Польшча анулюе Tax Free, калі часта вазіць праз мяжу аднолькавыя тавары


Жыхары Беларусі скардзяцца, што польскія мытнікі анулююць «ваты» – чэкі па сістэме Tax Free пры перавозе тавараў праз мяжу. На гэта звяртаюць увагу у прыватнасці берасцейцы ў тэлеграм-канале «Граница BY».

З праблемай часта апошнім часам сутыкаюцца тыя, хто перасякае мяжу праз КПП «Варшаўскі мост – Цярэспаль». Калі некалькі разоў на месяц чалавек перавозіць аднолькавыя тавары або шмат адначасова, гэта робіцца прычынай анулявання «ватаў», бо ў польскай мытні ўзнікае падазрэнне, што яны прызначаныя для продажу.

Польска-беларуская мяжа. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Разам з тым, у каментары людзі, якія гэтак робяць, сцвярджаюць: тавары яны перавозяць не для продажу, а для асабістага карыстання. Напрыклад, у жанчыны, якая везла 35 плітак шакаладу «на падарункі», Tax Free анулявалі.

Супрацоўнікі мытнай службы маюць доступ да базы, дзе відаць, калі афармляліся дакументы па вяртанні ПДВ апошні раз у канкрэтнага чалавека. І калі мытнік высвятляе, што гэтая асоба ў апошні час, перасякаючы мяжу, часта перавозіла тавар адной і той жа катэгорыі, то мае права ануляваць дакумент Tax Free. Напрыклад, гаворка ідзе пра выпадкі, калі на працягу 2 ці 3 месяцаў чалавек вёз 5 пральных машын (і афармляў вяртанне ПДВ на гэты тавар) або кожныя два дні правозіць па 20 кілаграмаў кавы і таксама афармляе вяртанне падатку.

Варта разумець, што Tax Free афармляецца тымі падарожнікамі, якія робяць пакупкі для асабістых мэтаў. А калі чалавек за непрацяглы перыяд часу вязе аднолькавы тавар, то ёсць вялікая верагоднасць, што ўсё гэта перавозіцца ў мэтах далейшага продажу. Таму супрацоўнік, прааналізаваўшы звесткі, мае поўнае права ануляваць дакумент Tax Free – і робіць гэта ў рамках дзеючага заканадаўства. Пры гэтым тавар не затрымліваецца, яго свабодна можна правозіць праз мяжу, – патлумачылаў каментары TUT.BY прэс-сакратар адміністрацыі падатковай службы Люблінскага мытна-падатковага кіравання Марта Шпакоўская.

КА belsat.eu

Стужка навінаў