Польшча абвінавачвае двух смаленскіх авіядыспетчараў у катастрофе прэзідэнцкага самалёта


Генеральная польская пракуратура абвінавачвае іх у «ненаўмысным давядзенні да авіякатастрофы», у выніку якой 10 красавіка 2010 года загінулі 96 асобаў, у тым ліку польскі прэзідэнт Лех Качыньскі, піша Wyborcza.

Вайсковая пракуратура, якая вядзе следства па факце катастрофы ў Смаленску, прадставіла сёння даклад па выніках працы 21 эксперта, якія вывучаюць прычыны катастрофы. Акрамя дыспетчараў, віна ўскладаецца таксама і на пілотаў Тупалева.

«Першы дыспетчар абвінавачваецца ў непасрэдным давядзенні да пагрозы катастрофы ў паветранай прасторы. Другому прадяўленыя абвінавачванні ў ненаўмысным давядзенні да авіяцыйнага здарэння. Мы маем намер заслухаць іх у якасці падазраваных…», – заявіў афіцыйны прадстаўнік галоўнай ваеннай пракуратуры Польшчы. Ім пагражае ад 6 да 8 гадоў турмы.

Сярод прычын авіякатастрофы называюцца і неадпаведныя атмасферным умовам паводзіны экіпажа самалёта. Следчыя звярнлуі ўвагу на недапушчальнае зніжэнне самалёта, якое і прывяло да трагедыі, а таксама занадта познюю спробу зайсці на другі круг.

Да гэтага часу абвінавачванне было прадяўлена толькі ў 2011 годзе двум афіцэрам, якія займаліся арганізацыяй палёту Ту-154 і падрыхтоўкай экіпажа самалёта. Ім пагражае да 3 гадоў турмы.

Следства па факце катастрофы самалёта польскага лідара павінна было скончыцца ў дзень 5 гадавіны трагедыі. Цяпер стала вядома, што ейны тэрмін падоўжылі да 10 кастрычніка 2015 года.

Самалёт Леха Качыньскага разбіўся пры заходзе на пасадку на аэрадром «Паўночны» 10 красавіка 2010 года. Польскія палітыкі ляцелі на жалобныя мерапрыемствы ў сувязі з 70-й гадавінай расстрэлу польскіх афіцэраў у Катыні.

ІЧ, ДР, belsat.eu

Стужка навінаў