«Побыт у сярэднявеччы». Журналіста хочуць пакараць за сюжэт пра тое, як у Барысаве жывуць без вады і каналізацыі


За сюжэт двухмесячнае даўніны пра жыццё ў барысаўскіх бараках Вітаўта Сіўчыка выклікаюць у суд.

Суд Барысаўскага раёну паведаміў кіраўніцтву нашага каналу аб разглядзе раніцай 18 красавіка справы аб адміністратыўным правапарушэнні паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП у дачыненні да Вітаўта Сіўчыка.

Адначасова з гэтым паведамленне аб складзеным на Вітаўта пратаколе аб адміністратыўным правапарушэнні атрымалі бацькі Вітаўта, з якімі журналіст даўно не жыве разам і нават не прапісаны ў іхнай кватэры.

Завочны пратакол

Згодна з дакументам, Вітаўт Сіўчык парушыў закон, зняўшы для «Белсату» сюжэт «Жыццё без ваннай і прыбіральні» пра барысаўскія баракі, дзе людзі гадамі жывуць у сярэднявечных умовах.

У пратаколе гаворыцца, між іншага, што журналіст адмовіўся яго падпісваць. Зрабіць гэтага Сіўчык, сапраўды, не мог: 11 красавіка ён быў за мяжой.

Улічваючы, што звесткі ў пратаколе не адпавядаюць рэчаіснасці, Сіўчык рыхтуе скаргу ў суд.

«Расцэньваю гэтыя дзеянні міліцыі, як прафесійную непрыдатнасць. У цэлым, адміністрацыйная справа – гэта нішто іншае, як помста за праўду, агучаную на нашым тэлеканале. Улады, замест таго каб вырашаць праблемы грамадзянаў, на чые грошы яны і ўтрымоўваюцца, займаюцца змаганнем з журналістамі», – каментуе справу Вітаўт Сіўчык.

Пратакол на Вітаўта Сіўчыка склаў старэйшы інспектар па забеспячэнні аховы грамадскага парадку Барысаўскага РАУС, маёр міліцыі Сяргей Якімовіч – той самы, што пазалетась (праўда тады яшчэ ў званні капітана міліцыі) затрымаў журналістку «Белсату» Вольгу Чайчыц.

  • Толькі за гэты год суды разгледзелі 28 адміністратыўных справаў у дачыненні да незалежных журналістаў, у тым ліку фрылансэраў, якія рабілі сюжэты для нашага тэлеканалу. Агульная колькасць штрафаў па іх склала Br 24 225.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў