Піцерскі рокер Іван Турыст за тры дні вывучыў беларускую


Былы ўдзельнік расейскага рок-гурта «НОМ» Юрый Салтыкоў (Іван Турыст) экспрэс-спосабам вывучыў беларускую мову, каб зняцца ў новай частцы дакументальнага серыялу «Лабірынты» на «Белсаце». Кампанію яму на здымачнай пляцоўцы склалі беларускія музыкі-хуліганы Юрый Навумаў з «Neuro Dubel» і Сяргей Пукст.

Яны ўвасобіліся ў знакамітых тэатральных рэжысёраў 1930-х гадоў – Еўсцігнея Міровіча, Уладзіслава Галубка і крытыка-цэнзара Міхася Модэля. У новай серыі «Лабірынтаў» Міроша і Ладыська, як Галубок і Міровіч па-сяброўску называлі адзін аднаго, абставілі жорсткага цэнзара Модэля. Мала таго, сябры тонка пакпілі і з сацрэалізму, і з самой сталінскай спецслужбы ГПУ.

Юрый Салтыкоў (Іван Турыст) і Юрый Навумаў у ролях рэжысёраў Міровіча і Галубка. Фота Ірына Арахоўская

У ролі Міровіча – пецярбуржац Юрый Салтыкоў (Іван Турыст), былы ўдзельнік рок-гурта «НОМ». Як і Міровічу, што таксама паходзіў з Пецярбургу, рокеру давялося вывучыць беларускую мову. Праўда, нашмат хутчэй – за тры дні!

Фота Ірына Арахоўская

«Іван Турыст мэтанакіравана вучыў беларускую мову. Доўгія гадзіны мы з ім правілі вымаўленне, начытвалі ягоную ролю. Падчас здымак, калі нейкія беларускія словы ці нават сказы не даваліся і я прапаноўваў перапісаць іх або наагул перакласці, Турыст рашуча казаў:«Не». І ўрэшце атрымоўваліся шыкоўныя дублі. Працаваць з ім сапраўдная радасць. Ён адзін з самых прафесійных, дысцыплінаваных і творча нечаканых артыстаў, якіх я сустракаў», – распавядае вядоўца серыялу і сцэнарыст Васіль Дранько-Майсюк.

Фота Ірына Арахоўская

Іван Турыст пагадзіўся пераўтварыцца ў Міровіча, бо герой захапіў яго сваёй драматургічнай неадназначнасцю і арыгінальнасцю характару.

«У серыялах зазвычай прапаноўваюць толькі шаблонныя вобразы бандытаў, кілераў, алкаголікаў…» – распавядае актор.

Фота Ірына Арахоўская

Сярод тэатральных і кінавобразаў пецярбуржац аддае перавагу ролям, якіх ніхто да яго не граў. Ён адмовіўся ад ролі Кісы Вараб’янінава ў «12 крэслах», бо лічыць, што пасля Філіпава, які быў «геніяльным Вараб’янінавым» у фільме Гайдая, нічога новага да ролі не дадасі. Дарэчы, прынцыпова не грае актор і музыка ў фільмах і спектаклях, прысвечаных Другой сусветнай вайне. Усё, што здымаецца ў Расеі на гэтую тэму, паводле Івана Турыста, падман і блюзнерства.

«Так, няма і ніколі не здымуць праўдзівага фільму пра блакаду Ленінграду», – кажа ён.

Юрый Навумаў, які ўвасобіўся ўва Уладзіслава Галубка, дагэтуль ужо здымаўся ў кіно – напрыклад, быў аўтамеханікам у фільме «ГараШ». Раней ён збольшага атрымліваў ролі маргіналаў-небаракаў.

Юрый Навумаў у ролі Уладзіслава Галубка. Фота Ірына Арахоўская

«Я вельмі шчаслівы, што сыграў легендарны вобраз аднаго са стваральнікаў беларускага тэатру, пра якога даведаецца больш беларусаў», – цешыцца актор.

Аўтар сцэнару Васіль Дранько-Майсюк лічыць, што Навумаву ўдалося ўхапіць агульны псіхалагічны настрой Галубка:

«Калі Іван Турыст падыходзіў да ролі, слова, кожнай літары з педантызмам, усё правяраў, перапытваў, узважваў, то Навумаў іграў з ясенінскай стыхійнасцю. Ягоны Галубок – псіхалагічна стомлены, гатовы загінуць сам. Таму вялікую цікавасць выклікае тое, як Навумаў грае перараджэнне героя, што дзякуючы Міровічу зноў хоча ствараць і змагацца», – дзеліцца ўражаннямі Дранько-Майсюк.

Фота Ірына Арахоўская

«Каварства і любоў Еўсцігнея Міровіча» – новая серыя з цыклу «Лабірынты». Еўсцігней Міровіч (Дунаеў) – знакаміты тэатральны рэжысёр першай паловы XX стагоддзя. Нарадзінец Пецярбургу, ён зрабіў сто гадоў таму беларускі тэатр па-сапраўднаму прафесійным і паспрыяў беларусізацыі.

Міровіч быў адным з першых мастацкіх кіраўнікоў Купалаўскага тэатру, сваёй п’есай «Кастусь Каліноўскі» творца паспрыяў папулярызацыі яго як нацыянальнага героя, шмат і яскрава эксперыментаваў на сцэне. У час, калі згортвалася беларусізацыя і савецкая ўлада абрала курс на вульгарызацыю культуры і мастацтва, яму ўдавалася не трапіць у апалу. Нават наадварот – быць у фаворы. Пры гэтым Міровіч ідэйна і творча дапамагаў калегам-рэжысёрам абыходзіць прымітыўную цэнзуру.

У фільме ён дапамог свайму сябру, Уладзіславу Галубку, які таксама не трываў абмежаванняў сацрэалізму і любіў пасваволіць у тэатры. Беларускі рэжысёр Галубок вылучаўся таленавітым маркетынгам (напрыклад, у Слуцку гледачоў на ягоныя спектаклі прывозілі задарма на пажарнай лінейцы), а таксама праславіўся такім меладраматызмам і натуралізмам інсцэнізацыяў, што быў празваны «душагубам беларускай сцэны» праз вялікую колькасць памерлых і забітых герояў.

Зрэшты, брутальнасці хапае і ў новай серыі «Лабірынтаў»: бокс, страляніна з рэвальвера, самагонка бабкі Тэклі, ГПУшныя фуражкі, ваўкі… І каварства, але яно дзеля жыцця сяброў, мастацтва і Беларусі.

Усе серыі «Лабірынтаў» глядзіце тут

КП для belsat.eu

Стужка навінаў