«Песня «Жлобская нацыя» прымушае нас схамянуцца». Сябры пра 60-годдзе Віктара Шалкевіча


Віктар Шалкевіч, рамантычны і іранічны бард, актор і літаратар, без якога цяжка ўявіць сабе не толькі 90-я, але і сённяшнюю беларускую сцэну, 9 лютага сустрэў 60 год. 16 лютага музыка адсвяткуе юбілей на адной з менскіх сцэнаў.

Пра Віктара сябры і слухачы, суседзі і менчукі кажуць па-рознаму, але адоранасць, працавітасць і талент прызнаюць яму ўсе. Без выняткаў.

Справка
Уладзімір Кіслы. Фота Радыё Свабода

Актор Аляксандр Рацько, Горадня:

Я вельмі ганаруся, што мы стаялі з ім на адной сцэне і гралі з ім у адных спектаклях. Гэта вельмі таленавіты і вельмі цікавы чалавек. Я хачу сказаць пра яго, што ён казаў так: у жыцці трэба займацца тым, што табе падабаецца. І ведаеце, я вазьму для сябе таксама гэтае крэда як правіла жыцця. Слухаць разумных людзей і браць ад штосьці – гэта вельмі важна. Я ўдзячны лёсу, што сустрэў Віктара ў жыцці. А як актор ён мае ўнікальны дар: сумяшчаць у адной асобе філосафа, сціплага і ўдумлівага чалавека і гэткага балагура – жартаўлівага актора. Як ён гэта робіць я не ведаю. Але быць на гэтых дзвюх прыступках і заставацца аднолькава арганічным – гэта можа толькі ён. Такіх актораў як Віктар яшчэ пашукаць.

Алесь Сураў

Мастак, рэстаўратар Уладзімір Кіслы, Горадня:

Унікальны Віктар тым, што ён падняў цікавы пласт. Нарэшце мы з яго дапамогай выбраліся трошкі з гэтай сялянскай васількова-калоссевай тэмы. І з гэтай тэмы «я без цябе, ты без мяне…» і гэтак далей.

Ягоны сарказм падняў пласт, які дагэтуль у нас не культываваўся. Мы народ даволі сентыментальны, вечна гэтыя Марыські і Ганулькі, каторыя вечна плачуць. А ў яго трошкі іначай гэта пададзена.

І той факт, што ён усялякага роду дурасць дастае на свет божы – гэта таксама пра нешта гаворыць. Тым болей, што як чалавек таленавіты ён падае гэта ў такой даступнай форме, усе гістарычныя, культурныя, сацыяльныя справы. Нас яднаюць доўгія гады сяброўства, і гэта, ведаеце, як казаў некалі Высоцкі: «хіба б я гэта пісаў, каб не Вася Шукшын, не іншыя сябры…» У Шалкевіча ёсць асяроддзе, прыхільнікі, якія ўспрымаюць яго, адчуваюць, і чакаюць новыя творы – і гэта сакрэт доўгатэрміновага творчага жыцця.

Адам Глобус

Дызайнер Алесь Сураў, Горадня:

Віктар – асоба, канечне, неадназначная. Ну а як можа быць у шматкроць таленавітага чалавека адназначны характар? Бог даў яму многа, і таму ён кідаецца з аднаго жанру ў другі жанр, з аднаго мастацтва ў другое мастацтва – і гэта нармальна. Мы неяк не можам адарвацца ад думкі, што чалавек павінен быць правільным. Але хто знае, які ён – чалавек правільны? І таму я Віктара ўспрымаю цалкам. Ён настолькі моцная і важкая частка гарадзенскага мастацтва, гарадзенскай культуры!

Адно тое, як яго асобу спрабуюць замоўчваць афіцыйныя ўлады, дае гонар і яму і нам усім, як доказ таго, што ён на правільным шляху. Таму я неверагодна рады, што я з ім знаёмы, я яго шаную як суседа, як чалавека, які думае так, як я. І мы рознымі шляхамі, але ідзем, узбагачаемся і адзін другога паатрымоўваем на дарозе «гарадзенцаў культуры».

Вінцук Вячорка. Фота Радыё Свабода

Мастак, літаратар Адам Глобус, Менск:

Мы разам вучыліся ў інстытуце… Я зусім не памятаю яго ў тыя студэнцкія часы. Зусім. Для мяне сённяшні Шалкевіч – гэта голас прыпамежнай, прыпольскай правінцыі. Ён амбітны, ён ганарысты, але, як і ўсе акторы, крыху мазахіст. Такі сабе класічны прадстаўнік «жлобскай нацыі». Магчыма, таму, што я не люблю шансон. Я люблю рок.

Мне прыемна сустракаць Шалкевіча ў сталічных кнігарнях, калі ён з томікам у руцэ задуменна стаіць каля касы і думае: «Браць ці не браць?»

Віктар Шалкевіч

Філолаг Вінцук Вячорка, Менск:

Віктар Шалкевіч – адна з найярчэйшых зʼяваў, сістэмных зʼяваў беларускай культуры, менавіта як спявак, спявак-актор. Ён стварыў цэлую галерэю вобразаў, якія ўвайшлі ў залаты цытатны фонд, яны расцяганыя на мэмы сучаснай беларускай культурай, прычым не толькі заходнебеларускай, хоць ён плоць ад плоці заходнебеларускага дыскурсу нашай нацыянальнай філасофіі, але і гарадской культуры краіны. Ягоныя іранічныя вобразы («паплыў як купальскі вянок»), філасофскія («яна праваслаўная, я каталік»), ягоныя шчымлівыя лірычныя песні – гэта ўсё застанецца з намі назаўсёды і перажыве нашае і наступныя пакаленні.

Што ж тычыцца песні «Жлобская нацыя», скажу так: Віктар – не проста патрыёт Беларусі і нашай зямлі, але яшчэ і чалавек, які хоча, каб мы ўсе былі лепшымі. І гэта – балючая песня, гэта мусіць быць, што называецца, люстэркам для нас, для некаторых з нас, песня, якая як звон прымушае схамянуцца.

Сам Віктар Шалкевіч да свайго юбілею падышоў сціпла і прафесійна: ён падрыхтаваў новы, дзявяты ўжо з ліку, альбом песень «Такая доўгая зіма»:

Харошы рокавы альбом атрымаўся. А дапамагалі мне ў гэтым манахі з кляштару ў Баранавічах. Салідныя манахі, і я вельмі ганаруся супрацай з імі. Ведаеце, бывае, пайшлі людзі ў кляштар, а самі ж нешта і іншае ўмеюць, так і там – сярод іх і клавішнікі ёсць. І вось з імі я і запісваў, і вельмі ўдзячны. Праўда, яны прасілі не называць імёнаў.

У альбоме 9 песень: песня пра вясну, пра тое, якая доўгая зіма, пра Міцкевіча, які ніколі не ездзіў у плацкартным вагоне, пра беднага вясковага бога, якую я страшэнна люблю, і пра ўкраінскі горад Скалат. Калі б я мог нарадзіцца яшчэ раз, я б нарадзіўся ўкраінцам і жыў бы ў Скалаце…

16 лютага ў Менску ў мяне будзе канцэрт, а запісалі мы альбом тут, у Горадні, пры дапамозе Паўла Мажэйкі і Цэнтру гарадскога жыцця.

ВГ belsat.eu

Стужка навінаў