Полацкі актывіст не даехаў да Берасця на мітынг, яго затрымалі міліцыянты


Атрымала працяг гісторыя з таямнічым знікненнем полацкага актывіста і блогера Алеся Круткіна, пра якую паведамлялі праваабаронцы «Вясны». Круткін, які актыўна заклікаў менчукоў на малебен у абарону Курапатаў 15 красавіка каля рэзідэнцыі кіраўніка краіны, раптоўна на некалькі дзён знік. На сувязь з сябрамі ён не выходзіў, на паведамленні не адказваў.

Сам Круткін, кажа, што ён проста «сышоў на 6 дзён у падполле», бо баяўся затрымання за заклікі да правядзення акцыі ў Менску.

А 20 красавіка актывіст вырашыў выехаць у Берасце, каб далучыцца да нядзельнага мітынгу праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу.

Але даехаць не атрымалася.

«У суботу, 20.04., спрабаваў выехаць аўтаспынам на мітынг у Берасце, але затрымалі на шашы пад Полацкам… Адабралі тэлефон і завезлі ў Полацкі РАУС. Потым сядзеў 2 сутак у камеры, а 22 красавіка ў судзе мне прысудзілі 15 базавых па артыкулу 23.34 КаАП (частка 2). Два маіх мабільных тэлефоны арыштавалі да выплаты штрафу», – напісаў Алесь Круткін у сваім Фэйсбуку.

Круткін таксама паведамляе, што ў камеру ІЧУ, дзе яго ўтрымлівалі, прыходзіў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Віцебскага аблвыканкаму падпалкоўнік Вячаслаў Пяткун, а праз нейкі час і начальнік Полацкага РАУС палкоўнік Леў Казарян, які настойліва прасіў яго «не муціць ваду ў яго на раёне».

Hавiны
Затрыманне Мазька – правакацыя ўладаў, лічаць родныя актывіста
2019.04.04 09:14

СК belsat.eu

Стужка навінаў