«Першую скрыпку грае Расея». Вялікія вучэнні ў Беларусі каментуе Аляксандр Алесін


7500 вайскоўцаў, 260 адзінак бранятэхнікі, каля 30 самалётаў і верталётаў – такія сілы задзеяныя ў камандна-штабных вучэннях, што распачаліся ў Беларусі 6 верасня. Што адпрацоўваць беларускія вайскоўцы падчас такога маштабнага мерапрыемства, і ці сапраўды гэта дэманстрацыя моцы суверэннай краіны? Пра гэта Зміцер Міцкевіч запытаў вайсковага аглядальніка Беларусі Аляксандра Алесіна.

Каманда-штабныя вучэнні – гэта, у прынцыпе, традыцыйная падзея, але якія незвычайныя, новыя рэчы будуць сёлета?

Першае, што звяртае ўвагу, – гэтыя камандна-штабныя вучэнні пройдуць практычна на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Заяўленыя шэсць палігонаў у раёнах практычна ўсіх вобласцяў Беларусі. Напэўна, гэта нешта новае. Звычайна задзеюць пару палігонаў, канцэнтруючыся ў нейкім раёне, потым марш на нейкі палігон, падрыхтоўка, стральба, вучэнні – і ўсё. Тут жа ахоп усёй тэрыторыі Беларусі.

Ці гэтыя вучэнні – дэманстрацыя ўсім суседзям, у тым ліку Расеі, гатовасці бараніць суверэнітэт, ці гэтая падзея ўзгодненая з Расейскай Федэрацыяй?

Я б падзяліў на дзве часткі. З аднаго боку, гэта дэманстрацыя. Кожныя вучэнні не толькі для ўнутранага карыстання, але і для вонкавага. Яны мусяць паказаць адмыслоўцам з процілеглага боку, аналітыкам і вышэйшым вайсковым кіраўнікам сітуацыю ў беларускім войску, яго гатовасць даць адпор агрэсіі, да вядзення баявых дзеянняў у сучасных умовах з выкарыстаннем сучаснай баявой тэхнікі і тое, што нашыя вайскоўцы засвоілі сучасныя вайсковыя дактрыны, што яны здольныя ў сучасных умовах весці баявыя дзеянні.

Што да Расеі, то я звяртаю ўвагу на тое, што практычна адначасова адбываюцца вучэнні «Усход 2018», і, як мне падаецца, гэтыя вучэнні ўзгодненыя.

Генерал Івашоў, галоўны расейскі вайсковы эксперт, сказаў, што рух на вучэннях адбываецца на ўсход, а мы глядзім на захад. Таму я думаю, што тут ёсць сінхранізацыя каардынацыі дзеянняў беларускіх і расейскіх узброеных сілаў.

Калі мы прыгадаем «Захад 2017», то адначасова з гэтай падзеяй Расея праводзіла на сваёй тэрыторыі скаардынаваныя з «Захадам» свае вучэнні. Сітуацыя падобная, толькі тут першую скрыпку грае Расея, а скаардынавана з Беларуссю.

І вось у гэтым акурат пытанне: ці варта бачыць нейкі падтэкст у націску гэтых вучэнняў на супрацьстаянні дыверсійна-разведвальным групоўкам і незаконным узброеным фармаванням?

Згодна з новай плынню ваеннай навукі лічыцца, што праціўнік толькі тады пачне наступ з фронту, калі з тылу ён будзе забяспечаны падтрыманнем пятай калоны – асобаў, якія ўнутры краіны выконваюць заданні вонкавага суперніка. Самы яскравы прыклад цяпер – украінскі варыянт, Крым. Таксама мы бачым, што такія варыянты былі і ў Іраку, у Лівіі і г. д. Таму цяпер ваенная дактрына кажа пра тое, што калі настолькі цяжка сабраць паўнавартасную ўдарную групоўку звонку, то вонкавы вораг будзе чакаць, пакуль краіну не аслабяць дзеянні ўзброеных незаконных фармаваньняў унутры краіны.

Таму лічыцца, што вайна пачнецца без абвяшчэння вайны, нечакана, але ёй будзе папярэднічаць унутраны ўзброены канфлікт ці то на нацыянальнай, ці то на сацыяльнай глебе, ці то на абедзвюх разам, але затраўка пачнецца знутры.

Таму антытэрарыстычныя сілы, якія мусяць процідзеяць дыверсійным разведвальным групам, павінны будуць першымі пачаць дзеяць, калі прытрымлівацца палажэнняў гэтай ваеннай дактрыны.

Як можна зразумець, у гэтых вучэннях важную ролю будзе адыгрываць авіяцыя, акурат у кантэксце барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групоўкамі. Ці ўсё добра з гэтым кампанентам?

Досвед Сірыі ды Украіны паказаў, што на першым этапе збройнага канфлікту вялікую ролю адыгрываюць рухомыя дыверсійна-разведвальныя групы, якія перасоўваюцца на аўтах высокай праходнасці, у якіх ёсць супрацьтанкавыя сродкі, пераносныя зенітна-ракетныя комплексы (ПЗРК), буйнакаліберныя кулямёты або малакаліберная артылерыя. Яны хутка перасоўваюцца, наскокамі нападаюць на ваенныя аб’екты, уносяць блытаніну, ірвуць камунікацыі. Каб перахапіць іх, быць у курсе іх рухаў, неабходна мець перш за ўсё авіяцыйную разведку на высокім узроўні – беспілотную і з пілатаваную і г. д.

Акрамя таго, неабходна мець сродкі перакідвання контртэрарыстычных групаў – гэта перш за ўсё ваенна-транспартныя верталёты, а таксама агнявое падтрыманне – верталёты агнявога падтрымання тыпу Мі-24, і самалёты агнявога падтрымання. Штурмавая авіяцыя мусіць аператыўна, абапіраючыся на разведвальныя звесткі, знаходзіць гэтыя групы ды знішчаць іх, не чакаючы, пакуль яны перадыслакуюцца ў іншае месца.

Што да элементаў авіяцыйнага падтрымання, то калі верыць заявам прадстаўнікоў ваенна-прамысловага комплексу, то ў нас на вышыні разведвальныя дроны, якія дапамогуць выконваць ударныя функцыі.

Таксама мы закупілі ў Расеі верталёты Мі-17 АМТШ, якія здольныя не толькі ажыццяўляць агнявое падтрыманне, але і высаджваць дэсантнікаў, сілы спецыяльных аперацыяў. Яшчэ ў нас ёсць эскадрылля самалётаў Як-130, якія могуць ужываць высокадакладную кіраваную зброю і каардынаваныя авіяцыйныя бомбы, аж да 250–500 кг. Таму будзем лічыць, што з гэтым элементам у нас усё ў парадку.

Наколькі гэтая падзея параўнальная маштабам з нацыянальнымі вучэннямі нашых краінаў-суседзяў – Расеі, Украіны, Літвы, Польшчы?

Калі сказалі, што ўдзельнічае 7000 вайскоўцаў, для Беларусі гэта вельмі шмат, плюс тэхніка, што будзе ўдзельнічаць. Думаю, што цяжка згадаць з нядаўняга мінулага нешта падобнае. Калі параўнаць з «Захадам-2018», то прыкладна столькі ж беларускіх вайскоўцаў удзельнічала ў гэтых вучэннях. Калі параўнаць з «Захадам-2009», магчыма, там было крыху больш. То бок, гэта цалкам параўнальна з буйнымі вучэннямі, што ладзяць беларускія вайскоўцы разам з Расеяй.

Што з новай тэхнікі ды тактыкі мы можам пабачыць падчас гэтых камандна-штабных вучэнняў?

Я думаю, перш за ўсё гэта будуць браняваныя машыны, бронетранспарцёры, баявыя машыны пяхоты, «Кайман», БТР-80, кітайскія «Цмокі», мінамёты «Нона» разам з буксіроўнікамі МЗКЦ. Думаю, што гэта асноўны элемент. Акрамя таго, відавочна, вайскоўцы сілаў спецыяльных аперацыяў будуць выкарыстоўваць мадэрнізаваныя гранатамёты, стралковую зброю, снайперскія вінтоўкі і г. д.

Зрэшты, нам цяжка будзе нечым здзівіць нашых суседзяў, бо нашыя сухапутныя сілы практычна не маюць мадэрнізаванага ўзбраення. Таму перадусім гэта будзе перадавая тэхніка – авіяцыйная, якую мы атрымалі, тэхніка для спецаперацыяў.

Традыцыйна ў выніку вучэнняў нашае вайсковае кіраўніцтва кажа, што ў нас усё добра. Але якія рэальныя ацэнкі гэтай сітуацыі ў іх? Ці яны бачаць нейкія хібы? Ці моцна адрозніваецца афіцыйная ацэнка ад сапраўднай?

Трэба зразумець, што ёсць інфармацыя для вонкавага карыстальніка і для абывацеля. Ёсць інфармацыя для ўнутранага карыстання і інфармацыя для саміх вайскоўцаў. Паводле вынікаў вучэнняў яны будуць праводзіць разбор, будуць пазначаныя недахопы – тое, што трэба выпраўляць, над чым працаваць. Заўсёды так бывае. Акрамя таго, інфармацыя для вонкавага карыстальніка цяпер практычна стала элементам інфармацыйнай вайны. Гэта характэрна не толькі для Беларусі.

Абывацель мусіць быць упэўнены, што яго абароняць, што войска на варце, усё добра.

Думаю, што і надалей мы пачуем толькі станоўчую інфармацыю, а для ўнутранай працы, баявой вучобы будуць зробленыя асноўныя, рэальныя высновы, на якіх будуць далей складаць планы вучэнняў, трэнаванняў ды іншага.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык.

Іншыя тэмы праграмы:

Стужка навінаў