«Планы паглынання Беларусі – праўда». Што пішуць папулярныя Telegram-каналы напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным


Перад сустрэчай Пуціна і Лукашэнкі ў Маскве 25 снежня belsat.eu зрабіў падборку цікавых пастоў пра беларуска-расейскія стасункі з розных Telegram-каналаў: ад апазіцыйных да пракрамлёўскіх.

За апошні год вялікую папулярнасць здабылі каналы ў сацсетцы Telegram, якія пішуць пра палітыку. Часам гэта бываюць сапраўдныя «інсайды» ад асобаў, набліжаных да ўлады, часам – проста версіі. Інфармацыя з Telegram з’яўляецца непацверджанай і патрабуе верыфікацыі, часта папярэджваюць самі аўтары каналаў.

1. «Беларусь галаўнога мозгу» пра інтрыгу

Беларускі канал з найбольшай колькасцю падпісантаў (больш за 42 тысячы чалавек) піша:

«Заўтра будзе вырашацца, ці падкіне Пуцін да выбараў грошай, як раней, або працягне ціснуць наконт больш шчыльнай інтэграцыі Беларусі з РФ (што фактычна ў будучыні азначае страту суверэнітэту і ўваходжанне ў склад РФ, на што пачалі пастаянна намякаць расейскія СМІ і палітыкі)».

Інтрыга ў тым, чаго канкрэтна запатрабуе Крэмль у абмен на кампенсацыю падатковага манеўру, мяркуе канал.

2. «Баста!» пра наступныя выбары ў Беларусі

Канал, афіліяваны з Беларускім нацыянальным кангрэсам, публікуе інфармацыю пра магчымую дату чарговых выбараў і прыводзіць меркаванні шэрагу беларускіх і расейскіх экспертаў.

«Некаторыя расейскія СМІ пішуць, што, па дадзеных крыніцаў, прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 8 верасня наступнага года. Дату абмяркуюць з Пуціным на заўтрашняй сустрэчы. Лукашэнка спяшаецца, разумеючы, што сітуацыя ў краіне дасягнула кропкі кіпення. Будзе прасіць Пуціна аб падтрыманні, фінансавай дапамозе, кампенсацыі падатковага манеўра і зніжэнні кошту на газ са 127 да 70 долараў».

«Лукашэнка пойдзе насустрач Маскве. Я разумею, што ён не хоча стаць віцэ-прэзідэнтам або губернатарам »заходняга краю«, але ў Крамлі лічаць, што могуць яго змусіць да падобных саступак», – цытуе канал расейскага публіцыста Канстанціна Эггерта.

3. «Бульба прастолаў» пра паглынанне Беларусі

Канал «Бульба прастолаў» выступае з прарасейскіх пазіцыяў, крытыкуе ЕАЭС і распавядае пра «выцясненне расейскай мовы» у Беларусі.

«Планы паглынання Беларусі – гэта праўда. Яшчэ паўгода таму мне гаварылі пра актывізацыю Саюзнай дзяржавы. Я яшчэ падумаў пра сябе, маўляў, куды, гэта ж мёртвы фармат, які выкарыстоўваецца Лукашэнкам для скупкі расейскіх чыноўнікаў і журналістаў. Але потым пра гэта як адзін загаварылі расейскія палітыкі, і відавочна ў межах выпрацаванай стратэгіі».

На думку аўтара «Бульбы прастолаў», праект Еўразійскага эканамічнага саюзу – гэта палітычны правал. У тым ліку, таму, што «усе чальцы ЕАЭС зʼяўляюцца адкрыта антырасейскімі, маюць сувязі з брытанцамі і амерыканцамі».

«Толькі ў Беларусі з усіх чальцоў ЕАЭС расейская мова зʼяўляецца дзяржаўнаю, але і тут пачалі выцясняць», – сцвярджае канал.

4. «Нязыгар» пра дом Віктара Лукашэнкі ў Вялікай Брытаніі

Самы вядомы расейскі палітычны Telegram-канал «Нязыгар», які публікуе «крамлёўскія інсайды» (193 535 падпісантаў) піша, што атмасфера на сённяшняй нарадзе ў Лукашэнкі была напружанаю.

«Па некаторых дадзеных, Лукашэнка змяніў ахову. На заўтрашняй сустрэчы будзе закрануты лёс персанальна Лукашэнкі і будучыня Беларусі», – спасылаецца на словы ананімнай крыніцы «Нязыгар».

Акрамя таго, ён напісаў пра сувязі беларускіх чыноўнікаў за мяжой і «брытанскае лобі». Паводле інфармацыі «Нязыгара», сын кіраўніка Беларусі Віктар Лукашэнка «нядаўна набыў у «каўказскага пехацінца Пуціна» (імаверна, гаворка пра Кадырава, – заўвага) дом у графстве Суррэй за 45 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.

5. «Пул №3» пра фармат перамоваў

«Заўтра на сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі журналісты заканамерна ўбачаць толькі пратакольную частку перамоваў. Ці паспее Аляксандр Рыгоравіч у фармаце «мы рады, што вы рады» традыцыйна агучыць усё набалелае, каб зрабіць свае блуканні па пакутах максімальна публічнымі?», – задаецца пытаннем канал, які вядуць журналісты з пулу Пуціна. І дадае:

«Трэба часцей нагадваць беларусам, што ўлада іх падманвае і што не павінен нармальны чалавек ісці на працу 2 студзеня. І калі яны прагаласуюць за ўваходжанне ў склад Расеі (напрыклад, у фармаце 6 вобласцяў на правах рэгіёнаў), то ў наступным годзе ў іх таксама будуць навагоднія канікулы, як належыць усім братэрскім народам».

Нагадаем, заўтра ў Маскве пройдзе сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, падчас якой будзе абмяркоўвацца кампенсацыя за падатковы манеўр, як таго патрабуе Менск, і паглыбленне інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы, чаго, у сваю чаргу, дамагаюцца ў Крамлі.

ВІДЭА
Лукашэнка: Расея абяцала кампенсаваць страты ад падатковага манеўра. І потым раптам усё спынілася
2018.12.24 14:24

КА, belsat.eu

Стужка навінаў