Першыя канцлагеры ў Беларусі стварылі бальшавікі – 100 гадоў таму


У жніўні 2020 года пад Слуцкам улады арганізавалі нешта кшталту імправізаванага канцлагеру для арыштаваных. Найбольш вядомыя цяпер аналагічныя ўстановы нацыстаў. Аднак самыя першыя канцлагеры ў Беларусі арганізоўваліся 100 гадоў таму – расейскімі бальшавікамі.

Ужо з вясны 1918 года бальшавікі пачалі будаваць канцлагеры для застрашвання і пакарання нелаяльных ці падазраваных у нелаяльнасці асобаў і выкарыстання бясплатнай працоўнай сілы. Старых турмаў у Беларусі ўжо не хапала, каб зняволіць патрэбную бальшавікам колькасць людзей.

Лагер за лагерам

Яшчэ падчас савецка-польскай войны – у чэрвені 1919 года – на загад Масквы было вырашана стварыць на Меншчыне лагер прымусовай працы для «лішніх людзей» ЛітБел ССР, у тым ліку няпоўнагадовых дзяцей. Аднак выканаць гэтага плану не ўдалося – польскія войскі пайшлі ў наступ.

«Няхай жыве Чырвоны Тэрор» – камуністычны транспарант 1918 года. Крыніца: wikimedia.org.

Потым зусім кароткі час у верасні 1920 года ў Менску існаваў лагер для польскіх ваеннапалонных і мясцовага насельніцтва. Аднак ужо ў канцы месяца з-за польскага контрнаступу канцлагер перавялі ў горад Рослаўль на Смаленшчыне.

Вяртанне бальшавікоў у Менск азначала першае паўстанне канцлагеру ўжо на доўгі час – у студзені 1921 года яны планавалі стварыць яго ў раёне сучасных вуліцаў Энгельса і Маркса. Аднак, перабіраючы варыянты, урэшце было вырашана стварыць лагер у былым дамініканскім кляштары, які займаў плошчу каля 2 гектараў. Гэта была тэрыторыя сучаснай вуліцы Інтэрнацыянальнай і Палацу Рэспублікі.

Дамініканская вуліца, фота другой паловы XIX ст. Крыніца: wikimedia.org.

На вокны кляштарных будынкаў паставілі краты, вакол усталявалі плот з калючым дротам. Менскі канцлагер адкрылі ў канцы сакавіка 1921 года. Ён быў разлічаны на 300 чалавек. Таксама дзеялі канцлагеры ў Віцебску, Гомлі, Смаленску.

Беларускае насельніцтва, аднак, працягвала супраціў савецкай акупацыі. Таму бальшавікі планавалі таксама стварыць для беларусаў канцлагеры ў Полацку, Рэчыцы і Бабруйску.

Краіна ў закладніках

100-тысячнае насельніцтва тагачаснага Менску добра ведала пра лагер у самым цэнтры гораду, прычым ведала не толькі з чутак, якія хадзілі па горадзе, а магло дазнацца пра яго з афіцыйных каналаў, пісаў гісторык Аляксандр Гужалоўскі.

Аляксандр Гужалоўскі, доктар гістарычных навук, даследчык гісторыі Менскага канцлагеру.
Фота: wikipedia.org

На старонках галоўнай рэспубліканскай газеты «Звязда» ў 1921 годзе рэгулярна публікаваліся спісы людзей, накіраваных у канцэнтрацыйны лагер. Газетныя абвесткі адкрыта пагражалі цывільнаму насельніцтву рознымі тэрмінамі зняволення ў канцлагеры.

Спачатку канцлагер ахоўвалі чырвонаармейцы, потым ахову перадалі міліцыі. Зняволеныя працавалі не толькі на тэрыторыі лагеру – часам іх пад канвоем вадзілі на працы ў горад.

У лагеры былі вельмі розныя людзі – ад актывістаў антысавецкага супраціву да сялянаў, якія ўхіляліся ад савецкай мабілізацыі ці хавалі ад бальшавікоў сваю прадукцыю. Саджалі таксама тых, хто займаўся працаю без афіцыйнай рэгістрацыі, звычайных крымінальнікаў. Адпаведна, тэрміны зняволення былі вельмі розныя: хтосьці мусіў сядзець менш за месяц, а хтосьці – гадамі.

Значную долю складалі людзі, якія афіцыйна называліся закладнікамі, – бальшавікі пагражалі іх знішчыць, калі іхныя сваякі ці землякі будуць чыніць супраціў акупанцкай уладзе.

Будынак кляштара падчас нямецкай акупацыі, 1943 год. Крыніца: Bundesarchiv.

Якраз палітычныя ворагі бальшавікоў найперш траплялі ў Менскі канцлагер. Гэтак, існуюць звесткі пра 305 зняволеных у лагеры з 15 кастрычніка да 1 снежня 1921 года. З іх каля 200 – гэта асуджаныя ў палітычных справах, яшчэ 26 чалавек – закладнікі.

Найбольшую групу зняволеных складаюць сяляне – 208 чалавек, шляхты толькі каля дзясятка. Паводле нацыянальнага складу – 260 беларусаў. Вельмі частым абвінавачаннем быў «бандытызм» – як пазней нацысты, гэтак і бальшавікі называлі партызанаў «бандытамі».

Гэтак, у красавіку 1922 года ў Менскі канцлагер трапіла Мальвіна Ліпская з Лунінца, абвінавачаная ў «бандытызме і шпіянажы». Ейнага брата Станіслава расстралялі за дапамогу атрадам, якія прыходзілі з Заходняй Беларусі пад лозунгам вызвалення сялянаў ад бальшавікоў. Мальвіну Ліпскую асудзілі на 3 гады зняволення.

Праца за кратамі

Усе асабістыя рэчы, за выняткам адзення, пасля прыбыцця чалавека ў лагер канфіскоўваліся. Мужчыны, жанчыны, а таксама непаўналетнія ўтрымліваліся ў розных памяшканнях. Ежы зняволеным давалі мала, таму ў значнай ступені зняволеныя залежалі ад перадачаў. Яны мелі права на спатканні з роднымі, ліставанне, прагулкі.

Чэкісты хацелі, каб лагер сам сябе фінансаваў – у выніку людзей у пэўным сэнсе здавалі ў арэнду той ці іншай арганізацыі. Адна з першых замоваў была ў красавіку 1921 года з боку Цэнтральнага бюро КП(б)Б – на чатырох жанчын для мыцця падлогі ды вокнаў.

У наступныя месяцы зняволеныя працавалі на нарыхтоўцы дроваў, на арандаванай цагельні, на торфараспрацоўках у раёне ракі Цна. Яны чысцілі чыгуначныя камунікацыі ад снегу, грузілі збожжа, секлі ды пілавалі дровы ў Савеце народных камісараў і БДУ. Лагерныя майстэрні выраблялі кубкі, шынялі, валёнкі.

Ліквідацыя Менскага канцлагеру

У 1922 годзе бальшавікі, пабачыўшы адмоўную рэакцыю насельніцтва на сваю палітыку, паступова сталі адкручваць гайкі. Пачынаўся перыяд новай эканамічнай палітыкі – адноснай лібералізацыі сферы эканомікі, частковага змякчэння палітычнага заканадаўства. Пачаліся амністыі.

У 1923 годзе сумнавядомая ўстанова перастала існаваць. Частка зняволеных атрымала свабоду, рэшту перавялі ў іншыя месцы.

Аднак сама пабудаваная на тэроры савецкая сістэма не перастала існаваць. Ужо праз некалькі гадоў, калі бальшавікі будуць праводзіць канчатковае рашэнне сялянскага пытання, тэмпы пераследу і забойстваў зноў вырастуць, рэзка павысіцца колькасць турмаў і канцлагераў, як і колькасць людзей у іх.

Гэтая сістэма, што, як і нацысцкая, дзеліць людзей на патрэбных і «лішніх», відавочна, дагэтуль існуе ў некаторых галовах і дае рэцыдывы ў нашай краіне.

belsat.eu

Стужка навінаў