Польшча аштрафавала «Газпром» на $ 7,6 млрд за «Паўночную плынь – 2»

Польскае антыманапольнае ведамства наклала штраф на расейскую дзяржаўную газавую манаполію на больш як 29 мільярдаў злотых (каля $ 7,6 млрд) за будоўлю падводнага газаправоду «Паўночная плынь» без дазволу Варшавы.

«Газпром» абяцае падаць апеляцыю на польскае рашэнне, якое наносіць чарговы ўдар па планах Масквы забяспечыць сабе панаванне на еўрапейскім газавым рынку ды мець магчымасць больш актыўна ціснуць на такія краіны, як Беларусь і Украіна.

Што такое «Паўночная плынь – 2»?

«Паўночная плынь» – сістэма газаправодаў па дне Балтыйскага мора, якая ідзе з тэрыторыі Расеі да тэрыторыі Нямеччыны ў абыход Беларусі, Украіны, Латвіі, Літвы ды Эстоніі. «Паўночная плынь – 2» – гэта, спрошчана кажучы, другая труба сістэмы.

Мужчына праходзіць каля трубаў, якія прадугледжаныя для будаўніцтва газаправоду «Паўночная плынь 2». Фінляндыя, 8 чэрвеня 2017. Фота: AXEL SCHMIDT / Reuters / Forum

Першую трубу з магутнасцю транспартавання 55 мільярдаў кубаметраў за год праклалі ў 2012-м, другая мусіла б падвоіць гэтую магутнасць удвая. Спачатку яе планавалі запусціць у пачатку 2020 года, потым улетку, цяпер запуск адклалі на канец 2020 – пачатак 2021 года.

Кошт будоўлі «ПП-2» ацэньваюць на $ 11 млрд.

Чаму штраф?

«Паўночная плынь – 2», якая доўгі час карысталася падтрыманнем з боку Нямеччыны, ужо неаднаразова трапляла пад разнастайныя санкцыі, ад амерыканскіх да дацкіх, з розных прычынаў – і палітычных, і экалагічных.

Польскі антыманапольны рэгулятар, накладаючы штраф, заявіў: «запуск «ПП-2» будзе пагражаць стабільнасці паставак прыроднага газу ў Польшчу, таксама вельмі верагоднае павелічэнне кошту газу, за што давядзецца плаціць польскім спажыўцам».

Польшча лічыць, што «ПП-2» прывядзе да парушэння антыманапольнага заканадаўства Еўразвязу.

«Дабудова гэтага інвестыцыйнага праекту павялічвае эканамічную залежнасць ад расейскага газу – не толькі ў выпадку Польшчы, але таксама іншых еўрапейскіх краінаў», – сказаў кіраўнік установы Томаш Хрустны.

Цяпер будоўлю газаправоду спынілі праз амерыканскія санкцыі, на еўрапейскіх прыхільнікаў палітызаванага крамлёўскага праекту таксама ўплывае скандал з атручэннем расейскага палітыка Аляксея Навальнага.

Што тут важна для Беларусі?

Праз Беларусь праходзіць газаправод Ямал – Еўропа, прапускная здольнасць якога – прыблізна 33 млрд кубаметраў за год. Асноўны ж абʼём паставак газу з Расеі ў Еўропу ідзе праз Украіну: згодна з падпісаным кантрактам, сёлета «Газпром» заплаціць Кіеву за транзіт 65 млрд кубаметраў.

Такім чынам, будоўля новых газаправодаў у абыход Беларусі і Украіны падвышае магчымасць дыпламатычнага ды эканамічнага ціску Масквы на нас.

І наадварот: любыя праблемы «ПП-2» азначаюць, што эканамічная незалежнасць Беларусі ды Украіны ўмацоўваецца, а бюджэты краінаў атрымліваюць дадатковыя сотні мільёнаў долараў за транзіт.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Hавiны