«Пішчаць як рэзаныя, а потым – кладуцца і ціха паміраюць»: пад Рагачовам ад голаду дохнуць свінні


«Яны не ядуць па чатыры дні, наагул. Толькі падыдзеш – пішчаць як рэзаныя і стукаюць зубамі, а потым – кладуцца і ціха паміраюць. Немагчыма глядзець на гэта», – уздыхаюць работнікі ААТ «Селекцыйна-гібрыднага цэнтру «Зарэчча». TUT.BY зрабіў вялікі рэпартаж пра гаспадарку, якая знаходзіцца на мяжы выжывання.

Паводле выдання, людзі, якія там працуюць, папрасілі не называць іхныя імёны.

«Так дрэнна, як цяпер, яшчэ не было ніколі, нават у 90-я», – кажуць працаўнікі «Зарэчча». На прадпрыемстве, між іншым, працуе каля 600 чалавек.

Паводле працаўнікоў «Зарэчча», у мінулым годзе праз засуху быў неўраджай збожжа. У выніку корм давялося набываць, аднак пракарміць 60-тысячнае пагалоўе было не па кішэні.

«Яны ж [былое кіраўніцтва гаспадаркі] бачылі, што недаатрымалі кармоў, у гэтым выпадку трэба было скарачаць пагалоўе яшчэ да зімы, тады б мы пратрымаліся. Мы пра гэта казалі, але нас ніхто не слухаў. У выніку свінні цягам доўгага часу недаядалі, а цяпер – у красавіку і траўні – зусім кармоў няма, і гэтая галадоўка іх канчаткова дабіла», – распавядаюць працаўнікі.

Здаць свіней на мясакамбінаты немагчыма, бо там «ніжэй 105 кг не бяруць, а нашыя самыя «тоўстыя» ледзь 60 кг завешваюць», – тлумачаць работнікі.

Цяперашні дырэктар гаспадаркі заняў сваю пасаду пяць месяцаў таму і за нарыхтоўку кармоў не адказваў.

Цягам траўня ў гаспадарцы здохла каля 2000 свіней.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў