З 29 сакавіка да 9 красавіка ў Беларускім доме ў Варшаве праходзіць першая фатаграфічная выстава пісьменніцы і перакладчыцы Юліі Цімафеевай «Менск вачыма аператара дрона іншаземнага касмічнага карабля. Пачатак трэцяга тысячагоддзя». Пра тое, як Цімафеева прыйшла да фатаграфіі, мы папрасілі распытаць у аўтаркі куратара выставы Яна Рэуцкага.
Ян Рэуцкі: Мы з вамі спаткаліся з нагоды выставы, якая адбудзецца ўвечары ў Беларускім доме ў Варшаве. Выстава досыць доўгачаканая. Выстава – мой прэзент усім беларусам Варшавы і мой прэзент усім гасцям, якія зараз побач са мной.
Юлія Цімафеева: Па-першае, хачу падзякаваць табе за тое, што выступаеш фактычна куратарам гэтай выставы. Я адбірала фотаздымкі, а ты прыдумляў канцэпцыю – і я, у прынцыпе, з ёй згодная. Таму што заўжды мастацтва – літаратура ці фатаграфія – гэта своеасаблівы погляд з боку. І вось гэтая канцэпцыя – «аператара іншаземнага карабля» – неяк характарызуе вось гэты пагляд.
Я таксама нарадзілася не ў горадзе, а на вёсцы, і гэта таксама пэўны пагляд збоку на горад, які я ўсё роўна люблю, горад Менск, і хачу знайсці ў ім нешта прыгожае таксама.
Што натхніла вас, паэтку і тлумачку, займацца фатаграфіяй?
Напэўна, фатаграфія для мяне – гэта таксама своеасаблівая паэзія. Кожны фотаздымак – гэта такі паэтычны твор, завершаны, сам у сабе, які жыве сваім жыццём. І мне складана тлумачыць мае фотаздымкі, калі мне кажуць, або збіраць з гэтага серыю, таму што яны напісаныя крыху іншай, візуальнай, фатаграфічнай мовай, якую не заўжды можна ўкласці ў словы. Хоць цяпер сітуацыя гэтага патрабуе, таму што мноства графічных серыяў маюць тлумачэнні, куратарства. Гэта для мяне не зусім зручна.
Каму будзе цікавая гэтая выстава?
Па-першае, яна цікавая табе – ты вырашыў яе арганізаваць. Па-другое, гэтая выстава можа быць цікавая тым беларусам Варшавы, якія, мабыць, маюць нейкую настальгію па Менску – прыйсці, паглядзець на Менск з нейкага іншага ракурсу, ён у прынцыпе досыць моцна змяніўся. Па-трэцяе, яна можа быць цікавая ўсім палякам, якія ніколі не былі ў Менску – паглядзець, што гэта за такі горад, які знаходзіцца за ўсходняй мяжой. І краіна, якая, як мне падаецца, для Польшчы застаецца ўсё роўна нейкай белай плямінай.