Польша склікае надзвычайны саміт ЕЗ па Беларусі


Кіраўнік урада Польшчы Матэвуш Маравецкі прапанаваў правесці надзвычайны саміт ЕЗ з нагоды брутальных затрыманняў і ўжывання сілы праваахоўнікамі падчас мірных пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Ён звярнуўся з такой прапановай да старшыні Савету ЕЗ Шарля Мішэля і кіраўніка Еўракамісіі Урсулі фон дэр Ляен.

«Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ўлада ўжыла сілу супраць сваіх грамадзянаў, якія патрабуюць пераменаў у краіне. Мы павінны салідарна падтрымаць беларусаў у іх імкненні да свабоды», – гаворыцца ў паведамленні канцылярыі польскага прэм’ера. У заяве адзначаецца, што «Польшча нясе адказнасць за сваіх бліжэйшых суседзяў».

Да ўладаў Беларусі звярнуліся прэзідэнты Польшчы і Літвы Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа.

«Мы заклікаем беларускія ўлады да выканання дэмакратычных стандартаў. Мы заклікаем устрымацца ад гвалту і паважаць асноўныя свабоды, правы чалавека і грамадзяніна», – гаворыцца ў сумеснай заяве прэзідэнтаў.

Лідары дзвюх краінаў падкрэслілі, што ставяцца да суверэнітэту і незалежнасці Беларусі з найвышэйшай павагай і спадзяюцца, што будуць створаныя ўмовы для паглыблення супрацы з грамадствам і дзяржаўнымі інстытутамі Беларусі.

«Мы хочам, каб дзверы для супрацы заставаліся адкрытымі, і мы застаемся ў гатовасці працягваць падтрымліваць Беларусь на шляху да паглыблення стасункаў з адзінай еўрапейскай сям’ёй», – гаворыцца ў заяве.

Выбары прэзідэнта Беларусі адбыліся 9 жніўня. Паводле папярэдніх дадзеных, Аляксандр Лукашэнка набраў 80,23%. Ягоная галоўная канкурэнтка Святлана Ціханоўская – набрала 9,9%. Яна не прызнае вынікі выбараў. Пасля заканчэння галасавання на вуліцы 33 беларускіх гарадоў выйшлі людзі, каб выказаць абурэнне фальсіфікацыямі. Дэманстрантаў брутальна разагналі сілавікі, была ўжытая спецтэхніка. Праваабаронцы паведамляюць як мінімум пра аднаго загінула, МУС Беларусі гэту інфармацыю зняпраўджвае. Распачатыя крымінальныя справы па факце масавых беспарадкаў і гвалту супраць міліцыі. Удзельнікам пратэстаў пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

belsat.eu

Стужка навінаў