Пісьменнік Саша Філіпенка: «Рэжым Лукашэнкі проста не адпавядае часу»


4 жніўня выйшаў фінальны эпізод ютуб-праекту «Бывший сын. Солидарные чтения». Больш за трыццаць артыстаў, журналістаў і пісьменнікаў з Беларусі, Расеі і Украіны чытаюць раман Сашы Філіпенкі «Бывший сын». Мінчанін Філіпенка разам з прадзюсарам Аляксандрай Філіпенка задумалі гэты праект падчас выбараў прэзідэнта Беларусі як знак падтрымкі беларусам, якія спрабуюць адстаяць сваё права на свабоду выбару і свабоду слова. Беларуска-расейскі пісьменнік Саша Філіпенка распавёў Vot-tak.tv, чаму цудоўная Беларусь будучыні непазбежная і чаму народ, як герой яго рамана «Бывший сын», выходзіць з комы менавіта цяпер.

— Салідарнасць — здаецца, адно з важных слоў года. У розных гарадах і нават краінах праходзяць акцыі салідарнасці з Хабараўскам. Людзі выходзяць у пікеты салідарнасці з палітвязнямі, з ахвярамі хатняга гвалту, з журналістамі. Ваш праект называецца «Салідарныя чытанні». У дадзеным выпадку, гэта салідарнасць каго з кім?

— Я ўспомніў свае адчуванні ў 2010 годзе. Калі людзі ў Менску выходзілі на плошчу, у іх не было імкнення зладзіць рэвалюцыю, разнесці Дом урада. Калі ты жывеш у оруэлаўскім свеце з пастаяннай прапагандай, якая кожны дзень мусоліць, што трава зелянее і надоі малака павялічваюцца, то надыходзіць момант, калі табе здаецца, што ты такі адзін, хто ў гэта не верыць. І табе трэба ўбачыць, што ты не адзін, што ёсць людзі, якія падзяляюць твае погляды.

Пісьменнік Аляксандр Філіпенка. Фота з асабістага архіва

Я памятаю, як для мяне было важна, каб хтосьці праявіў з намі салідарнасць. Думаеш: ёсць гэтыя пяць тысяч чалавек, якія выйшлі, а астатнім пофіг. Мы чапляліся за любую падтрымку. За падтрымку мінака на вуліцы, які ўсміхаецца, за меркаванне аўтарытэтнага для нас чалавека.

Мне важна было зрабіць «Салідарныя чытанні», каб беларусы ўбачылі, што шмат вядомых людзей іх падтрымліваюць. І кажуць: так, вы маеце права на свабодныя выбары. Вы маеце права на тое, каб выказваць сваё меркаванне. У вас ёсць права не галасаваць за Аляксандра Лукашэнку, які 26 гадоў запар ва ўладзе. Нават калі вы галасавалі за яго тры разы, у вас ёсць права на чацвёрты раз сказаць «не». Вы маеце права выйсці на вуліцы Менску, і вас не павінны вязаць. І так, вельмі дрэнна, што людзі ў цывільным вас арыштоўваюць.

Наш праект — гэта салідарнасць з кожным чалавекам, які лічыць, што ў Беларусі не павінна быць людзей у цывільным.

— Як з’явілася ідэя «Салідарных чытанняў»?

— Здаецца, яна проста вісела ў паветры. Неяк вечарам мы з Сашай Філіпенка — дачкой Аляксандра Георгіевіча Філіпенкі, маёй цёзкай, але праз два «п», з якой мы робім розныя тэатральныя праекты, — загаварылі пра «Бывшего сына». І зразумелі, што кніжка па-ранейшаму актуальная. Я нават не памятаю, хто з нас прапанаваў арганізаваць чытанні. Спачатку я не верыў, што да нас далучыцца такая вялікая колькасць выдатных людзей. Але Саша казала: «Давай паспрабуем». І на наступны дзень у нас быў велізарны спіс выдатных людзей, якія сказалі: «Так, крута! Гэта трэба абавязкова рабіць».

Акцёр Аляксандр Філіпенка, прадзюсар Аляксандра Філіпенка і пісьменнік Саша Філіпенка. Фота з асабістага архіва

— Як вы складалі спіс?

— Для мяне было важна, каб удзельнічалі беларусы. Каб былі людзі, якія падзяляюць нашы погляды на жыццё, нашы прынцыпы. Мы хацелі, каб ўдзельнічалі нашы сябры з Расеі, Украіны. Мы вельмі рады, што амаль усе пагадзіліся. У кагосьці не атрымалася па тэхнічных прычынах. Адмовіліся толькі некалькі чалавек з Беларусі, якія асцерагаліся нейкіх наступстваў.

— Якіх наступстваў?

— Не ведаю. Можа, баяцца страціць працу. Я не буду называць ні іх прафесіі, ні імёны. Але сумна, што ў 2020 годзе людзі баяцца чытаць кніжку. І я рады кожнаму чалавеку, які ўзяў удзел: і вядомым журналістам Леаніду Парфёнаву, Андрэю Лашаку, Яўгену Кісялёву, і майму любімаму тэатральнаму рэжысёру Дзмітрыю Крымаву, і Андрусю Такіндангу, з якім мы ў школе вучыліся. Калі пагадзілася Людміла Уліцкая, гэта мне вельмі падесціла — аўтары не вельмі любяць чытаць іншых аўтараў. Усім, хто пагадзіўся, я вельмі ўдзячны.

— Я здзівілася, калі ўбачыла сярод чытальнікаў Дзмітрыя Навошу.

— Мы прыяцелі. У Менску сустракаемся, калі адначасова там бываем. Я таксама хацеў, каб ён прыняў удзел. Навоша не адмовіўся, проста гэта не яго фармат. Яму не зусім арганічна чытаць тэкст на камеру. Затое Дзіма нам вельмі дапамог інфармацыйна.

— У праекце ўдзельнічае Антон Севідаў (Tesla Boy). Ён таксама родам з Менску. Вы даўно знаёмыя?

— Так, ён з Менску. Больш за тое, мы жылі практычна ў адным двары! Але пазнаёміліся толькі ў Маскве, гадоў сем таму. Тады і даведаліся, што былі суседзямі. Атрымліваецца, Антон быў суседам галоўнага героя кніжкі.

Музыка Антон Севідаў, фронтмэн гурта Tesla Boy. Скрыншот з відэа ютуб-праекта «Былы сын. Салідарныя чытанні»

— Наколькі складана было каардынаваць гэты праект?

— Я да канца не верыў, што гэта можна зрабіць. Вялікая заслуга Сашы ў арганізацыі і прадзюсаванні. Мы не выдаткавалі ні капейкі. Усе ўдзельнічалі з салідарнасці, бясплатна. Я рады, што ў нас атрымалася. Мы бачым цяпер, што 60% нашых гледачоў —беларусы. Мы зрабілі роўна тое, што хацелі зрабіць. Беларусам —прадэманстраваць салідарнасць. А людзям, якія, не ведалі і не разумелі пра Беларусь, — растлумачыць, што там адбываецца і чаму. Цяпер мы атрымліваем неверагодна добрыя і важныя каментары. Пасля працы на «Дожде» я прывык, што шмат хэйцяць ў сацсетках. Я нават спытаў Сашу: «Мы самі пішам, ці што? Яны такія добрыя, што немагчыма ў гэта паверыць». У мяне прафдэфармацыя з-за працы на целіку, я такога не чакаў. Ёсць новы ўсплёск цікавасці да кніжкі, яе зноў чытаюць. У інстаграме бачыў пасты, што кніга пра Беларусь, але вельмі падобна на тое, што адбываецца ў Расеі.

— У рэпрэсіўных метадах расейскі рэжым літаральна пераймае беларускі досвед.

— Так. Але я спадзяюся, што цяпер у Беларусі пачнуцца выдатныя змены, і Расея рушыць услед добраму прыкладу, а не толькі дрэнным.

— Вы верыце ў перамены да лепшага?

— Мне здаецца, гэта пытанне не веры, а непазбежнасці. Можа, не зменіцца ўсё цяпер падчас выбараў ці адразу пасля, але механізм запушчаны. Улады спрабуюць размаўляць шляхам запалохвання і маркотнай прапаганды па тэлебачанні. Але іх ніхто не глядзіць. Людзі, асабліва маладое пакаленне, ужо ў ютубе.

Цалкам відавочна, што рэжым Лукашэнкі проста не адпавядае часу. Складана ездзіць па аўтастрадзе на гужавой фурманцы або лётаць у іншыя краіны на паветраным шары. Людзі прыдумалі электрамабілі, самалёты. Касмічныя караблі садзяцца на платформу ў акіяне. Змены — ужо непазбежнасць.

Вядома, гэта не адмяняе таго, што гэты рэжым можа працягнуцца яшчэ дзесяць гадоў. Я магу памыляцца — я не прагназіст, я фіксую час. Але па маім адчуванні, тое, што я цяпер назіраю і фіксую, — гэта змена эпох.

— «Бывший сын» выйшаў у 2014 годзе. З тых часоў прайшло некалькі хваляў эміграцыі і з Беларусі, і з Расеі. Вы па-ранейшаму адчуваецесябе «былым сынам» сваёй краіны?

— Гэта складанае пытанне, на якое можна адказваць гадзінамі. З аднаго боку, я адчуваю, як адрываюцца карані. Я пілігрым. У апошні год, да каронавірусу, я больш часу правёў у Швейцарыі, Францыі і Германіі, чым у Расеі, з-за таго што мае кнігі выдавалі ў гэтых краінах. Але я больш часу праводжу ў Беларусі, чым у Расеі. Цяпер я затрымаўся ў Расеі праз каронавірус і праекты, якія адкладаліся. А так у сярэднім чатыры разы на год я прыязджаю ў Менск і праводжу па некалькі тыдняў ці месяцаў.

Александр Филипенко
Пісьменнік і журналіст Аляксандр Філіпенка. Фота з асабістага архіва

У мяне ёсць вялікае жаданне падарожнічаць і далей глядзець на свет. Да пандэміі я па два-тры месяцы жыў у розных краінах. Гэта каштоўны вопыт для пісьменніка. Да таго ж кніжка, якую я цяпер пішу, таксама прадугледжвае вялікую колькасць паездак. Па архіўных дакументах я аднаўляю шлях майго героя з Турцыі праз Сербію і Балгарыю да Францыі. Мой сын вучыцца ў школе ў Пецярбургу, і яму там падабаецца. У Маскве ў мяне выходзяць спектаклі. Складана паверыць, што іх паставяць у Беларусі. І экранізацыя наўрад ці здарыцца на «Беларусьфільме».

Але з іншага боку, калі казаць пра тое, дзе мой дом, то цалкам дакладна ён застаўся ў Менску. Калі засынаю, часта ўяўляю сябе там. Зараз я ў доўгім падарожжы, якое пачалося ў 2003 годзе. І я ўяўляю, што калі-небудзь вярнуся ў Менск. Я не ўяўляю, што не вярнуся ў Менск.

— Як вам здаецца, чаму беларусы, як герой вашага рамана «Бывший сын», выходзяць з комы менавіта цяпер?

— З 2010 года вырасла яшчэ адно пакаленне, якое не хоча жыць у вечным Савецкім Саюзе. Я нядаўна смяяўся, калі Фэйсбук паказаў у мэмарыз, што сем гадоў таму я напісаў пост, што Лукашэнка ва ўладзе 19 гадоў. Немагчыма паверыць, што ўжо сем гадоў таму ён быў ва ўладзе не зразумей колькі!

Свет вакол змяняецца, а ўлада — не. У гэтым і затык рэжыму. Усё жыццё метады, якім ён карыстаўся, працавалі. А тут раптам ранейшыя механізмы перасталі працаваць. Людзі раптам выходзяць на вуліцы. Была падтрымка ў рэгіёнах, а цяпер — не. Блогеры нейкія ў ютубе — у іх нават тэхніку адбіраюць, а яны на наступны дзень зноў тут як тут. Непаслухмяныя ўсе сталі!

Да таго ж падчас эпідэміі каронавіруса беларусы ўбачылі, што ўлада да іх зусім па-наплявацельску ставіцца. Яны не хочуць пераварочваць і паліць машыны, бурыць дамы, біць вітрыны. Яны хочуць, каб перамены адбыліся мірна. Я перакананы, што пэўны парог пройдзены. Людзі не хочуць больш глядзець тэлеканал «Беларусь 1», а хочуць свабоды.

— Але рэакцыяй Лукашэнкі, наадварот, можа быць закручванне гаек?

— Я цалкам дапускаю, што пасля выбараў можа быць закручванне гаек, але гэта ўсё роўна не зменіць канчатковага выніку. Агонію можна падоўжыць на год, на два, але гістарычнага фіналу гэтага не зменіць. Я размаўляю з сябрамі ў Менску і задаю ім роўна тыя пытанні, якія вы мне цяпер задаяце. Ва ўсіх ёсць адчуванне, што шляху назад няма.

Гэта не пытанне 9 жніўня. Улады могуць намаляваць патрэбныя ім вынікі, але ніхто не ведае, як грамадства адрэагуе. Пытанне заключаецца толькі ў тым, калі гэта скончыцца: у асноўны час, дадатковы або будзе серыя пенальці.

— Вы самі будзеце галасаваць?

— Так. Я планаваў у гэты час у Менску быць, але ў мяне вялікі праект пераносіўся, і ў Менск я цяпер змагу прыехаць толькі пасля выбараў. Таму буду галасаваць у Санкт-Пецярбургу. Я, вядома, мала веру ў галасаванне ў пасольствах, але трэба гэта зрабіць. Я зарэгістраваўся ў «Голосе» — праграме штаба Ціханоўскай, у якой ты паведамляеш, як галасуеш.

— За каго вы аддасце свой голас?

— Я збіраўся галасаваць «супраць усіх», але маё меркаванне змянілася. Зараз прагаласаваць «супраць усіх» — значыць не праявіць салідарнасць. Ціханоўская абяцае новыя выбары, мне хочацца ёй верыць, таму я прагаласую за яе. А на новых выбарах я б хацеў, каб была сумленная канкурэнцыя, роўны доступ да СМІ ва ўсіх. У краіне павінны здарыцца вельмі зразумелыя перамены, якія ўжо на паверхні. Цяпер мы як краіна проста губляем час, а не хочацца яго губляць. Таму прагаласую за Ціханоўскую, каб здарыліся сумленныя адкрытыя выбары.

— Што вас больш за ўсё ўразіла падчас цяперашняй перадвыбарнай кампаніі?

— У дзеяннях рэжыму, напэўна, мала што здзівіла — улада нічога новага не прапануе: тыя ж запалохванні, людзі ў цывільным на вуліцах, маркотныя прапагандысты. Яны ўжо нават не выклікаюць агіды — толькі жаль. Але прыемна здзіўляюць кожны дзень усе людзі, якія выходзяць, асабліва ў маленькіх гарадах. Такая салідарнасць вельмі натхняе.

— У вас былі адчуванні, што настроі ў грамадстве мяняюцца? Ці тое, што адбываецца цяпер, стала для ўсіх нечаканасцю?

— Для мяне нечаканасцю стала, што выбары будуць у краіне і што ўлады вырашылі правесці іх летам, а не зімой, як раней, каб людзі мерзлі і нікуды не выходзілі. Я ўжо і забыўся, што ў нас бываюць выбары!

— Наколькі моцныя асцярогі беларусаў перад Расеяй?

— Пасля Крыму Расея стала «знешніх ворагам». Людзі ўбачылі, што Пуцін учыніў ва Ўкраіне. Мне здаецца, усе напалохаліся, што і з Беларуссю можа здарыцца тое ж самае: прыйдуць «зялёныя чалавечкі», і складана ім будзе супрацьстаяць. Безумоўна, асцярогі ў грамадстве былі і застаюцца. Думаю, Аляксандр Рыгоравіч зразумеў, што для яго небяспеку ўяўляюць хлопцы, якія прыйдуць і ў адзін дзень памяняюць уладу. Калі ў Менску пару гадоў таму разганялі мітынгі з вадамётамі, гэта быў сігнал не беларускай апазіцыі і народу, а Крамлю — маўляў, у нас не пракацяць гэтыя «аранжавыя рэвалюцыі», не турбуйцеся. Але мне вельмі не падабаецца гэтая рыторыка з «вонкавым ворагам». Мае сябры ў Расеі не падтрымліваюць тое, што робіць Пуцін. Мы бачым ад Масквы да Хабараўска, што многія супраць рэжыму.

Александр Филипенко
Пісьменнік і журналіст Аляксандр Філіпенка. Фота з асабістага архіва

— У інтэрв’ю ў 2015 годзе вы казалі, што ў Беларусі вас не лічаць беларускім пісьменнікам, а ў Расеі не лічаць расейскім. Што змянілася з тых часоў?

— Нічога не змянілася. Але нельга сказаць, што мяне гэта моцна трывожыць. Мяне чытаюць і ў Расеі, і ў Беларусі, і ў іншых краінах. Столькі перакладаў на розныя мовы, што я адчуваю сябе еўрапейскім пісьменнікам, мяне гэта цалкам задавальняе. Не мая справа, хто і якія цэтлікі на мяне навешвае. Ёсць людзі ў фэйсбуку, якія заўсёды ўсё лепш за ўсіх ведаюць. Ён не беларускі пісьменнік, таму што піша па-расейску. Ён не расейскі пісьменнік, таму што прыехаў з Менску. Мне гэта здаецца такім няважным. Усё роўна што футбалісту Аляксандру Глебу, які на піку сваёй кар’еры гуляў у лонданскім «Арсэнале», сказаць, што ён павінен быў гуляць за менскае «Дынама», каб яго лічылі беларускім футбалістам.

Аксана Бауліна/АА / vot-tak.tv

Стужка навінаў