«Як габрэі ў 1943-м». Закладнікі плошчы Пераменаў пра аблогу двара, дзе жыў Раман Бандарэнка


15 лістапада стаў днём сумнага рэкорду затрыманняў у Беларусі. Але ў той дзень зняволеных магло быць яшчэ больш, каб не жыхары дамоў двара плошчы Пераменаў. Мясцовыя адкрывалі пад’езды і пускалі ў свае кватэры дзясяткі незнаёмцаў, якія прыйшлі ўшанаваць памяць Рамана Бандарэнкі.

Нягледзячы на начныя рэйды, пагрозы і распілоўванне дзвярэй у жылым комплексе пазбегнуць турмы і штрафаў удалося сотням менчукоў. 16 лістапада а 9-й раніцы большасць з іх змагла пакінуць схованкі. Мы паразмаўлялі з тымі, хто трапіў у аблогу карнікаў і хаваўся ад гвалту ў цемры, нерухомасці ды жаху быць схопленым.

Імаверна супрацоўнікі ГУБАЗіК дзяжураць на лесвічных клетках у дамах каля плошчы Перамен.
Фота: «Белсат»

«За вакном лятаў дрон. Я быў гатовы есці з кацінай міскі»

Іван паспеў уцячы з плошчы Пераменаў і схавацца ў адчыненым пад’ездзе. Мужчына шукаў сховішча яшчэ з пяццю асобамі, якія прытрымалі яму дзверы. Усе разам яны пабеглі па сходах, грукаліся, здымалі маскі, каб паказаць, што свае, аднак ніхто не адчыняў.

«І вось нам пашчасціла: адчыніла дзяўчына і запрасіла ў хату, схавала наш абутак. Так мы апынуліся ў аднапакаёўцы, дзе жывуць сужэнства з дзіцём. Сядзелі ціха, у дзверы настойліва званілі, прасілі адчыніць, праверыць кватэру. Гаспадыня адмовіла. Нам было няёмка абцяжарваць сям’ю, іхная дачка перапужалася. Дзіцё хварэе, таму форткі не адчынялі, было вельмі душна. Усё грымела, мы думалі, што сілавікі пілуюць кожныя дзверы. Нават пачалі шукаць месцы, куды можам схавацца».

Сілавікі затрымліваюць людзей у двары плошчы Пераменаў. Фота belsat.eu

Пасля 21:00 дзве дзяўчыны, якія хаваліся разам з Іванам, пастанавілі сысці. На выхадзе з падʼезду іх затрымалі, але яны не здалі нумару кватэры, у якой хаваліся. Мужчына кажа, што хлопцы, якія засталіся, хацелі спусціцца ніжэй і скочыць з гаўбца, але гаспадыня іх адгаварыла. За вокнамі лятаў дрон, свяцілі ліхтарамі. Гаспадыня паслала гасцям на вялікай канапе, сама легла спаць з дзіцём на малой, а мужа паклала ў кухні.

«Мы былі вельмі галодныя, я нават жартаваў, што гатовы есці з міскі ката. Дзяўчына дала нам бутэрброды, гарбату, а раніцаю таксама нарэзала сыру, каўбасы, паставілася, як да сваіх. Нават жартавала, што трэба будзе нас прапісаць, бо сілавікі не сыходзяць».

Раніцай яна выйшла выведаць сітуацыю. У двары ўсё яшчэ дзяжурылі карнікі, правяралі пашпарты і прапіску. На ўваходзе ў падʼезд стаялі сілавікі ў балаклавах з аўтаматамі. Каля 9:00 Івану пазванілі знаёмыя і сказалі, што можна выходзіць. Гаспадыня кватэры першая спусцілася, а пазней паклікала хлопцаў.

«Калі мы выскачылі на дарогу, мы пабачылі сіні бус і міліцыянтаў, але яны рабілі выгляд, што нічога не адбываецца. Было прыемна, што каля дому ўжо чакалі людзі ў аўтах. Яны падʼязджалі, спыняліся, крычалі, каб заскоквалі да іх. Людзі натоўпамі садзіліся да валанцёраў. Я чуў, што тых, хто сыходзіў пехатою дварамі і прыватным сектарам, хапалі ціхары».

Іван кажа, што сямʼі, якая іх уратавала, у падзяку завезлі пірагі, таксама падораць кветкі ды пачастунак дачцэ.

Аб’ектыў
Плошча пераменаў у аблозе
2020.11.16 22:50

«Думала, дзве гадзіны адсядзімся – і выйдзем»

Вікторыя прыехала ўшанаваць памяць Рамана Бандарэнкі, а пасля была вымушаная хавацца ў сутарэннях непадалёк плошчы Пераменаў. Дзяўчыне ўдалося ўцячы ў памяшканне, дзе было яшчэ мінімум 100 асобаў. Аблава шакавала мянчанку.

«Я не падазравала, што яны набяруцца нахабства і прыедуць разганяць людзей, я адчувала сябе ў бяспецы. Але пазней пачула выбухі, людзі табуном пачалі бегчы».

Дзяўчына апынулася заціснутая, з усіх бакоў наступалі карнікі, прарвацца не было магчымасці. Тады Вікторыя пабачыла, што людзі пабеглі ў бок аднаго з дамоў, яна пабегла следам.

«Людзі несліся плынню, я не паспявала разумець, дзе я і што раблю. Яны пачалі хавацца ў адчыненыя дзверы. Адны дзверы ўжо былі перапоўненыя, як у трамваі ў гадзіну пік. І я адна з апошніх засталася на вуліцы, разумеючы, што мне няма куды адступаць. Дзверы зачыніліся, але мне паказалі іншыя. Забегла адною з апошніх, за мною замкнулі».

Сілавікі на плошчы Перамен у Менску, 15 лістапада.
Фота: АВ / «Белсат»

Дзяўчына баіцца падрабязна апісваць месца сховішча. Паводле Вікторыі, 16 гадзінаў давялося правесці на халодным бетоне без вады, ежы ды святла.

«Добра, што мы мелі прыбіральню і пароль ад Wi-Fi. Мы манітаравалі ўсё, што адбываецца звонку, і разумелі: выйсці нельга. Некаторыя бунтавалі, было цяжка псіхічна, усе стаміліся, не было чым дыхаць. Мы ж думалі, перачакаем некалькі гадзінаў – і разыдземся па дамах. Нам наказалі сядзець ціха нават у сітуацыі, калі балгаркаю будуць пілаваць дзверы. Сядзелі, як мышы, бо ведалі: адзін гук – і нам канец. Карнікі прасвечвалі вокны ліхтарамі».

Hавiны
Мянчук пра ноч на плошчы Пераменаў: «Да нас у дзверы ламаліся, але, паколькі мы не падавалі прыкметаў жыцця, усё абышлося»
2020.11.16 13:41

Вікторыя кажа, што пасля пяці гадзінаў пад замком перастала сачыць за часам. Эвакуацыя сталася для дзяўчыны нечаканасцю. Людзей пачалі выпускаць каля 9:30.

«Мы нават не былі падрыхтаваныя і ў шокавым стане. Знянацку адчыніліся дзверы, сказалі хутка разыходзіцца. Я схапіла ладаванку, шапку, людзі выбеглі на вуліцу. У двары я бачыла чалавек 200, якія выходзілі з розных бакоў.

Уявіце, які сюррэалізм: ты як раб, у сутарэнні, а адкульсьці даносіцца музыка, і трэнер загадвае «цягнуць ножку». Ты ў акупацыі, а ў кагосьці працягваецца звычайнае жыццё».

«Удома засталіся трое дзяцей»

Яшчэ адна закладніца – Кацярына – прызнаецца: ходзіць на ўсе маршы, нягледзячы на страх жорсткай расправы. Спачатку яна была ля «Пушкінскай», а калі там пачаўся разгон, прыехала ў двор плошчы Пераменаў, але там таксама пачалася аблава.

«Я пастанавіла пайсці ў дом на гаўбец, паглядзець, што будзе адбывацца. Людзей ганялі. Хтосьці крычаў, што трэба хавацца па кватэрах».

Кацярына трапіла да жанчыны, якая пусціла да сябе 20 незнаёмцаў. Дзяўчына прызнаецца, што ўсе разлічвалі адсядзецца гадзіну-паўтары, пакуль не з’едуць бусы. Спачатку ўмовы былі камфортныя, гарэла святло, дзяўчаты нарэзалі яблыкі, частавалі пірагом, гарбатай. Але пазней з’явіўся інтэрнэт, і яны даведаліся, што сілавікі ходзяць па дамах і выцягваюць людзей з кватэраў.

«Мы, дваццаць чалавек, зачыніліся ў невялікім пакоі, вымкнулі святло, тэлефоны і сядзелі адно на адным. Гаспадыня замкнула пакой. У яе двое маленькіх дзетак. Дзеці спалі, яна спадзявалася, што кватэру не будуць абшукваць. Да нас гучна грукалі, але не выломвалі. Гаспадыня нас не выганяла, яна гатовая была хаваць нас да канца».

Сілавікі на плошчы Перамен у Менску, 15 лістапада.
Фота: АВ / «Белсат»

Кацярына прызнаецца, што ёй было страшна і маркотна праз няпэўнасць сітуацыі. У самой удома засталіся трое дзяцей. Пашанцавала, што муж вырваўся з аблогі і даехаў дадому. Тое, што адбываецца, мянчанка называе фашызмам і вайною.

«Каля 9:00 раніцы паступіла інфармацыя, што сілавікі зʼехалі. Тады паціху, па чатыры асобы, мы пачалі выходзіць. Я не ведала, вярнуся дадому ці не. Было вельмі страшна».

«Як у габрэяў у 1943-м»

Уладзя запрасілі на гарбату знаёмыя. Гэта было каля 15:30, мужчына моцна змёрз. Калі выйшаў перакурыць на гаўбец – пабачыў касманаўтаў, якія набеглі на плошчу з усіх бакоў. Мужчына пастанавіў застацца ў кватэры. За ўвесь час, што ён хаваўся, іхны паверх абшуквалі разоў 5-6.

«Першыя два разы грукалі ў дзверы, мы не адчынялі. Пасля абыходзілі суседзяў. Сілавікі дзяжурылі ў кожным доме, іх было па 3–6. Мы бачылі, як байцы падыходзілі да некаторых мінакоў у двары, прасілі паказаць фота на тэлефоне. Каля другой гадзіны ночы была перазменка, але адзін бус застаўся. Каля 8:30 ГУБАЗіК з’ехаў.

Застаўся ў двары бус сачыць, каб людзі не выходзілі зноў вешаць стужкі і плакаты. Калі ў «Тэлеграме» з’яўляліся здымкі з плошчы Пераменаў, з буса адразу вывальваліся карнікі і пачыналі бегаць па дамах, адкуль, на іхную думку, маглі фатаграфаваць. Яны чыталі ўсе чаты. Было нервова, адчуванне, як габрэі ў 1943-м».

«Дамоў мяне завезла былая міліцыянтка»

Мікалай забег у адзін з дамоў і хацеў перачакаць хапун. Ад знаёмых даведаўся, што з усіх бакоў плошчу пачынаюць акружаць і разганяць натоўп. Па гаўбцы, дзе хаваўся мужчына, пачалі страляць. Яму ўдалося ўцячы ў адну з кватэраў, дзе хаваліся 15 чалавек. Гаспадары апусцілі шторы ды вымкнулі святло, стараліся не размаўляць.

«У «Тэлеграме» пісалі, што карнікі ідуць з 20-га паверху і прачэсваюць кожную кватэру. Да нас моцна ламаліся каля 22:00, пазней званілі апоўначы, а 3:00 уначы. Мы даведаліся, што з суседняй кватэры затрымалі трох асобаў, двое схаваліся ў канапе. Мы падумалі, што кватэра «чыстая», і перабеглі туды. Каля 6:00 раніцы да нас пачалі пераводзіць людзей з кватэраў, дзе яшчэ не было вобшуку. А 8:00 нас было чалавек 35–40

Гаспадары нам рабілі гарбату, каву, бутэрброды. Да моманту, пакуль нас было да 20 чалавек, потым гэта немагчыма было. Страшнавата стала, калі ў чат напісалі, што АМАП увёў пашпартны рэжым на нявызначаны тэрмін. Мы пачыналі верыць, што давядзецца сядзець тыдзень».

Сілавікі руйнуюць плошчу Перамен. Фота belsat.eu

Мікалай распавядае, што жыхары адной з суседніх кватэраў бачылі праз вочка, як сілавікі намагаліся праслухаць адмысловымі мікрафонамі сцены.

«З’явілася інфармацыя, што трыццаць чалавек дасталі з сутарэння. А 9:30 рэзка ўсе ачапленні знялі, пайшла інфармацыя, што можна выходзіць. Мы пабеглі. На вуліцы ўжо чакалі валанцёры, якія забіралі людзей сваймі аўтамі. Мяне падвозіла жанчына, былая міліцыянтка. Яна 12 жніўня звольнілася і цяпер ніводнага маршу не прапускае».

З разгону трапілі на дзень народзінаў

Надзея прыехала на плошчу Пераменаў памагчы ўпарадкаваць мемарыял. Дзяўчына з сяброўкаю ставілі лампадкі, набіралі ў вёдры ваду для кветак. Каля муралу пазнаёмілася з мясцоваю дзяўчынай. Тая сказала, што ў выпадку разгону схавае дзяўчат у сябе.

«Так і адбылося. Мы пабачылі, што да нас набліжаецца вадамёт, але працягвалі займацца мемарыялам. Пасля паляцелі святлошумавыя гранаты. Аднаго мужчыну параніла ў ногі, яго забралі перавязваць. Натоўп пачаў бегчы, а мы стараліся стаяць да апошняга, бо невядома было, куды бегчы. Пачалася цісканіна. Мы адышлі бліжэй дамоў і пабачылі, што нас абступіў АМАП. Мы пабеглі за дзяўчынай, ейны бацька пусціў нас у хату».

Надзея кажа, што сям’я святкавала дзень народзінаў, там ужо былі госці, аднак галаву сям’і колькасць людзей не збянтэжыла. Разам з гаспадарамі ў хаце было 18 чалавек.

«Мы назіралі, як руйнуюць мемарыял. Там былі іконы, фота Рамана, асабістыя рэчы, а яны ўсё знішчалі. Было адчуванне, што прыйшлі на могілкі ды пачалі разносіць, і нічога не маглі зрабіць. Да вакна падляцеў квадракоптар, калі мы ўсе высунуліся з яго. Мы леглі на падлогу».

Калі сілавікі пачалі рэйды па кватэрах, гаспадар запрапанаваў нечаканым гасцям сесці за стол. Агулам, згадвае Надзея, было шмат ідэяў, як адцягнуць увагу карнікаў. Пастанавілі, што не будуць падстаўляць гаспадароў, і, калі пачнуць ламаць дзверы, выйдуць. Аднак той сказаў, што будзем хаваць іх да канца і нікому не адчыніць.

«Ён зачыніў дзверы на ўсе замкі. Мы вымкнулі святло і сядзелі ў паніцы. Калі цябе садзяць на 15 содняў, ты ведаеш, што выйдзеш. У тэорыі. А тут невядома, што будзе далей. Мы разумелі, што мы ў цёплай кватэры, але калі 18 чалавек у замкнёнай прасторы – гэта вельмі цісне на псіхіку».

У гаспадароў было прыкладанне з камерамі, праз якое яны маглі адсочваць рухі сілавікоў. Пасля 9:00 у чатах мясцовых жыхароў зʼявілася інфармацыя, што звонку ўжо бяспечна. Выходзячы, яны сустрэлі вельмі шмат людзей, якія хаваліся ў іншых кватэрах.

«Нашае аўта стаяла за кіламетр ад плошчы. Мы ўзялі яго і вярнуліся ў двор, каб падабраць людзей. Мінула, можа, некалькі хвілінаў, але народ знік. Аўтаваланцёры спрацавалі вельмі хутка».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў