«Почта России» пачала прадаваць піва ў аддзяленнях. А «Белпошта» будзе?


Продажам піва пошта занялася ў межах барацьбы з няякасным алкаголем і сурагатамі.

Паводле прэс-службы кампаніі, штогод больш за 1200 чалавек становяцца ахвярамі няякаснага алкаголю і яго сурагатаў. «Пошта Расеі» будзе прадаваць «якасную, сертыфікаваную алкагольную прадукцыю».

Піва ўжо з’явілася ў 3200 паштовых аддзяленнях у 41 філіяле. У асноўным гэта сельскія аддзяленні паштовай сувязі.

На фатаграфіях з сацыяльных сетак бачна, што піва выстаўлена на стойку, за якой прадаюць канверты, календары ды газеты.

Фота VK

Аднак не ўсіх цешыць алкаголь у паштовым аддзяленні.

«Прыходжу забраць свае пасылкі, разлічваю атрымаць ад пошты хуткую выдачу. У выніку працуе адна каса, дзе да таго ж ідзе ўжо доўгая кансультацыя наконт пасцельнай бялізны – каляровай гамы і матэрыялу вырабу. Мяркуючы па новай пазіцыі продажу, хутка пабачым там яшчэ алкашоў з бліжэйшых дамоў. А яны могуць значна зацягнуць чаргу», – піша жыхар Мурманску ў сацсетках.

«Белпошта» да продажу алкаголю не апусціцца, заверылі belsat.eu у адным са сталічных аддзяленняў.

«Піва і пошта: дзе вы такое бачылі? Не, у нас такога не будзе», – адказалі нам.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў