Першы беларускамоўны рэп-альбом за некалькі гадоў: такога вы яшчэ не чулі!

Аўдыё

Рэпер Gleboki Smak выпусціў дэбютны альбом «Drenny ton». За апошнія некалькі гадоў альбом стаў бадай першым беларускамоўным рэлізам рэп-музыкі.

Аўтар праекту Глеб Хамутоў распавёў «Белсату» пра сваю творчасць.

«Раней у мяне выходзілі сінглы, некалькі фітоў, хоць іх і было няшмат, але я шчаслівы іх мець», – кажа Глеб.

З моманту апошняга рэлізу мінула больш за пяць гадоў. Вынікам гэтых гадоў стаў цэлы альбом.

«Стварэнне альбому – гэта шмат высілкаў. Гэта і праца над сабою, і грошы, і арганізацыя працэсу. Знайсці аўтара музыкі, напісаць тэксты, знайсці добрага гукарэжысёра, студыю. А ў бітмэйкера быў яшчэ і асістэнт. У дадатак, я зрабіў аперацыі, вярнуў голас, бо ён быў дэфармаваны, заняўся вакалам», – адзначае музыка.

– Ці проста стварыць альбом?

– Я абраў не самы просты шлях, бо працаваў досыць доўга. Такая праблема актуальная для многіх артыстаў, хто пачаў працаваць над альбомам і ўжо ў працэсе змяняе аранжыроўкі, тэксты, пачынае ўсё перарабляць. Шмат музыкаў, якія маюць ужо амаль гатовы альбом, але не могуць яго выпусціць і праца гадамі чакае рэлізу. Гэта складана. Я рабіў альбом два гады. Але можна і трэба хутчэй. Цяпер будзе хутчэй.

– Адкуль назва, як з’явіўся Gleboki Smak?

– Некалі ў Польшчы пацягвалі ўвечары півас з Вожыкам, Алегам ЛСП і брэйк-данс камандай «HUNTERS CREW» (удзельнічалі ў адным хіп-хоп праекце). І Вожык у пэўны момант звярнуў увагу на надпіс на бутэльцы, дзе было напісана «Głęboki Smak» (даслоўны пераклад – глыбокі смак). Вожык раптам і кажа: – «О, прыкольна, Глеб, окі, смак». Прачытаць дакладна мы не маглі, бо не ведалі мовы. Мне падалося, што псеўданім прыкольны: ёсць і маё імя, і адсылка да культурнай глебы, – беларускай мовы. Да і рэп мусіць быць смачным: смачныя біты, смачныя панчы, смачныя рыфмы. Так я і стаў Gleboki Smak.

– Чым для цябе з’яўляецца рэп, хіп-хоп наагул? Чаму менавіта гэты стыль абраў?

-Хіп-хоп – гэта вулічная музыка. Калі ты не вулічны, то складана напісаць круты рэп. Для мяне хіп-хоп – рэлігія. Гэта першапачаткова культура бедных. Хіп-хоп – гэта там, дзе ёсць несправядліваць, агрэсія, злосць на ўсё гэта.

Зараз сітуацыя змяняецца. Бо рэп захапіў усё. Але звычайна сапраўдны рэп нараджаецца там, дзе ёсць сацыяльны канфлікт.

– Але ў дэбютным альбоме як раз ты не пішаш пра вуліцу. У кампазіцыях матывы зусім іншыя, прасякнутыя сэнсам, пошукам.

– Чаму не? Пішу і шмат. Проста я зрабіў трэкі рознымі тэматычна. Але ўсё гэта вулічнае, бро. Паслухай прынамсі першы трэк «Drenny ton».

Альбом прасякнуты вуліцай. Але вуліца – гэта больш, чым блокі. Гэта і канфлікты, і праблемы, якія на гэтую вуліцу выліваюцца. На альбоме я раскрыў спецыфіку гэтага ўсяго: матывацыя райтэраў і графіцістаў, фрыстайлераў і скейтэраў, рэпераў і МС, якія флэксяць і ловяць флэйву.

Я лічу, што трэба эксперыментаваць, шукаць. Гэта ж музыка. Тут няма межаў. Цяпер у мяне атрымалася так. На альбоме ёсць і рэпрэзент, і пра пра дачку, і пра эміграцыю, нешта асабістае. Ён розны. Але тэмы, фарматы трэкаў – абсалютна распаўсюджаныя ў рэпе. Я тут не прыдумаў нічога новага.

– У Беларусі цяпер няшмат беларускамоўных рэпераў. Ці нейкія акалічнасці паўлывалі на выбар мовы?

Тут усё проста. Я размаўляю на беларускай мове. Было б дзіўна, каб было іначай. Канечне, я магу зрабіць трэкі на расейскай, польскай, ці ангельскай. Калі-небудзь я абавязкова запішу кампазіцыі і на гэтых мовах. Гэта будзе цікава з пункту гледжання выкліку. А на беларускай мове я размаўляю ў паўсядзённым жыцці.

– Цяпер, так разумею, праца вядзецца над новым альбомам?

– Плённа працую над асобнымі сінгламі і відэакантэнтам. Хачу радаваць сваіх слухачоў часцей. Але асобны альбом у бліжэйшай будучыні чакаць не варта.

Рэпер Vinsent ідэолагам: «Зразумейце, музыкі – не ворагі дзяржавы»

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары