«Першыя саветы прыехалі да нас, як звяры…»: гарадзенцы пра падзеі 1930-х. Успаміны выдалі асобнай кнігай


Арыгінальныя старыя фота гарадзенцаў на прэзентацыі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Гісторыі з гродзенскіх вуліц» – новая кніга Руслана Кулевіча. Фактычна гэта зборнік успамінаў сталых гарадзенцаў пра 1930–40-ыя гг. Пра жыццё, грошы, страх, смерць, каханне і сам горад над Нёмнам.

Журналіст Руслан Кулевіч некалі спецыялізаваўся на навінах з гарадскога жыцця, здарэннях, культурных падзеях. Але пару гадоў таму заняўся пошукам і запісам інтэрвю з гарадзенцамі, народжанымі ў 1920–1930-х гг. Так бы мовіць з апошнімі сведкамі эпохі.

Цікавасць у тым, што ўспаміны звычайных людзей – не палітыкаў ці военачальнікаў – зазвычай пазбаўленыя ідэалагічных штампаў і дазваляюць убачыць жыццё зусім іншага гораду.

«Гісторыі з гродзенскіх вуліц» – ужо другая кніга Кулевіча. На прэзентацыю прыйшлі без перабольшвання сотні людзей. Прыйшлі таксама і некаторыя героі кнігі, каб пераказаць убачанае і перажытае 60–70 гадоў таму перад аўдыторыяй.

Першыя Саветы. «Глядзі, які халера, казаў, што кахае…»

«Ведаю, што да вайны бацька нават камяні на полі збіраў на будаўніцтва новага дому, – распавядае Зоф’я Закшэўская (1936 г.н.), – пачалася вайна, прыйшлі саветы і зямлю забралі. Сказалі, дах над галавой маеце, то другі дом вам і не патрэбны. Так мы і пазбавіліся сваёй зямлі… Каня ў бацькі забралі. Людзі баяліся нешта казаць ці абурацца, бо шмат каго вывозілі, як у нас казалі «на белыя мядзведзі».

«Гісторыі з гродзенскіх вуліц». Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Былі ў нас суседзі на вуліцы: Чугай, Кулагіны, Лапышы, Строцкія і Пентка. Апошніх вывезлі з канцамі праз тое, што ў іх зяць быў паліцыянтам. Людзі плакалі і крычалі. Камуністы імкнуліся вывозіць людзей уначы, але нашу сям’ю не кранулі. Адкуль у іх была тая агрэсія, мы не ведалі. Першыя саветы прыехалі да нас як звяры. Яны сябе лічылі героямі, а нас бюракратамі і мільянерамі…

Зоф’я Закшэўская. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Адзін з тых «герояў» нават да маёй сястры заляцаўся, перад мамай на калені падаў, каб яна аддала дачку за яго. Абяцаў, што шлюб браць будуць у касцёле, нягледзячы на тое, што камуніст. Яго пасля перавялі ў іншае месца, пачаў лісты пісаць. Маці перакладала з расейскай. Пасля ўжо напісаў, што ў касцёл яго ланцугамі не зацягнеш. Маці тады сказала сястры: «Глядзі, які халера, казаў, што кахае, а цяпер яго ланцугамі ў касцёл не зацягнеш!»

Арыгінальныя старыя фота гарадзенцаў на прэзентацыі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Найн пфеніг. Бом-бом!» Акупацыя

«Памятаю, як немцы са сваймі «фраў» хадзілі па Нарутовіча з вялікімі сабакамі, – распавядае Іосіф Компель (1935 г.н.), – а мы – мясцовыя хлопцы – працягвалі руку і прасілі пфеніг. Памятаю, немец адзін сказаў: «Найн пфеніг. Бом-бом!» Кінуў нам цукерак. Мы тады быццам і баяліся немцаў, але ўсё роўна да іх ішлі. Асабліва страшна было, калі бачылі рудавалосых або афіцэраў. Адзін так мне даў нагой, што я дагэтуль той боль памятаю. Боты ў іх былі незвычайныя, падкаваныя. Ад удару ў мяне ажно скура лопнула на спіне…

Іосіф Компель. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

У 44-м у мяне быў цэлы арсенал зброі, палова хлява была гэтым запханая. Там і гранаты былі, і пісталеты, аўтаматы нямецкія і савецкія… Усё, што хочаш, толькі танку і гарматы не было. А іх, падбітых, хапала на палях, уздоўж Грандзіцкай. Іншым разам нясеш пісталет у хлеў і глядзіш, што ў цябе такі ўжо ёсць, то выкідаеш яго праз плот да суседзяў.

Мы нічога не баяліся і збіралі ўсё, што трэба было. Былі выпадкі, што здымаеш з забітага немца боты, як пацягнеш – і разам з ім палова нагі адрываецца. Частку цела выкідаеш, а боты сабе бярэш. Такі быў час».

Аншлаг падчас кніжнай прэзентацыі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Другія Саветы. «Чалавек стаяў у кузаве машыны з пятлёй на шыі…»

«Савецкая ўлада ў першыя паваенныя гады стала наводзіць парадкі ў горадзе, – распавядае Тамара Кежкоўская (1933 г.н.), – неяк з братам мы апынуліся на Савецкай плошчы, а там шмат народу сабралася. Не маглі праціснуцца. Апынулася, там вешалі людзей… Рускія вешалі паліцаяў ці кагосьці яшчэ там. Памятаю, чалавек стаяў у кузаве машыны з пятлёй на шыі, а калі яна ад’ехала, ён павіс. Страшнае відовішча.

Тамара Кежкоўская. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Арыштоўвалі настаўнікаў, пісараў ды іншых. За любую сувязь з палякамі ці немцамі. Нават калі ў калгас не ішоў, то маглі вывезці. Мы жылі недалёка ад турмы. Памятаю, як некалькі разоў па Пясочнай вялі калону людзей: наперадзе жанчыны, далей мужчыны. Перад імі салдат са стрэльбай, па баках ахоўнікі з сабакамі. Вялі на перон, грузілі ў таварныя вагоны і вывозілі…

Руслан Кулевіч, аўтар кнігі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Ведаеце, я жыла ў сваёй Горадні пры паляках, пры першых і другіх саветах, пры немцах і пры беларусах. У сваёй незалежнай Беларусі мне жывецца лепш за ўсё».

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў