Петыцыя ў інтэрнэце патрабуе праверыць законнасць выказванняў МУС пра ЛГБТ


У інтэрнэце збіраюць подпісы пад зваротам у Генпракуратуру з патрабаваннем праверыць законнасць скандальных выказванняў на сайце МУС Беларусі.

20 траўня на старонцы міністэрства ўнутраных справаў з’явіўся тэкст пад загалоўкам «Мы – за сапраўднае!», у якім выказваецца шкадаванне з нагоды таго, што 17 траўня над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску быў вывешаны вясёлкавы сцяг – сімвал ЛГБТ-супольнасці.

Дыпламаты з Брытаніі хацелі такім чынам звярнуць увагу на ЛГБТ-людзей і дыскрымінацыю, з якой яны сутыкаюцца. На гэта сілавікі заўважылі, што пераважная большасць беларусаў прытрымліваецца традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, таму пазіцыя брытанскай амбасады – «выклік гэтым каштоўнасцям».

Заканчваецца тэкст на сайце міліцэйскага ведамства словамі «Мы – за сапраўднае, яны не пройдуць!»

Подпісы супраць

Ужо сёння ў інтэрнэце з’явілася петыцыя «За сапраўдную міліцыю – для ўсіх!», якая ўтрымлівае два патрабаванні:

1) праверыць законнасць падобных выказванняў;

2) прыбраць дадзены матэрыял з сайта і ўстрымацца надалей ад каментароў падобнага зместу, дзе адмаўляецца абавязак абараняць жыццё, здароўе, гонар, годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзянаў ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў незалежна ад іх грамадзянства, сацыяльнага, маёмаснага і іншага становішча, расавай і нацыянальнай прыналежнасці, полу, узросту, адукацыі і мовы, адносіны да рэлігіі, палітычных і іншых перакананняў, а таксама ад іншых абставінаў.

Аўтар петыцыі адзначаюць, што задачы органаў унутраных справаў фармуюцца вакол абароны правоў грамадзянаў.

«Органы ўнутраных спраў працуюць за падаткі грамадзянаў Рэспублікі Беларусь і ў іх інтарэсах. Органам унутраных спраў можна толькі тое, што прама прадугледжана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Нідзе ў заканадаўстве не замацаванае права органаў унутраных справаў выступаць з ідэалагічнымі каментарамі і даваць неправавыя адзнакі асобным сітуацыям, замест выконвання сваіх асноўных абавязкаў па папярэджанні і раскрыцці злачынстваў і дзейнасці ў межах сваёй кампетэнцыі», – піша аўтар петыцыі.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары