Пляменнік расейскага прапагандыста Кісялёва жыве ў Нямеччыне, але ваяваў за ДНР


Расейскі прапагандыст Дзмітрый Кісялёў распавёў у Менску пра свайго пляменніка, які мае нямецкі пашпарт, але са зброяй у руках падтрымліваў ДНР.

Міжнароднае інфармацыйнае агенцтва «Russia Today» адкрыла 7 красавіка ў Менску мультымедыйны прэс-цэнтр пад брэндам свайго даччынага праекту «Sputnik». Прэс-цэнтр размясціўся ў Доме Масквы на вуліцы Камуністычнай.

Ва ўрачыстай цырымоніі ўзялі ўдзел генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва «Russia Today» Дзмітрый Кісялёў, міністр інфармацыі Беларусі ЛіліяАнаніч і пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

Адказваючы на пытанні журналістаў, расейскі прапагандыст Дзмітрый Кісялёў пракаментаваў баявыя дзеянні ва Украіне: «Там працуюць добраахвотнікі з розных краін свету, мы іх паказвалі. Там, напрыклад, ваяваў мой пляменнік. Ён жыве ў Нямеччыне, у яго нямецкі пашпарт. Ён з нямецкім пашпартам паехаў ваяваць туды. У Горлаўцы альбо дзесьці, ён мне паказваў фатаграфіі. Я даведаўся пра гэта, калі ён вярнуўся адтуль. Ваяваў з верасня па снежань. Нават быў намеснікам камандзіра ўзводу. Я кажу: «А чаго ты туды паехаў, Сярожа?» Ён – Сярожа Кісялёў, сын майго старэйшага брата. Я кажу: «Чаго ты паехаў?» Ён адказвае: «Я расеец, я і паехаў».

Улады Латвіі назвалі латвійскую версію сайту «Sputnik» рупарам Крамля і выказаліся за яго забарону. У той жа дзень сайт перанёсся на іншую дамену.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў