Піражкі, рулет з яйкам, гарэлка. Што ў меню буфетаў на выбарчых участках Берасця? РЭПАРТАЖ


Школьная сталовая падчас выбараў.

На большасці выбарчых участкаў, дзе пабывалі журналісты «Белсату», паводле дадзеных участковых камісіяў, датэрмінова прагаласавала больш за 30% выбарцаў. Менавіта таму сёння на ўчастках не было шматлюдна. Праўда, буфеты людзі наведваюць актыўна.

Усяго за крыху больш, чым 2 рублі, тут можна паесці і выпіць. Пакуль нашыя карэспандэнты працавалі на самім выбарчым участку, у буфеце разабралі ўсе піражкі з павідлам за 18 капеек.

Буфет берасцейскага тэхнічнага універсітэту

«Ды шмат хто не ідзе на гэтыя ўчасткі, прыходзяць да нас, піражкі нашыя купляюць. Мы 150 штук напяклі і ні аднаго не засталося, бо смачныя былі. Вось і галубцы разабралі, і рулет з яйкам…», – распавядае прадавачка.

Школьная сталовая падчас выбараў. Працаўнікі кожнай школы стараюцца ўпрыгожыць сваю тэрыторыю.

Кошты і сапраўды нізкія – вось людзі і ідуць на ўчастак пачаставацца. Хаця шмат нашых суразмоўцаў не вераць, што іх голас нешта вырашае. На ўчастках зусім няма моладзі, большасць наведнікаў – пенсіянеры.

Падчас выбараў у школьных буфетах прадаецца танная гарэлка

У школьных буфетах з 8.00 наліваюць гарэлку, па 74 капейкі за 50 грам. Прадстаўнікі выбарчай камісіі лічаць, што ў дзень выбараў, школьныя буфеты не лічацца школьнымі, а таму алкаголь – не праблема.

Школьная сталовая падчас выбараў.

На фоне гэткага свята, незалежным журналістам на ўчастках не вельмі радыя. Акрамя службовага пасведчання, «белсатаўцаў» прасілі паказаць рэдакцыйнае заданне. Як яно мусіць выглядаць – чальцы камісіі дакладна не ведаюць. Калі карэспандэнты «Белсату» папрасілі спаслацца на прававы акт, дзе гаворыцца штосьці пра такое «заданне», у камісіі сказалі, што атрымалі адпаведныя інструкцыі датычна недзяржаўнай прэсы.

АЛ, МХ, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары