«План Далеса» ад Качанавай – расейскае цемрашальства для беларускіх галоваў

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

4 снежня Наталля Качанава сустракалася са студэнтамі БДУ і, сярод іншага, паказала ім фільм пра гэтак званы план Далеса.

Што такое «план Далеса»?

Дыпламат, разведчык, змагар з нацызмам

Ален Далес – дыпламат і разведчык ЗША, які браў удзел у Першай і Другой сусветных войнах, а ў 1953 годзе ўзначаліў Цэнтральнае азведвальнае ўпраўленне і фактычна быў яго галоўным арганізатарам. У 1961 годзе сышоў у адстаўку.

Шырокую вядомасць у СССР атрымаў у 1973 годзе, калі стаўся адным з герояў другога плану ў папулярным серыяле «17 імгненняў вясны». Паводле сюжэту ён вядзе ў Швейцарыі вясной 1945 года сакрэтныя ад СССР перамовы з прадстаўнікамі часткі кіраўніцтва нацысцкае Нямеччыны пра сепаратны мір для ажыццяўлення потым антысавецкае палітыкі, аднак гэтыя планы зрывае савецкая разведка.

Ален Далес у «17 імгненняў вясны». Актор Вячаслаў Шалевіч

У рэальнасці перамовы з нямецкімі генераламі, у якіх браў удзел Далес, вяліся пра капітуляцыю нямецкіх войскаў у Італіі. Сакрэтнымі ад СССР гэтыя кантакты не былі – Сталін афіцыйна атрымліваў інфармацыю пра іх вядзенне ад ЗША і Брытаніі. У выніку перамовы былі паспяховымі – нямецкія войскі ў Італіі арганізавана спынілі супраціў 2 траўня 1945 года.

Аднак у СССР вобраз Далеса застаўся чыста міфалагічным – «вораг, які супрацоўнічае з фашыстамі і стварае таемныя планы барацьбы супраць Савецкага саюзу».

Суперплан!

Тэкст пад назовам «план Далеса» упершыню ўсплыў у расейскім друку ў пачатку 1990-х гадоў: «Стварыўшы ў Расеі хаос, мы незаўважна падменім іхныя каштоўнасці на фальшывыя і прымусім іх у гэтыя каштоўнасці верыць… Літаратура, тэатры, кіно – усё будзе адлюстроўваць і ўслаўляць самыя нізкія чалавечыя адчуванні. Мы будзем усімі спосабамі падтрымліваць так званых творцаў, якія будуць насаджаць і ўбіваць у чалавечую свядомасць культ сексу, гвалту, садызму, здрадніцтва – адным словам, любой амаральнасці.

У кіраванні дзяржавай мы створым хаос, бязладдзе. Мы будзем незаўважна, але актыўна і пастаянна спрыяць самадурству ўрадоўцаў, хабарнікаў, беспрынцыповасці… Хамства і нахабства, хлусню і падман, пʼянства і наркаманію, жывёльны страх адно перад адным, бессаромнасць, здрадніцтва, нацыяналізм і варожасць народаў, перш за ўсё да расейскага народу: усё гэта мы будзем спрытна і незаўважна культываваць».

Характэрна, што ў той жа публікацыі аўтар спасылаўся як на праўду і на «Пратаколы сіенскіх мудрацоў» – вядомую антысеміцкую фальшыўку.

Літаратура ў Расеі – больш за літаратуру

Дагэтуль ніякага арыгіналу «плану Далеса» гэтак і не знайшлі, хоць мноства дакументаў амерыканскіх спецслужбаў тых гадоў рэгулярна рассакрэчваюцца. Аднак яшчэ ў сярэдзіне 2000-х гадоў даследнікі адшукалі сапраўдную крыніцу гэтага «плану» – савецкую мастацкую прозу на каляпалітычныя тэмы.

Гэтак, у рамане «Вечны покліч» Анатолія Іванова былы расейскі жандарскі афіцэр Лахноўскі, які стаў служыць нацыстам, кажа:

«Скончыцца вайна, усё неяк наладзіцца, утрасецца. І мы кінем усё, што маем, чым распараджаемся: усё золата, усю матэрыяльную магутнасць на абалваньванне і адурненне людзей! Чалавечы мозг, свядомасць людзей здольныя змяняцца. Стварыўшы там хаос, мы незаўважна падменім іхныя каштоўнасці на фальшывыя і прымусім іх у гэтыя каштоўнасці паверыць!»

Гэты эпізод трапіў і ў савецкі серыял паводле раману.

Цалкам фальшыўку разабраў расейскі даследнік Н. Саква.

«План Далеса» як страшылка вельмі спадабаўся і расейскім камуністам, і расейскім шавіністам. У тым ліку, як мы бачым, «план» пасяліўся і ў галовах лукашэнкаўскіх чыноўнікаў.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў