Першага намесніка старшыні Белкаапсаюза прызналі вінаватым у хабарніцтве


Дзмітрый Баранаў. Фота - mtk-bks.by

Першы намеснік старшыні праўлення Беларускага рэспубліканскага саюзу спажывецкіх таварыстваў Дзмітрый Баранаў асуджаны Першамайскім райсудом Менску да 7 гадоў пазбаўлення волі, з канфіскацыяй маёмасці.

Мужчына прызнаны вінаватым у атрыманні хабару асобай, якая займае адказную пасаду. Адбываць пакаранне ён будзе ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Другога фігуранта – яго давераную асобу – суд прызнаў вінаватым у дачы хабару і прысудзіў да 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Крымінальная справа была распачатая па матэрыялах ГУБЭЗ МУС. Першы намеснік старшыні праўлення Белкаапсаюза з верасня 2015 года да красавіка 2017-га ў Менску ў некалькі прыёмаў атрымаў хабару на суму больш за $ 2,4 тыс. ад сваёй даверанай асобы за прыняцце мер па пагашэнні падраздзяленнямі Белкаапсаюзу крэдыторскай запазычанасці перад фірмай. Былі праведзены разлікі з гэтай камерцыйнай структурай на суму звыш Br360 тыс.

Адзначым, што гэта не першы выпадак асуджэння кіраўнікоў Белкаапсаюзу за хабары. У 2015 годзе экс-кіраўнік Белкаапсаюза Сяргей Сідзько атрымаў 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Глядзі таксама
Каментары