«Плюсы будуць пры любым рашэнні». Хакейныя фанаты – пра тое, ці трэба пераносіць ЧС па хакеі


Жарсці вакол чэмпіянату свету па хакеі не сціхаюць. «Белсат» папрасіў выказаць сваё меркаванне, што рабіць з ЧС, спартовых заўзятараў – тых, для каго хакей – сапраўдная асалода.

Дзмітрый Расіцкі, 24 гады, фанат менскага «Дынама»

Дзмітрый Расіцкі. Крыніца: hcdinamo.by

За «Дынама» Дзмітрый заўзее ўжо амаль 12 гадоў. Ён узначальвае фан-клуб ByZone, які ў жніўні абвесціў байкот матчаў «зубраў». Да гэтага сезону хлопец хадзіў на большасць хатніх гульняў, акрамя таго, у яго 28 выправаў на сустрэчы з іншымі клубамі КХЛ.

«Я лічу, што беларускі пратэст скарыстаецца любым рашэннем. Таму да абодвух варыянтаў стаўлюся аднолькава. Калі чэмпіянат пройдзе ў Менску, то ўвага ўсяго свету будзе засяроджана на нашых падзеях.

Большасць хакеістаў «Дынама» на гэтую тэму размаўляць не хоча. Але ведаю, што некаторыя вельмі хвалююцца наконт фанатаў (мы ж таксама знаходзімся ў віры падзей) і іншых беларусаў. Некалькі чалавек адмовіліся падпісваць праўладны ліст спартоўцаў. Ціск на іх аказваўся – мяркую, ён працягваецца і цяпер».

Сам Дзмітрый апошні раз наведаў «Менск-Арэну» ў лістападзе, калі знайшоўся дармовы квіток. Купляць іх ён цяпер прынцыпова не жадае, каб не спансаваць «Дынама» і звязаныя з ім дзяржструктуры.

Артур Старавойтаў, 28 гадоў, заўзятар «Гомеля»

Фанаты «Гомеля». Крыніца: hcgomel.com

Матчы «Гомеля» Артур наведвае ўжо 17 гадоў. З 2009-га ездзіць за камандай на выправы. Хлопца можна сустрэць на трыбунах і цяпер, але ад актыўнай падтрымкі ён адмовіўся: штуршком стаў ціск з боку кіраўніцтва клуба і гораду на хакеістаў і трэнераў, каб тыя падпісалі праўладны ліст спартоўцаў.

Меркаванне заўзятара наконт чэмпіянату свету адназначнае: праводзіць яго цяпер небяспечна.

«У такой абстаноўцы не атрымаецца свята, а ладзяць турнір менавіта дзеля яго. Замежнікі, якія прыедуць да нас, маюць адчуваць сябе ў бяспецы і разумець, што тутэйшыя людзі таксама жывуць у ёй і ўпэўненыя: іх не затрымаюць за ліхтарыкі. А калі хтосьці прыедзе, і яго забяруць – такая сабе асалода. Што гэта за чэмпіянат атрымліваецца?

Сілавікі могуць адкруціць гайкі на час турніру? А які сэнс? Каб стварыць бачнасць добрага настрою, а пасля пайсці біць усіх палкамі? Мы тры тыдні трывалі – цяпер усё па-ранейшаму. Так гэта будзе выглядаць?»

Ганна Корзун, 27 гадоў, фанатка «Шахцёра»

Ганна Корзун. Крыніца: асабісты архіў дзяўчыны.

За «Шахцёр» Ганна заўзее ўжо шэсць гадоў. Апошнія паўтары займае пасаду намесніка кіраўніка фан-клуба. Дзяўчына амаль не прапускае матчы і часцей не проста вабіць, а займаецца іх арганізацыяй. Пасля жнівеньскіх падзей арганізаваны рух у Салігорску на паўзе: хто хоча, наведвае гульні, аднак адзінага фан-сектара няма.

Пазіцыя наконт пераносу чэмпіянату ў заўзятаркі неадназначная: дэмакратычныя сілы таксама могуць атрымаць пэўны плён ад яго правядзення.

«З аднаго боку, праводзіць турнір глупа і немагчыма. Але пры гэтым я разумею, што замежныя фанаты могуць патрапіць у замес, якія апошнім часам, на жаль, здараюцца ў нас часта. Можа, тады да сусветнай супольнасці дайшло б: у нас дзіка, у нас страшна, у нас непрымальна. Плюсы будуць пры любым рашэнні».

Хакеісты «Шахцёра» амаль у поўным складзе падпісалі праўладны ліст спартоўцаў, але толькі пасля трэцяй настойлівай просьбы. У размовах з заўзятарамі яны намагаюцца абыходзіць палітыку. Са жніўня на лаўцы каманды падчас гульняў вісіць чырвона-зялёны сцяг. І ён ужо паспеў нарадзіць гісторыю, якая павесяліла салігорскіх фанатаў.

«У нас горад маленькі, таму сустрэць знаёмых можна лёгка, – распавядае Ганна. – Аднойчы наш фанат сустрэў у краме абаронцу Іллю Казнадзея, які ў той час якраз выконваў функцыі капітана каманды. Хлопец толькі падышоў, а хакеіст, яшчэ не паспеўшы павітацца, кажа: «Толькі з нагоды сцяга са мной не размаўляй».

Cаму Ганну затрыманні летась абмінулі, аднак без сустрэчаў з сілавікамі не абышлося. Выкладчыца ў мінулым, яна ў Дзень настаўніка выйшла пашпацыраваць у гарадскім парку. Міліцыі там было багата. Дзяўчына зняла некалькі сторыс – і раптам да яе падбеглі міліцыянты. Заўзятарку ледзь не затрымалі, але ў выніку адпусцілі і на развітанне папрасілі «не скідваць гэтыя відэа ўсялякім Нехтам за грошы».

«Тады я пажартавала: «А дзе гэтыя касы? Я б хоць зарабіла». Міліцыянт пасмяяўся, павіншаваў са святам – і мы разышліся. А пасля я ўбачыла яго фоты ў гарадскім пабліку. Пад допісам напісала, што ўсмешлівы хлопец, павіншаваў мяне. Праз гэты каментар да мяне прыязджаў, калі не памыляюся, падпалкоўнік з Менску.

Паразмаўлялі каля гадзіны. Ён пагадзіўся, што нічога абразлівага ў каментары няма, спытаў, ці не хачу да іх у органы. Я кажу: «Не, дзякуй: мне мае органы даражэйшыя».

Цяпер Ганна праходзіць сведкай па крымінальнай справе ў дачыненні да маладога чалавека, які пакінуў абразлівы каментар пад гэтым допісам.

Сяргей, фанат «Нёману»

Гульня «Нёману». Крыніца: vk.com/hcneman

Упершыню матч гарадзенскага «Прагрэса» (папярэдняя назва «Нёману») Сяргей наведаў 30 гадоў таму і дагэтуль заўзее за каманду. Мужчына хадзіў не толькі на хатнія гульні – на яго рахунку 162 выправы ў іншыя гарады. Традыцыя прыпынілася ў гэтым сезоне: летась, 12 жніўня, фанаты гарадзенцаў амаль адзінагалосна вырашылі часова адмовіцца ад сектара.

Магчымы перанос чэмпіянату заўзятар лічыць слушным крокам.

«Усім вядома, што чэмпіянат свету – свята для заўзятараў, тым больш на Радзіме. Аднак мы не разумеем, як можна нешта святкаваць, на вуліцах кожнага гораду краіны адбываецца збіццё звычайных людзей, калі ў дзяржаве найглыбокі эканамічны і палітычны крызіс, не лепшая эпідэміялагічная сітуацыя. У першую чаргу, мы грамадзяне сваёй любімай Беларусі, а ўжо пасля хакейныя фанаты. Якое можа быць свята, калі ўсё гэта адбываецца ў нашай шматпакутнай рэспубліцы?

Што тычыцца хакеістаў, то кожны з іх марыць выступаць за зборную сваёй краіны і на хатніх турнірах, і за мяжой. Ведаю, што ў «Нёмане» ёсць гульцы, якія, як і шмат простых людзей, не жадаюць чэмпіянату там, дзе трэба вырашаць зусім іншыя пытанні, а не ганяць шайбу клюшкай і пры гэтым пляскаць у далоні са спакойнымі тварамі».

Андрэй, заўзятар менскага «Дынама»

Фанаты менскага «Дынама». Крыніца: hcdinamo.by

Андрэй (імя змененае) больш за 10 гадоў заўзее за менскае «Дынама». Летась яго затрымлівалі па артыкуле 23.34, таксама ён праходзіць падазраваным паводле крымінальнай справы.

«У гэтым сезоне я не хаджу на матчы каманды, – распавядае заўзятар. – Я падтрымліваю пазіцыю фанатаў, якія яшчэ ў жніўні абвесцілі байкот. Ведаю сваіх сяброў і знаёмых, што працягваюць наведваць гульні і не асуджаю іх, але сам толькі гляджу трансляцыі і сачу за навінамі пра клуб».

Хлопец падтрымлівае перанос ці адмену ЧС, аднак разумее і людзей з іншымі меркаваннямі.

«Нават калі не браць сітуацыю з COVID-19, праводзіць чэмпіянат у Менску складана. 178 палітвязняў, содні па адміністрацыйных артыкулах 23.34 і 23.4 прайшлі тысячы беларусаў, – усё гэта не дазваляе пакідаць турнір у нас. Але гэта адзін бок медаля. З другога, правядзенне спаборніцтваў дазволіла б пратэстоўцам адчуваць сябе больш вольна, часцей выходзіць і ў чарговы раз нагадаць свету пра беларусаў. Ёсць людзі, якія топяць за ЧС толькі з гэтай прычыны. І я іх разумею. Аднак чэмпіянат свету – жаданне не беларускага народа, а аднаго яго прадстаўніка. Адабраць цацку ў віноўніка ўсёй гэтай сітуацыі – гэта адэкватна.

Чэмпіянат свету – 2014 атрымаўся файны. Два тыдні ў Беларусі панавала атмасфера свабоды, якой мы не бачылі даўно. Я спадзяюся, хутка пабачым».

Іван, 21 год, фанат менскага «Дынама»

За хакейнае «Дынама» Іван заўзее ўжо больш за 10 гадоў. Раней ён наведваў амаль усе хатнія матчы каманды, хадзіў на фанацкі сектар. Аднак у гэтым сезоне хлопец завітаў усяго на некалькі гульняў: пайсці на такі крок вымусіла пазіцыя кіраўніцтва клуба, якое падтрымлівае кіруючыя эліты.

Да пераносу ЧС заўзятар не ставіцца адназначна.

«Калі нават адкінуць палітыку, то ў час пандэміі такія турніры праводзяць без гледачоў, а хакеісты жывуць у ізаляцыі, у так званых «бурбалках». Гэта страта вялікай колькасці грошай. Да таго ж, праз палітычную сітуацыю ладзіць нейкі буйны форум у Беларусі зараз не мае сэнсу.

Аднак ёсць і іншы бок медаля. Чэмпіянат свету можа яскрава прадэманстраваць, што адбываецца ў краіне. Людзі не перастануць пратэставаць і выходзіць. Калі сітуацыя з каронавірусам будзе лепшай і турнір правядуць з гледачамі, замежнікі на ўласныя вочы ўбачаць усе падзеі.

Да таго ж, замежныя госці ўсталююць кантакты з беларусамі. Таму калі ўлада памякчэе на час турніру, а пасля вернецца на стары шлях, увесь свет гэта ўбачыць, у тым ліку і IIHF».

Янка Падняпроўскі, belsat.eu

Стужка навінаў