Першы Новы год для новае Беларусі

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

Звычайна з новым годам віншуюць чыста фармальна – праз лічбы на календары мала што мяняецца. Аднак цяпер мы ведаем, што 2021 год будзе сапраўды пачаткам новага часу ў Беларусі.

«Гэта будзе сапраўдны Новы год», – нечакана пачуў я на днях ад людзей, звычайна даволі далёкіх ад палітыкі.

Год таму мы не ведалі, якім нечакана бурлівым будзе 2020-ы. Тады мы нічога ад наступных 12 месяцаў не чакалі – ну, будуць зноў «выбары», зноў выбарчыя камісіі намалююць тое, што ім загадаюць. А краіна працягне жыць сваім жыццём, намагаючыся мінімальна звяртаць увагу на бздуры кіраўніка.

І раптам усё жыццё Беларусі змянілася – людзі паказалі свой сапраўдны твар. Адныя выявілі мужнасць, высакароднасць, дабрыню і самаадданасць, іншыя – баязлівасць, подласць, цынізм і крыважэрнасць.

2020 год стаўся гістарычным часам, калі беларусы значна лепш пачалі разумець саміх сябе і свае магчымасці. Цяпер не проста ўвесь свет, а – што значна важней – уся Беларусь ведае, што беларусы могуць змяніць сваю краіну за некалькі дзён.

Пратэст на плошчы Незалежнасці. 26 жніўня 2020 года. Фота: Света Фар / Belsat.eu

Менавіта гэты галоўны падарунак краіна кладзе сабе пад калядную ялінку: разуменне таго, што мы зможам усё, калі захочам, добра арганізуемся і ўпарта будзем ісці ў адзін бок. Мы зразумелі, хто наш сябар, а хто – не. Мы зразумелі, хто супраць нас, на што ён здольны, і што нам рабіць, каб перамагчы.

Цяпер мы дакладна ведаем, што 2021 год будзе сапраўды новым. Ён паставіць перад намі новыя выклікі, на якія трэба будзе даваць адказ.

Ніколі дзейныя ўлады не былі гэткімі слабымі, як цяпер і ў апошнія месяцы. Яны могуць перастаць існаваць літаральна ў кожны момант. Я не жартую – цалкам імаверна, што цяпер шмат што залежыць ад стану нерваў нейкага працаўніка службаў бяспекі, у якога АМАП скалечыць бацьку ці дзеці захварэюць на каронавірус.

І гэта не разлік на нейкую выпадковасць – гэта непасрэдны вынік дзейнасці групы асобаў, якія кіравалі краінаю 26 гадоў. Як і мноства іншых фактараў, якія з дакладнасцю 99 % прывядуць існую квазісавецкую дыктатарскую сістэму да краху ў 2021 годзе.

Пратэст на плошчы Незалежнасці. 26 жніўня 2020 года. Фота: Света Фар / Belsat.eu

Да гэткага раптоўнага краху трэба рыхтавацца ўжо цяпер. Бо, як толькі гэта адбудзецца, грамадству трэба будзе развязваць пытанні эканомікі, вонкавае і нутраное палітыкі, ладзіць новыя выбары, думаць, што рабіць са старымі кадрамі сярод сілавікоў і чыноўнікаў.

Трэба будзе не дапусціць, з аднаго боку, развалу ўсёй адміністратыўнае сістэмы ды сістэмы дзяржаўнае бяспекі, з іншага боку – праводзіць рэформы і паводле закону караць усіх, хто вінаваты ў злачынствах.

Нас будзе чакаць пагроза, хоць і не надта верагодная, інтэрвенцыі з Усходу. Трэба будзе не дапусціць яе дыпламатычнымі сродкамі.

Ва ўсім гэтым прыйдзецца браць удзел не вузкаму колу чыноўнікаў і палітыкаў, а неверагодна вялікай масе грамадзянаў, шмат хто з якіх упершыню адчувае сябе грамадзянінам – то бок адчувае, што адказны за лёс сваёй дзяржавы.

Вы заўважылі, напэўна, колькі ўсяго новага рыхтуе для нас 2021 год. І гэта, здаецца, толькі малая частка. Такім чынам, год сапраўды Новы, беспрэцэдэнтавы, першы ў сваім родзе.

Ну, і зноў жа – калі яшчэ так было, каб мільёны беларусаў мелі адно галоўнае жаданне на Новы год?

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў