Пляменніка Дзмітрыя Кісялёва ў Нямеччыне асудзілі да турмы за рыхтаванне да ўдзелу ў вайне на Данбасе


Суд у Мюнхене асудзіў Сяргея Кісялёва – пляменніка тэлевядоўцы Дзмітрыя Кісялёва – да двух гадоў і трох месяцаў пазбаўлення волі за рыхтаванне да ўдзелу ў баявых дзеяннях на Данбасе. Пра вердыкт суда паведаміў тэлеканал RTVi.

Сяргея Кісялёва абвінавачвалі ў падрыхтоўцы цяжкага злачынства, якое пагражае дзяржаўнай бяспецы, а таксама ў парушэнні закону аб захоўванні зброі. Гэтыя артыкулы прадугледжваюць да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле версіі следства, Кісялёў у жніўні 2014 года прайшоў баявую падрыхтоўку ў лагеры пад Санкт-Пецярбургам. Мужчына часткова прызнаў сваю віну. Абарона настойвала на тым, што няма ніводнага здымку з Пецярбургу, на якім быў бы Кісялёў, які праходзіць вайсковую падрыхтоўку са зброяй у руках. Мужчына на заяўленых фотаздымках, піша RTVi, пазіруе з іншымі ўдзельнікамі лагеру і атрымлівае медаль «Імперскага легіёну».

Сяргей Кісялёў справа. Фота з прыватнай старонкі Сяргея Кісялёва ў сацсетках

Праверку ў дачыненні да Кісялёва пачалі ў 2015 годзе пасля ананімнага паведамлення ў пракуратуру. Падставай для таго, каб распачаць справу, аднак, стала інтэрв’ю яго дзядзькі – Дзмітрыя Кісялёва, якое той даў вясной 2016 года.

Тэлевядоўца Дзмітрый Кісялёў. Фота – скрыншот праграмы «Вести недели»

«Добраахвотнікі з розных краінаў свету – як з Захаду, так і з Усходу. Мы іх паказвалі. Там у мяне, напрыклад, ваяваў пляменнік мой, ён жыве ў Нямеччыне, у яго нямецкі пашпарт. Ён паехаў ваяваць туды. У Горлаўку ці кудысьці… Ён мне нават паказваў здымкі. Я даведаўся пра гэта, калі ён вярнуўся адтуль. Ён ваяваў з верасня да снежня, нават быў замкам узводу», – падзяліўся Дзмітрый Кісялёў з журналістамі, назваўшы імя пляменніка.

Інтэрв’ю выклікала цікавасць Федэральнага ведамства крымінальнай паліцыі пры консульстве ФРГ у Кіеве. А правяранне і прывяло да суда над Сяргеем Кісялёвым.

Калі Сяргея Кісялёва абвінавацяць непасрэдна ва ўдзеле ў баявых дзеяннях, то ягоную справу будзе весці федэральная пракуратура.

Сяргей Кісялёў – праваслаўны святар, у Нямеччыну ён пераехаў у 1996 годзе і служыў у Інгальштаце і Зальцбургу.

MM/ТП, belsat.eu

Стужка навінаў