Пікет у падтрымку Святланы Ціханоўскай у Быхаве: адкрыты мікрафон і музыка. Фотафакт


Мерапрыемства працягнецца да 14:00.

Фота: Belsat.eu
Фота: Belsat.eu

26 ліпеня ў Быхаве ладзіцца пікет у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Самой кандыдаткі на прэзідэнцтва тут няма, мерапрыемства ладзяць давераныя асобы. Пачаўся пікет з выступу з праграмай Ціханоўскай, потым быў адкрыты мікрафон, калі кожны мог агучыць праблемы, якія яго хвалююць. Таксама гучыць музыка.

Фота: Belsat.eu

Давераная асоба Святланы Ціханоўскай, палітык Уладзімір Шанцаў, лічыць, што сама Святлана не ў стане аб’ехаць усе гарады, але гэта зрабіць вельмі важна, бо «з людзьмі трэба размаўляць і іх трэба слухаць». Таму ён з іншымі даверанымі асобамі сёння і наведаў Быхаў, а ўвечары з 17:00 да 19:00 правядуць пікет у Чэрыкаве.

Фота: Belsat.eu

Жыхары Быхава актыўна выказваюцца ў вольны мікрафон.

«Я хачу кожны дзень прачынацца і бачыць, што мае блізкія людзі побач і ім добра. Я хачу хадзіць на працу не для галачкі, а для таго, каб рабіць нешта карыснае. Я хачу, каб мой муж больш не зʼязджаў на заробкі за мяжу, а быў дома са сваёй сямʼёй. Я хачу 5 дзяцей, як у маёй бабулі, але не магу гэта дазволіць на свой заробак у 200 рублёў», – сказала маладая жанчына на пікеце ў Быхаве.

Фота: Belsat.eu

Больш сталы мужчына з натоўпу выказаўся так:

«Вам дзяржава кажа, што яна добрая і вы добра жывяце дзякуючы ёй. Але гэта не так. Добра вы жывяце дзякуючы людзям. [Дзякуючы] настаўніцы, якая за свае грошы набыла фарбу і пафарбавала вокны ў класе, выхавальніцы, лекару і іншым людзям, якія адказна ставяцца да сваёй працы і па крупінах робяць нашае жыццё лепей».

Фота: Belsat.eu

Пікет ля цэнтру культуры працягнецца да 14:00. Тут можна не толькі сказаць пра набалелае, але і запісацца ў назіральнікі.

Вольга Васільева, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў