Першы дзень агульнанацыянальнага страйку і ланцугі салідарнасці


Тэрмін «Народнага ўльтыматуму» скончыўся 26 кастрычніка. Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў далучыцца да забастоўкі. Галоўныя патрабаванні – сыход Лукашэнкі і вызваленні палітвязняў.

15:00.

Першы дзень пасля сканчэння народнага ўльтыматуму праходзіць горача. Праваабаронцы паведамлюць ужо пра 126 затрыманых 26 кастрычніка.

40 шахцёраў страйкуюць на «Беларуськаліі», паведамляе «Радыё Свабода». Да страйку ў першую палову дня далучыліся яшчэ 5 працаўнікоў. Сярод іх Ігар Гарбацэвіч з 4-га рудніка і Аляксандр Ільюшчыц з 1-га рудніка. Цяпер, паводле страйкаму, у стачцы бяруць удзел каля 40 чалавек. У страйкаме кажуць, што на 17 гадзінаў намечаны сход працаўнікоў прадпрыемства каля галоўнага корпуса адміністрацыі «Беларуськалія». У страйкаме разлічваюць, што туды прыйдуць і жыхары Салігорска, якія падтрымліваюць патрабаванні аб адстаўцы Лукашэнкі.

Горадня Азот. У цэху «АКіКАС» (азотнай кіслаты і карбаміда-аміячнай сумесі) 4 з 8 апаратчыкаў адмовіліся змяняць калегаў. Працэс вядуць чатыры апаратчыкі і кіраўніцтва цэха. Людзі знаходзяцца на змене ўжо 18 гадзінаў. Як паведамляе @stachkomazota, гэтым людзям сёння ў 20:00 трэба было зноў заступаць на начную змену. У цэху чакаюць распараджэння на прыпынак у сувязі з адсутнасцю персаналу.

МТЗ. Каля прадпрыемства прайшла акцыя «Спыні станок – спыні гвалт!»

БелОма. Працаўнікі «БелОма» абмяркоўваюць удзел у страйку. Беларускае оптыка-механічнае абʼяднанне – айчынны лідар оптыка-электроннага прыборабудавання.

Dominoʼs прывёз страйкоўцам на «Горадня Азоце» гарачую піццу, паведамляе TUT.BY.

У Бабруйску сёння прадпрымальнікі і прыватныя прадпрыемствы падтрымалі пратэст. Сярод іх – тыпаграфіі.

14:00.

МТЗ, МТС і іншыя

Менск, МТЗ. Тut.by паведамляе, што страйкоўцы разышліся па цэхах, але дамовіліся пасля абеду зноў прайсці маршам па заводзе.

Кіраўніцтва МТС патрабавала ад супрацоўнікаў, якія падтрымалі страйкоўцаў, патлумачыць свой удзел у акцыі. Супрацоўнікі МТС паведамляюць, што ўсё не так страшна: «Акт рэальны, але ў працу не пойдзе. Даюць напісаць заявы на перанос абедаў і за свой кошт».

Радыё «Свабода» паведамляе, што ў Горадні супрацоўнікі «Белдругпалімер» падтрымалі пратэст. «Белдругпалімер» – гэта галоўнае ў краіне прадпрыемства па другаснай перапрацоўцы пластмас.

Прыватны бізнес

Гарадзенскія рэстарацыі наводзяць сёння чысціню. Санітарныя дні – адна з формаў больш-менш бяспечна падтрымаць страйк.

13:00.

Менск. Рабочыя ММЗ збіраюцца на тэрыторыі заводу.

Каля 50 чалавек правялі сход. Адкрыта заявіў пра далучэнне да страйку Андрусь Комлік, які працуе на ММЗ тэрмістам. Астатнія выказалі падтрымку, але ад непасрэднага страйку ўстрымаліся. «Вырашылі дадаць да палітычных патрабаванняў пытанні паляпшэння ўмоў працы, выходзіць з праўладнага прафсаюзу і ўступаць у незалежны. Таксама вырашылі штодня ў працоўны перапынак сустракацца для абмеркавання сітуацыі», – паведаміў «Радыё Свабода» Комлік.

Горадня. З РАУС вызваляюць затрыманых раніцай каля «Горадня Азот» пратэстоўцаў. А гэта каля 100 чалавек. У часткі з іх у міліцыі забралі тэлефоны. За затрыманымі рабочымі прыехаў службовы аўтобус.

Страйкоўцы МЭТЗ агучылі кіраўніцтву патрабаванні і адмовіліся вяртацца да працы. Кіраўніцтва запалохвае людзей амапаўцамі і рыхтуе дакументы на пазбаўленне прэміі працаўнікоў, якія ўдзельнічаюць у пратэсце.

Прыватны бізнес

Сайт сеткі кінатэатраў Silver Screen сёння не працуе, паведамляе TUT.BY.

Чытачы «Белсата» пішуць, што ў Лідзе прыватныя прадпрыемствы «Хамелеон», «Эстейт Компани», «Добрая Кава», гастрабар «Место» не працуюць.

Менск, цэнтральны офіс А1. Супрацоўнікі кампаніі падтрымалі акцыю пратэсту. «А1 не абмяжоўвае канстытуцыйныя правы сваіх супрацоўнікаў, у тым ліку права на свабоду слова ці права на выказванне сваёй пазіцыі любым законным спосабам», – паведамілі TUT.BY у кампаніі. А1 на замову ўладаў рэгулярна адключае інтэрнэт, чым выклікае абурэнне сваіх кліентаў.

На страйк выйшла прадпрыемства «Дзверы».

Супрацоўнікі кнігарні Oz.by падтрымалі пратэст.

Чытачы «Белсата» паведамляюць, што ў Наваградку дзве прыватныя крамы і адно прадпрыемства забаставалі. Зараз па арганізацыях ездзяць супрацоўнікі КДБ.

Ланцугі салідарнасці

Менск. Жыхары Лебядзінага падтрымалі будаўнікоў, якія страйкуюць.

Ланцуг каля Мотавела.

Акцыя салідарнасці каля Парка высокіх тэхналогій.

Людзі сталі ў ланцуг на Партызанскім праспекце.

Кіроўцы таксі ў Горадні сігналамі падтрымліваюць стачку «Горадня Азот».

Ланцуг салідарнасці на плошчы Якуба Коласа.

Акцыя падтрымкі пратэстоўцаў «Інтэгралу».

12:00.

Ланцугі салідарнасці

Акцыя каля галоўнага офісу МТС у Менску. Яе ўдзельнікі заклікалі да страйку. Ці дакладна гэта былі супрацоўнікі МТС, невядома.

Праспект Дзяржынскага ў Менску. Людзі сталі ў ланцуг пасля разгону. Іх таксама разагналі.

Жорсткія затрымання людзей у ланцугу салідарнасці на Кальварыйскай.

Калона ў раёне плошчы Якуба Коласа. https://t.me/nashaniva/19494

Жыхары Новай Баравой, што пад Менскам, падтрымалі пратэсты.

Тut.by паведамляе пра акцыю салідарнасці будаўнікоў насупраць «Менск-Арэны».

Да забастоўкі далучыўся Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Жыхары плошчы Перамен выйшлі калонай, каб падтрымаць бастуючых рабочых і студэнтаў.

Прадпрыемствы

«Берасцеаблгаз» далучыліся да страйку.

Дзве траціны працаўнікоў Электратэхнічнага заводу імя Казлова страйкуюць, паведамляюць рабочыя. Паводле крыніцы, спынілі працу рабочыя 16-га, 6-га і 9-га цэхаў, таксама цалкам стаіць філія заводу ў Калодзішчах – усяго больш за 300 чалавек. Адміністрацыя прадпрыемства на кантакт з рабочымі не ідзе.

У цэхах «Карбамід-4» і «Аміяк-3» «Горадня Азот» на працы засталася начная змены, у парушэнне заканадаўства. Некаторыя функцыі выконваюць інжынеры. Крыніцы паведамляюць, што завод практычна спыніў працу.

Работнікі Менскага маторнага заводу збіраюцца на тэрыторыі прадпрыемства.

Прыватны бізнес

Сотні прыватных кампаніяў не працуюць з тых ці іншых прычынаў, фактычна падтрымаўшы страйк.

У Пінску зачыненыя «ШапОчкин Пинск», цырульня «Белая лисица», крама «Мотылек», кавярня «121», «Успех кондитера».

Забастоўку падтрымалі ў Берасці.

11:00

Каардынацыйная Рада

Святлана Ціханоўская выступіла з заявай аб пачатку Народнага Страйку:

«Тэрмін выканання патрабаванняў Народнага ўльтыматуму выйшаў. Сёння пачынаецца Народны Страйк – наступны крок беларусаў да свабоды, спынення гвалту і новых выбараў.

Беларусы ведаюць: 26 кастрычніка галоўнае – паказаць, што ніхто не будзе працаваць на рэжым».

Фота ад чытачоў «Белсату»

Улады

Мінпрам заяўляе, што на буйных беларускіх прадпрыемствах няма забастовак. Памочнік міністра прамысловасці Чэслаў Шульга паведаміў «Інтэрфаксу», што міністэрства не мае інфармацыі пра забастоўкі і страйкі, усе прадпрыемствы працуюць у штатным рэжыме.

Прадпрыемствы

Між тым, нягледзячы на затрыманні, на «Горадня Азот», «працаўнікі «Карбаміда 4» і «Аміяк 3» не прымаюць змену. «Нас тут мала, чалавек 60», – распавялі «Белсату» на заводзе.

Па інфармацыі «Радыё Свабода», на «Горадня Азот» бастуюць каля 150 чалавек. Да іх прыехаў генеральны дырэктар Ігар Бабыр і галоўны інжынер Сяргей Сілівонік, угаворвалі пачаць працу. Каля прахадной стаяць людзі.

На Інтэграле сёння ціха.

Менскі электратэхнічны завод не працуе.

На МАЗе рабочыя збіраюцца ля цэнтральнай прахадной.

Намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Сяргей Еўтухоўскі выйшаў пагутарыць з бастуючымі.

«ГІАП» у Горадні далучаецца да забастоўкі. Адкрытае акцыянернае таварыства «Гарадзенскі навукова-даследчы і праектны інстытут азотнай прамысловасці і прадуктаў арганічнага сінтэзу» прадстаўляе комплекс паслуг па распрацоўцы праектнай і іншай тэхнічнай дакументацыі ў галіне будаўніцтва, тэхнічнага пераўзбраення ў хімічнай, нафтагазаздабыўнай і нафтагазапераапрацоўчай прамысловасці.

Прыватны бізнес

Не працуе сайт dominos.by, афлайн-магазіны oz.by, «Піцца Лісіца». «Стрымлайн» адмяніў сёння заняткі.

Будаўнікі ЖК «Лазурыт» – з народам, паведамляе @nashaniva.

Сайт dev.by піша, што сёння не працуе чвэрць апытаных імі. Асноўныя чытачы сайта – айцішнікі

10:00.

Тэрыторыю каля «Горадні Азоту» ахоўваюць амапаўцы. Тут затрымалі, папярэдне, 5-10 чалавек. Астатнія паехалі дадому, пайшлі ў іншыя месцы або зайшлі на тэрыторыю заводу.

Прэс-сакратар канцэрну «Белнафтахім» Аляксандр Цішчанка зняпраўдзіў інфармацыю пра страйк на «Горадня Азоце». «Завод працуе, тэхпрацэсы – у штатным рэжыме. Забастоўкі няма», – сказаў ён. Паводле яго, сёння раніцай група да 100 чалавек спрабавала блакаваць выхад рабочых на змену. «Большасць з гэтай групы ні да заводу, ні да прафесіі рабочага не маюць дачынення», – дадаў Цішчанка.

У Менску на заводзе «Атлант» калона рабочых заклікала калег далучыцца да страйку. Пасля гэтага, па непацверджанай інфармацыі, там адбыліся затрыманні.

Нягледзячы на гэта, як пішуць відавочцы, людзей, што не працуюць, там становіцца болей, яны скандуюць «Жыве Беларусь!»

Па паведамленнях чытачоў, шосты цэх МЭТЗ Казлова стаіць.

Гарадзенскае прадпрыемства «Белкард» спыніла працу. Гэта найбуйнейшы вытворца аўтамабільных кампанентаў для аўтамабіляў усіх тыпаў і мадыфікацый, пастаўляе сваю прадукцыю на канвееры галоўных аўтаканцэрнаў Расеі, Беларусі, Украіны і іншых краін.

Людзі выйшлі і на Белкамунмашы. Некаторыя работнікі сышлі ў адпачынак за свой кошт.

***

У Горадні ад раніцы каля прахадной «Горадні Азоту» сабраліся каля 100 чалавек, якія падтрымалі забастоўку. Невядомыя ў аліўкавай форме нападалі на людзей каля заводу. Пачаліся затрыманні, людзей заганялі на тэрыторыю прадпрыемства.

Рабочыя каля прадпрыемства «Горадня Азот». Фота ад чытачоў «Белсату»

З’явіліся паведамленні, што міліцыянты затрымалі ледзь не палову трэцяй змены «аміяку», а да «Горадні Азот» накіроўваюцца вайсковыя аўтамабілі. Амапаўцы сілай заганялі людзей на працу.

Але, па дадзеных на 9-ую гадзіну раніцы, «Аміяк-3» і «Карбамід-4» не прынялі змену. Людзі адмаўляюцца працаваць.

Над «Горадняй Азотам» цяпер лунае бел-чырвона-белы сцяг.

У Менску каля МТЗ і МЗКЦ людзі пачынаюць выходзіць да прахадных.

На МТЗ рабочыя ідуць па цэхах і скандуюць «Далучайся».

На Менскім электратэхнічным заводзе амаль нікога няма на працоўных месцах.

У Салігорску чарговы шахцёр далучыўся да ўсеагульнай стачкі. Аляксандр Ільюшчыц, працаўнік ачыстнога забоя ПГУ-7 рудніка 1РУ, адмовіўся атрымаць заданне і агучыў забастоўку.

Ланцугі салідарнасці

Медыкі РНПЦ «Кардыялогія» сталі ў ланцуг салідарнасці.

25 кастрычніка быў апошнім днём, адведзеным экс-кандыдаткай на прэзідэнцтва Святланай Ціханоўскай дзейным уладам краіны. Яна патрабавала ад іх абвясціць пра сыход у адстаўку Аляксандра Лукашэнкі, вызваліць усіх палітвязняў і спыніць гвалт на вуліцах. Ніводны з гэтых пунктаў не быў выкананы, а гвалт на беларускіх вуліцах паўтарыўся з новай моцай.

«Таму заўтра, 26 кастрычніка, пачнецца агульнанацыянальны страйк. Беларусы зробяць гэты крок, бо іхнае слова – закон. Закон, якога нас спрабавалі пазбавіць, але які мы абавязкова вернем. І ў гэтым нам дапаможа нашая галоўная мірная зброя – салідарнасць», – заявіла па выніках дня Святлана Ціханоўская.

AA belsat.eu

Стужка навінаў