Плэйліст беларускага пратэсту. Слухай і пражывай 2020 год наноў


2020 год быў насычаны на падзеі ў Беларусі, і гэта адлюстравалася ў творчасці музыкаў. «Белсат» зрабіў падборку трэкаў і кліпаў, з якой можна наноў перажыць падзеі гэтага года.

Петля Пристрастия «Норма»

«Паўсюль камеры вісяць, за гэта грамадзяне сядзяць».

Яшчэ вясной гурт запісаў антыўтопію пра таталітарнае грамадства.

А 22 лістапада, падчас раённых маршаў, лідар гурту Ілля Чарапко-Самахвалаў быў затрыманы. Толькі 26 лістапада Іллю знайшлі ў СіЗА Баранавічаў.

7 снежня ён выйшаў на свабоду.

Naka пры ўдзеле Dzieciuki, «Разбітае сэрца пацана», «Петля Пристрастия» і Rostany «Вам»

«Толькі сумленне прадаць не маглі, вам не зразумець гэта, людзі без сумлення».

Гэтыя радкі былі напісаны яшчэ ў 2010 годзе, але апублікаваныя толькі праз дзесяць гадоў. Песня на вершы Уладзіміра Някляева пра маральны выбар, дзе аўтар звяртаецца да людзей у пагонах.

Уладзімір Някляеў балатаваўся ў прэзідэнты на выбарах 2010 года і быў моцна збіты дагэтуль невядомымі асобамі.

Макс Корж «Её виной»

«Шуму навялі на ўвесь свет». Гэта цытата – адсылка да паста Макса Каржа ў сацыяльных сетках ад 12 жніўня. «Пацаны. На сёння Вы перамаглі. Тармозіце сёння двіж (я кажу толькі пра сённяшні дзень). Вы паказалі што можаце даць адпор. Навялі груку на ўвесь свет. Жорсткіх відэаматэрыялаў хопіць на месяц наперад… », – напісаў у сваім instagram спявак.

Але пасля адмоўнай рэакцыі на свой пост некалькі разоў уносіў праўкі ў тэкст.

А пазней выпусціў кліп «Её виной», дзе ёсць адсылкі да пратэстаў у Беларусі.

Каста «Выходи гулять»

«Нічога не трэба браць, проста выходзь гуляць.

Дымавуху і рагатку, клюшку і скакалку.

Нічога не трэба браць, проста выходзь гуляць».

Трэк выйшаў летам 2019 года і быў прысвечаны падзеям на «Балотнай плошчы». Тады здымкі кліпа адклалі, бо не было добрых ідэй для сцэнару. А беларускія падзеі 2020 году падказалі.

Да таго ж адзін з удзельнікаў гурта мае жонку з Беларусі.

Tor Band «Мы не «народец»

«Мы ня быдла, статак і трусы. Мы жывы народ, мы беларусы!».

Песня рок-гурту з Рагачова – гэта адказ Лукашэнка на словы, якія ён казаў аб народзе. Сам кліп складаецца з відэазапісаў беларусаў, якія дасылалі свае відэа гурту. Кліп відавочна спадабаўся людзям, ён мае больш за 1600000 праглядаў на Youtube.

«Разбуры муры»

«Разбуры турмы муры!

Прагнеш свабоды – то бяры!»

Песня мае доўгую гісторыю.

У 1968 годзе каталонскі спявак Люіс Льякна пісаў песню «L’Estaca» як адказ на дыктатуру Франка.

У 1978 годзе яе пераклаў польскі бард Яцэк Качмарский, і пад назвай «Mury» яна стала гімнам руху «Салідарнасць».

Ёсць таксама руская версія, напісаная ў 2012 годзе маскоўскай групай «Аркадзь Коц».

Беларускі варыянт, створаны музыкам Зміцерам Вайцюшкевічам і паэтам Андрэем Хадановічам, упершыню выконваўся на плошчы Незалежнасці падчас снежаньскіх пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Цой «Перемен»

Песня ад пачатку стала сімвалам беларускага пратэсту.

30 жніўня ўлады забаранілі мітынг Святланы Ціханоўскай і арганізавалі на яго месцы «правільны» канцэрт. Два дыджэі, Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў, якія вялі гэтае мерапрыемства, раптам уключылі «Пераменаў». Дыджэяў затрымалі і адправілі на Акрэсціна, а людзі адразу ж арганізавалі для іх масавы збор сродкаў. Пазней хлопцы выехалі за мяжу, а ў Менску зʼявілася плошча Пераменаў з прысвечаным Уладу і Кірылу муралам.

Анна Шаркунова «Песня счастливых людей»

«Сёння я выпускаю адну з самых важных песень у маім жыцці. Самую добрую і сумленную песню, якую мы калісьці пісалі», – так распавяла Ганна ў падводцы. Разам з Шаркуновай у песні ўдзельнічае мноства прадстаўнікоў беларускай інтэлегенцыі.

8soten feat. kassia «Голоса»

Музыкі з Берасця запісалі кранальную песню, і ў кліпе выкарысталі відэа з пратэстаў.

Nemiga «Самый белый цветок»

«Прысвячаецца загінулым і пацярпелым на мірных акцыях ў Беларусі. Тысячы зняволеных па- ранейшаму знаходзяцца ў СІЗА і турмах. Дзясяткі людзей лічацца зніклымі… Жыве Беларусь!»

Виталий Артист / БЕЗ БИЛЕТА. «Созвездие»

«Прысвячаецца мірнаму сузорʼю, народжанаму ў Беларусі.

А таксама ўсім, хто не перажыў 2020 год », – пішуць музыкі.

Таксама паслухайце песню: «Теперь это мы»

«Чуеш, б’юць барабаны? Гэта навальніца. У тых, хто стаяў у баку, адкрыліся вочы».

IA, belsat.eu

Стужка навінаў