План для Беларусі без Лукашэнкі

Што будзе пасля Лукашэнкі? Без расейскага падтрымання, без бясконцай дапамогі стратным прадпрыемствам і нібыта сацыяльнай палітыкі ўлады. Усё будзе добра – пераконваюць нашыя заходнія суседзі. Гэтак, польскі прэм’ер-міністр Матэўш Маравецкі ад імя Вышэградскае групы прапануе своеасаблівы «план Маршала» для нашай краіны: комплекс захадаў для вываду айчыннае эканомікі з глыбокага крызісу падчас палітычных пераменаў.

На Усходзе і крэдыт у паўтара мільярда долараў, і дэманстрацыя вайсковага хаўрусу. Аляксандр Лукашэнка, прымаючы міністра абароны Расеі, распавядаў пра салідарнасць двух аўтарытарных рэжымаў.

«Я таксама прасіў прэзідэнта Расеі пра шэраг тыпаў узбраенняў. Яму сказаў, што, як вы прыедзеце, то пабачыце, што нам варта ўмацаваць у межах саюзнае дзяржавы – няма чаго баяцца. Мы гатовыя на гэта пайсці, і апошнія падзеі паказваюць, што трэба больш смела ісці і бараніць інтарэсы і беларусаў і расейцаў».

І хоць потым прэс-сакратар расейскага лідара заявіў, што пра такую просьбу чуе ўпершыню, уражанне падтрымкі Крамля засталося. А вось усе астатнія суседзі з Лукашэнкам салідарныя куды менш. Украінская Вярхоўная Рада прызнала жнівеньскія прэзідэнцкія выбары не легітымнымі, а вярхоўны прадстаўнік дыпламатыі Абʼяднанай Еўропы Жузэп Бурэль кажа яшчэ прасцей: Лукашэнку легітымным не лічаць. Старшыня Еўрапейскай камісіі, то бок кіраўніца еўрапейскага ўраду, Урзуля фон дэр Ляен у сераду дадала:

«Еўрапейскі Звяз – на баку жыхароў Беларусі. Мы ўсе былі ўзрушаныя велізарнаю мужнасцю тых, хто мірна збіраецца на плошчы Незалежнасці або бярэ ўдзел у маршы жанчын. Выбары, якія прывялі людзей на вуліцу, не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі. І жорсткі адказ уладаў – гэта ганьба. Народ Беларусі павінен свабодна вызначаць уласную будучыню. Гэтыя людзі не фігуры на чужой шахматнай дошцы».

Еўрадэпутаты ад рашучасці сваіх лідараў у захапленні. Былая міністарка абароны Літвы, літоўская еўрадэпутатка Раса Юкнявічыене зазначае:

«Еўрапейскі парламент мае моцнае перакананне і наконт Лукашэнкі, і наконт будучыні: усе гэтыя прамовы – вельмі істотныя. І гэтыя рэчы вельмі істотныя для Еўракамісіі. І вельмі важна, каб яны адчувалі падтрымку, што ёсць кансенсус у Еўрапарламенце, а значыць, і ў людзей, што нас абіраюць».

Чаму заблакавалі санкцыі супраць людзей Лукашэнкі?

Перад тым, як паглыбляцца ў гушчары еўрапейскае бюракратыі й тлумачыць сувязі паміж рознымі галінамі вялізарнага апарату Еўразвязу, трэба адказаць на галоўнае пытанне. Ці гучныя заявы аб непрызнаванні Лукашэнкі легітымным прэзідэнтам – штосьці азначаюць?

Каментуе Міхал Патоцкі, польскі публіцыст, які шмат піша пра сітуацыю ў Беларусі ў «Dziennik Gazeta Prawna»:

«Сімвалічна і палітычна – так. Фармальна – не вельмі. Таму што калі б такую заяву зрабілі афіцыйныя сталіцы – Берлін, Лондан і Парыж, – то, канечне, непрызнанне Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі было б чымсьці канкрэтным. Так, як гэта было, да прыкладу, з Мадурам у Венесуэле».

Палітычны ціск Брусель пакідае на водкуп кожнай са сваіх краінаў-удзельніц. А вось што рэальна ў не такой адлеглай будучыні можа запрапанаваць Еўропа…

Раса Юкнявічыене, літоўская еўрадэпутатка:

«Вось у чым Еўрапейскі Звяз моцны, дык гэта ў эканоміцы. Можа, цяпер і няма шмат інструментаў дапамагчы так, як бы людзі думалі. Да прыкладу, Лукашэнка не адказвае на тэлефанаванні Ангелы Мэркель. Калі ж беларускі народ вызначыцца, што хоча жыць і з Еўрапейскім Звязам у адносінах «Усходняга партнёрства», як Украіна і Грузія, якім моцна цяпер дапамагае ЕЗ, то гэта і будзе азначаць такі «план Маршала» і нават болей».

«План Маршала», названы паводле прозвішча дзяржсакратара ЗША, аднавіў эканоміку 17 еўрапейскіх краінаў пасля Другой сусветнай вайны. З падобнай прапановай яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў выступала міжнародная экспертная сетка iSANS. Адмыслоўцы заклікалі да стварэння міждзяржаўнай ініцыятывы сярод не толькі краінаў Еўрапейскага Звязу, але і ЗША. У агульных рысах план прытрымліваецца некалькіх асноўных пунктаў.

Распавядае Уладзімір Кобец, дырэктар міжнароднай экспертнай сеткі iSANS:

«Суверэнітэт, хуткія рэформы з падушкай падтрымкі – і фінансавай і палітычнай – з недапушчэннем карупцыі – так, каб не дапусціць звальвання ў іншую скрайнасць. Таксама гэты план павінен гарантаваць бяспечны дэмакратычны транзіт пасля сыходу Лукашэнкі».

На гэты момант гэткі план падтрымліваюць пяць сталіцаў Абʼяднанай Еўропы. Вільня, Варшава, Прага, Будапэшт і Браціслава. Не хапае прынамсі 23 сталіцаў – сябраў Еўразвязу, не кажучы ўжо пра Вашынгтон. Наступны крок – прэзентацыя польскім прэмʼерам Матэўшам Маравецкім гэтага амбітнага праекту 24 верасня на саміце лідараў краінаў ЕЗ.

Міхал Патоцкі:

«Пакуль гэта трохі нагадвае тое, што прапанавалі Беларусі міністры замежных справаў Польшчы і Нямеччыны Сікорскі і Вэстэрвэле ў 2010 годзе. Тады гаворка ішла пра тры мільярды долараў за сумленныя выбары».

Пуцін здасць Лукашэнку?

Чым тая прапанова скончылася, усе добра ведаюць. Уласнае крэсла Лукашэнку аказалася даражэйшае, чымся прыгожы добраахвотны сыход і не такое і дрэннае месца ў гісторыі. Уласна і сёлета афіцыйны лідар меў процьму магчымасцяў сысці з высока паднятай галавой, але дагэтуль кажа, што «выбары правялі, вынікі атрымалі і на гэтым кропка».

І гэта Лукашэнка заяўляе пасля таго, як Ціханоўская паабяцала яму недатыкальнасць у выпаду мірнага сыходу. За прыкладамі спакойных сыходаў дыктатараў далёка хадзіць не трэба.

Уладзімір Кобец:

«Мы памятаем таксама, што Ярузэльскі ў Польшчы не быў пакараны ні турмой, ні смерцю. Калі ён ужо быў стары і хворы, да яго ў шпіталь нават прыходзіў Лех Валэнса. Воля нацыі заўсёды можа быць. Заўсёды больш важная краіна і будучыня, чымся мінулае нейкага дыктатара».

У сваім адказе на волевыяўленне беларусаў Лукашэнка перакрочыў пэўную мяжу, не заўважаць якой – вельмі небяспечна, якім бы пэўным у сабе дыктатарам ты ні быў.

Геральд Штабэрок, генеральны сакратар Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў:

«У Міжнародным праве мы называем тое, што тут бачым, злачынствам супраць чалавечнасці. Дзяржава ў Беларусі на сёння цалкам адмаўляе, што нешта такое здарылася. Яны змяняюць тактыку, але працягваюць адмаўляць. Няма расследаванняў гэтых ці іншых выпадкаў, ахвяры трапляюць пад рэпрэсіі за нібыта ўдзел у нелегальных дэманстрацыях, з жорсткім пакараннем».

І мэсідж Захаду просты, падкрэсліваюць еўрапарламентары. Беларусы мусяць вырашыць справу самыя – з Лукашэнкам пра падтрыманне цяпер ніхто размаўляць не жадае. Замест крэдытнай іглы Расеі – можна атрымаць дапамогу на правядзенне рэформаў, працягнуць ледзьве пачатую дыверсіфікацыю энерганосьбітаў. І пры ўсім гэтым – нават з Саюзнай дзяржавы выходзіць не просяць. Еўропа хоча нармальнага і бяспечнага суседа і гатовая яму дапамагчы.

Усевалад Шлыкаў для праграмы «ПраСвет»

Фота: Attila Husejnow / Zuma Press / Forum

Hавiны