«Первый канал» у Расеі ануляваў вынікі фіналу шоу «Голас.Дзеці»


«Первый канал» прыняў рашэнне ануляваць вынікі фіналу тэлешоў «Голас.Дзеці» пасля таго, як кампанія «Group-IB» выявіла накручванне галасоў на карысць дачкі спявачкі Алсу Мікелы Абрамавай, якая перамагла ў конкурсе, піша пра інцыдэнт БІ-БІ-СІ-.

«Прамежкавыя вынікі правярання пацвярджаюць, што на галасаванне было аказана вонкавае ўздзеянне, якое паўплывала на вынік шоў», – гаворыцца ў заяве канала.

Паводле «Group-IB», каля 300 тэлефонных нумароў былі задзейнічаныя ў накручванні галасоў, з іх былі адпраўленыя больш за 8 тысячаў тэкставых паведамленняў. Усе нумары належаць аднаму аператару і выкарыстоўваюць адзін тарыф, на момант правярання нумары былі недасяжныя, растлумачылі ў «Group-IB».

«Аналіз трафіку дазволіў выявіць факт наяўнасці масіраванага аўтаматызаванага адпраўлення СМС на кароткі нумар на карысць аднаго з удзельнікаў праекту «Голас.Дзеці», – паведамляецца ў прэс-рэлізе «Group-IB».

У красавіку 10-гадовая Мікела Абрамава з каманды Святланы Лабады па выніках галасавання гледачоў перамагла ў фінале шостага сезону праекту «Голас.Дзеці». Яна атрымала 56,5 % галасоў гледачоў. Фінал шоў трансляваўся ў наўпроставым эфіры на «Первом канале».

Перамога Абрамавай выклікала шквал абураных водгукаў у сацсетках. 27 красавіка «Первый канал» агучыў, што распачынаецца правяранне вынікаў галасавання.

Гендырэктар «Первого канала» Канстанцін Эрнст прызнаў, што «актыўнасць тэлефанаванняў і СМС на карысць аднаго з удзельнікаў істотна перавысіла колькасць галасоў за іншых канкурсантаў».

Бацькі Мікелы Алсу і яе муж Ян Абрамаў сітуацыю не каментавалі. Акрамя таго, спявачка і яе дачка абмежавалі магчымасць каментаваць апошнія публікацыі ў «Інстаграм».

СК belsat.eu

Стужка навінаў