Плоскаступнёвасць і касавокасць не будуць перашкодаю для прызываў у армію


Лукашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Савету бяспекі адзначыў, што за апошнія дзесяць гадоў колькасць прызыўнікоў скарацілася амаль удвая. У войску не хапае прызыўнікоў, таму кіраўнік краіны заклікаў развязаць праблему.

Дэмаграфічны крызіс, наяўнасць вялікай колькасці прызыўнікоў са слабым здароўем – аб’ектыўныя праблемы. Загадам развязаць гэтыя праблемы і недахоп прызыўнікоў – немагчыма. Таму прыйдзецца нечым ахвяраваць, лічыць вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін. Акрамя таго, вырасла пакаленне, якое не разумее каштоўнасці службы ў войску і якое не жадае служыць.

«Цяпер прызыўнікам будзе складаней дабіцца адтэрміновак. Будуць адразу ж прызываць тых, хто навучаўся ў ВНУ, дзе не было вайсковых кафедраў. Не дадуць працягнуць сваю працоўную ці навуковую дзейнасць. Мяркую, што скароціцца спіс хваробаў, паводле якіх раней не бралі ў войска. Лукашэнка ж адзначыў, што плоскаступнёвасць – гэта не хвароба. Я думаю, што касавокасць – таксама не хвароба. Мне падаецца, што гэтыя два пункты, на ягоны загад, будуць выдаленыя са спісаў хваробаў, паводле якіх прызыўнікі прызнаваліся нягоднымі да службы», – адзначыў для «Белсату» Аляксандр Алесін.

Лукашэнка падчас нарады сапраўды раскрытыкаваў ранейшыя падыходы, асабліва што датычыць плоскаступнёвасці.

«Калі чалавек не можа выконваць свайго вайсковага абавязку, ні ў якім разе яго не трэба прызываць у войска. Мы падумаем, як навучыць яго карыстацца зброяй і ўмець абараняць сваю сям’ю ў цяжкай сітуацыі. Але ёсць сітуацыя, і пра гэта шмат хто кажа, што з нейкіх надуманых медычных прычынаў кшталту плоскаступнёвасці мы не прызываем у войска прызыўнікоў. Ёсць і шмат іншых выдуманых паказанняў, паводле якіх мужык не павінен служыць у войску. Трэба разабрацца», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сітуацыя выклікае заклапочанасць, лічыць Аляксандр Алесін. Вайсковы аглядальнік мяркуе, што будуць прызываць асобаў з горшым станам здароўя. Праўда, не ўсе будуць вучыцца ваяваць, хадзіць у палявыя зборы і гэтак далей. Хлопцы будуць аператарамі, сядзець у камандных пунктах і кіраваць беспілотнікамі. Але выйсце ўсё ж – у іншым.

«Неабходна некаторае скарачэнне арміі. Экс-міністр абароны Павел Казлоўскі казаў, што 35–40 тысяч вайскоўцаў для нашай краіны было б дастаткова. На здавальняючым узроўні мы маглі б утрымліваць такую колькасць і забяспечыць. Але тут палітыка, жаданне Лукашэнкі падчас перамоваў з суседнімі кіраўнікамі прадэманстраваць вялікі кулак. І гэта прымушае кіраўніка краіны трымаць вялікае войска і трымаць курс на вялікую ў колькасці армію. Вядома, гэта будзе адлюстроўвацца на якасці. Яшчэ адна крыніца: варта паглядзець на загружанасць вайскоўцаў. Наколькі эфектыўна яны займаюцца вайсковай баявой падрыхтоўкай, а не гаспадарчымі ці іншымі пытаннямі», – кажа Аляксандр Алесін.

Hавiны
У беларускім войску няма каму служыць
2019.02.26 10:36

СК, belsat.eu

Стужка навінаў