«Плацяць 200 рублёў і чакаюць, пакуль звольнімся». Завод, што выконвае замовы для БелАЭС, загібаецца, а працаўнікоў выжываюць


Завод электрамантажных вырабаў (ЗЭМВ), які ўваходзіць у ААТ «Белэлектрамантаж», прастойвае, а з працаўнікамі не хочуць працягваць кантрактаў.
У рэдакцыю belsat.eu звярнуўся рабочы Віктар (імя змененае для бяспекі) з просьбаю распаўсюдзіць інфармацыю пра сітуацыю на прадпрыемстве.
Віктар прысвяціў заводу больш як дзесяць гадоў. Цяпер, кажа мужчына, стан крытычны – кіраўніцтва пачало «эканоміць»: амаль усіх перавялі на 2/3 стаўкі, урэзалі прэміі і выплаты за шкоднасць. Не за гарамі і банкруцтва, упэўнены ён.
«З 2016 года нас перавялі на чатыры працоўныя дні, пятніцу неафіцыйна зрабілі непрацоўнай. Агулам праблемы пачаліся ў 2016 годзе, калі змянілася кіраўніцтва. Змяніўся дырэктар і галоўны інжынер. А яны прывялі з сабою на кіроўныя пасады сваіх набліжаных і сваякоў.
У аддзеле маркетынгу працуе пляменнік намесніка дырэктара. Кіраўніцтва любіць выпіць, нават падчас працы здараецца. Дырэктар выкарыстоўвае службовы аўтамабіць, ездзіць на ім на рыбалку, на лецішча, свае справы вырашае. А ягонае «Santa Fe» стаіць ужо год пыліцца на тэрыторыі заводу. Кажа, што не мае грошай на тэхагляд».
Аўта дырэктара, якім ён не карыстаецца
Службовае аўта дырэктара

Вады і электраэнергіі няма, заробак – 200 рублёў

Запазычанасці настолькі вялікія, што на вытворчасці адключылі гарачую ваду і ў кожны момант могуць адключыць электраэнергію. Працаўнікі мыюцца вадою з бойлераў, а каму не хапае вады, ідуць дадому брудныя.
«Запазычанасць за электраэнергію – каля 500 000 рублёў назбіралася. То бок лічы поўнасцю адключанае прадпрыемства. Маўляў, трэба эканоміць, каб далей у мінус не сыходзіць. Заробак выплочваюць запозна, пасля 25 чысла, а часамі і 1-га. А да гэтага тэрміну трэба ж жыроўку заплаціць, крэдыты.
Часамі падзяляюць заробак на тры часткі. Раней выходзіла чыстымі больш як 500 рублёў. У гэтым месяцы менш выйдзе, а ў наступным, паводле маіх падлікаў, у найлепшым выпадку будзе толькі 200 рублёў. Раней заробак быў па 800–900 рублёў».
Цэх Заводу электрамантажных вырабаў
Адсутнасць грошай працаўнікам тлумачаць тым, што «Белэлектрамантаж» забірае ўсе грошы ЗЭМВу, таму ў арганізацыі няма сродкаў купіць метал.
«Але ёсць кантракты, дзе метал свой, але кіраўніцтва адмаўляецца ад прапановаў. Яны спасылаюцца на гендырэктара Пятрушына.
Яшчэ адзін аргумент – што ў нас вялікі падатак на зямлю, таму даражэйшая прадукцыя. Кіраўніцтва плануе пакінуць некалькі адзінак абсталявання, а рэшту накіруюць у мазырскі філіял, плошчы заводу аддадуць у арэнду. Яны ўжо выставілі на продаж нерухомасць заводу».
Машыны прастойваюць

Прадукцыю ЗЭМВу з БелАЭС вяртаюць як металалом

Галоўным пакупніком вытворчасці заводу апошнія некалькі гадоў была Беларуская АЭС. Аднак, паводле Віктара, з невядомых прычынаў прадукцыю пачалі вяртаць, а замовы БелАЭС цяпер выконваюць расейцы.
«Калі пачалі будаваць БелАЭС, кіраўніцтва адмовілася ад іншых замоваў, тым самым страціўшы сталых кліентаў і партнёраў. Пачалі набываць адпаведнае абсталяванне. Узялі ў лізінг дарагі станок, дагэтуль не сплацілі. У Рэчыцы ацынкоўвалі металаканструкцыі, але ўсё вярталася ў вельмі кепскай якасці.
Дэталі, якія вырабляюць на заводзе
Прадукцыя заводу, якую вяртаюць
Усіх заганялі ў Астравец мантаваць. Пасля аказалася нешта не так з гэтымі канструкцыямі, пачалі дэмантаваць. Тыя металаканструкцыі, якія пастаўляліся для ўмацавання кабеляў, ацынкаваныя латкі, цяпер прывозяць назад, як металалом.
Яны не патрэбныя. Яны стаялі там пад адкрытым небам, сапсаваліся, цяпер іх проста складуюць. Не ведаюць, што рабіць».

На нязгодных пачалі ціснуць, улады парушэнняў не знайшлі

Ціснуць на рабочых пачалі пасля таго, як яны напісалі калектыўную скаргу ў Адміністрацыю прэзідэнта і Камітэт дзяржаўнага кантролю. Паводле рабочых, новае кіраўніцтва наўмысна завышае кошты прадукцыі і дэталяў, у выніку чаго тэндары выйграюць мелкія прыватныя фірмы, а ў заводу няма замоваў і грошай на аплату крэдытаў.
«Нам гаварылі, што трэст нас цягне ўніз, забірае грошы, якія завод зарабіў. У нас былі сходы, усе маўчалі. Мы пыталі, чаму ніхто нічога не робіць, аддзел маркетынгу сядзіць на азадку, у нас нават сайту няма. Як нехта можа даведацца аб прадукцыі?
Нам кажуць, што сайт зрабіць – занадта дорага. Мы папрасілі напісаць ліст, каб аддзяліцца ад трэсту, а кіраўніцтва кажа, што не ведае, што пісаць. І аднойчы хтосьці падкінуў гатовы ліст-скаргу ў гардэробную, а рабочыя сабралі подпісы і накіравалі ў Адміністрацыю».
Адміністрацыя перанакіравала ліст у Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, адкуль прыйшоў адказ, што ўсё ў межах закону, завышаных коштаў на прадукцыю няма, на прадпрыемстве адсутнічаюць інавацыйныя распрацоўкі, а на 2019 год запланавана «дасудовае фінансавае аздараўленне» арганізацыі. Разглядаецца таксама варыянт аптымізацыі структуры праз яе ліквідацыю і далучэнне да іншага філіялу.
«Напісалі нам адпіску. Калі звальняўся адзін з рабочых, яго папрасілі напісаць заяву пра звальненне па ўзаемнай згодзе бакоў і прыпісаць, што ён пагаджаецца на затрыманне аплаты.
То бок каб яму заплацілі не цягам трох дзён, а ў невядомы тэрмін, аргументуючы, што грошай няма. Не працягваюць кантракту кіраўніку энерга-механічнага аддзелу ды шмат каму яшчэ. А большасць рабочых ужо ва ўзросце».

Афіцыйныя каментары прадпрыемства

З генеральным дырэктарам «Белэлектрамантаж» Паўлам Пятрушыным звязацца не ўдалося. Спачатку ён быў на нарадзе, пазней аказалася, што ў камандзіроўцы.
Спроба звязацца з дырэктарам Заводу электрамантажных вырабаў Уладзімірам Кавальчуком таксама не ўдалася.
«Недзе ён па прадпрыемстве ходзіць, а калі ходзіць, значыць, працуе прадпрыемства», – спачатку доўга думала, а пасля адказала супрацоўніца аддзелу маркетынгу на пытанне, ці працуе завод і як звязацца з кіраўніцтвам.
Кіраўнік філіялу «ЭМУ-13» «Белэлектрамантажу», які непасрэдна знаходзіцца ў Астраўцы і замаўляе прадукцыю з ЗЭМВу, распавёў belsat.eu, што не чуў аб праблемах на заводзе і зняпраўдзіў, што прадукцыю вярталі.
«Мы ніякіх канструкцыяў не вярталі, за іншыя філіялы адказаць не магу. Мы дагэтуль замаўляем дэталі, але можна сказаць, што ўсё, што яны мелі паставіць, ужо паставілі.
Так, расейцы таксама тут працуюць – вырабляюць і будуюць, паводле тэндару коштамі мы на адным узроўні. У іх свая дакументацыя, з імі падпісаны кантракт, але чаму яны займаюцца, а не беларусы, не ведаю, не скажу».
***
Гісторыя «Белэлектрамантажу» налічвае 75 гадоў. Завод электрамантажных вырабаў выконваў замовы падчас будоўлі нацыянальнай бібліятэкі, «Менск-Арэны», Палацу незалежнасці, калійных камбінатаў у Салігорску і Туркменістане, мадэрнізацыі стадыёну «Дынама».
Стужка навінаў