«Пірс». Як квартал мары ператвараецца ў квартал расталых надзеяў

Нават на этапе будаўніцтва «Пірс» быў ідэальнай канцэпцыяй жылога асяроддзя для людзей, у якіх ёсць выбар. Ён прыцягваў блізкасцю вадаёма, чыстым паветрам, лесам, закрытай тэрыторыяй, нізкай шчыльнасцю забудовы, архітэктурнымі рашэннямі, сучаснымі дварамі і прагулачнымі зонамі. Забудоўнік, А-100 Дэвелапмент, чаканняў не падманваў – рабіў тое, што паказваў на малюнках, і было відавочна, што ўсё здасць у тэрмін.

Забудова квартала «Пірс».
Фота: pirs.by

Мінусамі праекта можна было лічыць аддаленасць ад горада (чытай, выдаткі на транспарт) і дарагоўлю: купіць тут жытло маглі толькі людзі з даходамі значна вышэйшым за сярэдні. Але гэта адначасова гарантавала і фармаванне больш-менш аднастайнага сацыяльнага асяроддзя. Тут набылі кватэры, таунхаусы, дамы забяспечаныя айцішнікі, уладальнікі і топ-менеджмент высокатэхналагічных кампаній, архітэктары, дызайнеры, музыкі. У асноўным – маладыя, якія не раз бывалі ў Еўропе і прадстаўляюць, што такое сучаснае камфортнае жытло. А заадно і камфортнае жыццё.

Людзі, з якімі даводзілася гутарыць, як адзін паўтаралі: «Пірс» настолькі прыгожы і унікальны, што цэны тут будуць толькі расці. Гэта выдатная інвестыцыя, тут заўсёды можна будзе прадаць кватэру даражэй, чым яна абышлася. Тое, што будзе адбывацца пасля жніўня, ніхто проста не мог уявіць.

Меркаванні
Трэці месяц дэпрэсіі і руху да метра «па 500». Чаму гэта – рух да катастрофы
2020.11.12 12:52

«Былі ў «Пірсе» нядаўна, вырашылі ўсё-ткі прыступіць да рамонту сваёй кватэры. На кожным доме-бел-чырвона-белыя сцягі і расцяжкі «прадаецца». Людзей амаль няма. «Пірс» так і не засяліўся, у дамах, якія даўно здадзеныя, вокны свецяцца нават не ў палове кватэр. Тое, што здалі нядаўна, не заселенае і на траціну. Сумна гэта ўсё неяк», – кажуць гэтыя ж людзі цяпер.

Увогуле, серада сфармавалася, і гэтая серада цяпер у здзіўленні. Чаго далей чакаць? Наколькі зацягнецца гэты крызіс? Ці мае сэнс заставацца ў Беларусі, ці бяспечней усё ж з’ехаць? Жыхары «Пірса», як усе паспяховыя беларусы, на нізкім старце: узважваюць за і супраць, падбіраюць варыянты.

Падобна на тое, нехта ўжо растраціў аптымізм і прыняў рашэнне прадаваць жытло, у якім так і не паспеў толкам пажыць. У дамах толькі ад першых уладальнікаў – 20 прапановаў кватэр. Любых. У панэльных дамах, у каркасных, у таунхаусах. Аднапакаёвыя, двухпакаёўкі, пяціпакаёвыя, пентхаусы. Ступень рамонту ад «конь не валяўся» да «прывозь зубную шчотку і жыві». Кошты – ад 50 тысяч долараў за аднапакаёвую і 74-х за двухпакаёвую да 290 тысяч за двухузроўневы таунхаус. Пры тым, што нераспрададзеныя метры ёсць і ў забудоўніка: і вялікія апартаменты з «дакрызісным» цэннікам у 115-150 тысяч, і трохпакаёвыя па 95, і двушкі ў панэльным доме пры дарозе па 78.

Кватэра з сайта забудоўніка.
Фота: pirs.by

Зрэшты, цэннік – паняцце ўмоўнае. Складана сказаць, за колькі ўсё гэта можа быць прададзена цяпер, калі мэтавая аўдыторыя – заможныя маладыя людзі, якія хочуць «жыць на прыродзе, але з гарадскім камфортам» патрапілі ў сітуацыю поўнай нявызначанасці.

Меркаванні
«Дана Холдынгз» спыніла будаўніцтва дамоў у «Менск-Міры»
2020.11.05 11:48

«Мы думалі прадаваць сваю кватэру, але пагаварылі з рыэлтарамі, і зразумелі, што наўрад ці атрымаем нават тое, што ўклалі. Бачыла прапановы, калі цана роўная цане пакупкі, але яны не сыйшлі, значыць, будуць прадаваць яшчэ танней. Увогуле, мы вырашылі дарабляць рамонт – проста каб не думаць аб найгоршых сцэнарах развіцця сітуацыі. Страшна ўявіць, што «Пірс» стане помнікам нашым надзеям, паўпустым, у расцяжках «Прадам», – кажа пара айцішнікаў.

Найгоршы сцэнар сапраўды так выглядае. Але пакуль панікаваць рана. Сотні кватэр прададзеныя, пакуль прапановаў (другасных і ад забудоўніка) – каля 10% ад агульнага аб’ёму. Гэта яшчэ можна лічыць проста «званочкам». Лёс жылога комплексу наўпрост залежыць ад палітычнай сітуацыі і веры яго жыхароў у тое, што ў краіне ў агляднай будучыні запрацуюць законы. Бо сам жылы комплекс працягвае зачароўваць – дворыкамі, лужкамі, праменадам ля каналу, крыху змрочным, але жывым лесам за плотам. І неверагоднымі суседзямі, якія замацавалі на балконах Нацыянальныя Сцягі.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў