчы з 1993 года. Паводле Прафзвязу настаўнікаў Польшчы (Związek Nauczycielstwa Polskiego, ZNP), у ім бралі ўдзел больш за 15 тысяч школаў (прыблізна 75 % усіх установаў сярэдняй адукацыі ў Польшчы). Тады амаль на кожнай школе можна было ўбачыць плакаты настаўнікаў, якія пратэстуюць. Тагачасная міністарка адукацыі Анна Залеўска ўжо як паўгода не на пасадзе, ейная адстаўка была адным з патрабаванняў пратэстоўцаў. Не ўсе патрабаванні выкананыя, але і прафсаюзы не спыняюцца. Ужо пачынаюць планаваць чарговыя пратэсты. Ці можна такое ўявіць у Беларусі?

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў