Ператрусы, паліграф, штрафы, звальненні нібыта па ўласным жаданні. Як ціснуць на медыкаў Бабруйску


Да былой медсястры Бабруйскага міжраённага анкалагічнага дыспансера Ілоны Златкінай міліцыя прыехала разам з МНС – хацелі ўзламываць дзверы, калі жанчына доўга не адчыняла. Пасля ператрусу бабруйчанку да вечара трымалі спачатку ў РАУСе, потым у Следчым камітэце. Яшчэ адну медсястру з Бабруйску – Ірыну Іванчыкаву – у той жа дзень запрашалі на размову наконт пагроз у тэлеграм-канале.

«Да дому пад’ехала пажарная, за дзвярымі пачалі заводзіць «балгарку»

Пераслед і рэпрэсіі ў дачыненні да абедзвюх бабруйскіх медсясцёр – Ілоны Златкінай і Ірыны Іванчыкавай – пачаўся яшчэ 4 кастрычніка, калі жанчын затрымалі падчас мірнага шэсця ў родным горадзе. Тады яны правялі ноч у ІЧУ, на наступны дзень іх судзілі, далі штрафы.

Ілона Златкіна.
Фота: архіў героя

Ілона Златкіна працавала медсястрой аддзялення камп’ютарнай тамаграфіі ў Бабруйскім міжраённым анкалагічным дыспансеры. Амаль адразу пасля эпізоду з затрыманнем і судом ёй прапанавалі звольніцца. Жанчына не стала абвастраць сітуацыю і напісала заяву па згодзе бакоў.

23 снежня, калі Ілона з мужам былі дома, каля 11-й гадзіны раніцы раптоўна з’явілася міліцыя. Супрацоўнікі грукаліся ў дзверы. Як распавяла жанчына, яны з мужам спачатку вырашылі зрабіць выгляд, што дома нікога няма. Але праз некаторы час сужонкі пабачылі, як да іх дома пад’язджае пажарная машына, а пасля пачулі, як на лесвічнай пляцоўцы нехта «заводзіць балгарку». Каб пазбегнуць узлому дзвярэй, Ілона адчыніла.

Аб’ектыў
«Вы элементарны зэк». Медыкаў працягваюць звальняць
2020.12.23 23:03

Супрацоўнікі прад’явілі пастанову на вобшук, патлумачылі, што мусяць яго правесці ў рамках крымінальнай справы аб паклёпе на на галоўную лекарку Бабруйскай цэнтральнай больніцы Аксану Крупеніч. Маўляў, ёсць падазрэнне, што гэта менавіта Ілона размясціла ў нейкім тэлеграм-канале пасты пра тое, што па загадзе Крупеніч у Бабруйску звальняюць медыкаў.

У сям’і Златкіных забралі ноўтбук, флэшкі, у Ілоны канфіскавалі тэлефон.

«Мяне ўсю трэсла, а мне казалі – паліграф зашкальвае, бо я хлушу»

Пасля ператрусу Ілону павезлі ў аддзяленне міліцыі Ленінскага раёну г.Бабруйска, там апыталі на паліграфе.

«Я пагадзілася на дэтэктар, бо мне няма чаго хаваць, але тым не менш, мне ўвесь час падчас апытання спрабавалі давесці, што я хлушу, бо ў мяне там нешта «зашкальвае», – распавяла медсястра. – Дык а што яны хацелі ў такім стане, у якім я была? Мяне ўсю трэсла».

З РАУСа Ілону даставілі ў Следчы камітэт. Толькі там жанчыне патлумачылі, што яна праходзіць сведкай, а не падазраванай па крымінальнай справе аб паклёпе на галоўнаю лекарку Бабруйску. Следчы пацвердзіў, што справа ў размешчанай у Telegram інфармацыі, што нібыта бабруйскія медыкі звольненыя па загадзе Аксаны Крупеніч.

Ілона Златкіна кажа, што яна бачыла такія пасты ў Telegram, нават дзялілася імі з сябрамі, але сама іх не пісала.

Златкіна пасля выхаду з ІЧУ, фота: «Вечерний Бобруйск»

Цэнтр занятасці накіраваў туды, адкуль папрасілі звольніцца

Пасля звальнення былая медсястра стала на ўлік у Цэнтры занятасці насельніцтва, нават хадзіла па накіраваннях, якія ёй там давалі. Але кажа, што хутка зразумела, што не хоча «вяртацца ў старую сістэму».

Аднойчы Ілона атрымала ад цэнтру занятасці накіраванне на вакансію медсястры ў аддзяленне тамаграфіі ў анкадыспансеры – на сваё былое працоўнае месца. Ілона кажа, што яна там была адзінай медсястрой, і пасля яе сыходу вакансія працяглы час заставалася адкрытай.

Жанчына вырашыла схадзіць да былых калегаў з «паперкай» з цэнтру занятасці.

«У аддзеле кадраў не ведалі, што рабіць, калі я прыйшла з гэтым накіраваннем, – узгадвае Ілона. – Пабеглі да галоўнага лекара, а праз дзень я атрымала адказ, што вакансіяў няма».

Асудзілі, прымусілі звольніцца, запрашаюць у міліцыю

Бабруйчанка Ірына Іванчыкава таксама, як і Ілона Златкіна, пасля затрымання 4 кастрычніка правяла ноч у ІЧУ, на наступны дзень была аштрафаваная на 10 базавых. Жанчына працавала медсястрой у аперацыйным блоку хірургічнага аддзялення ў Бабруйскай цэнтральнай больніцы. Праз два тыдні пасля суду яе папрасілі звольніцца «па згодзе бакоў». Ірына гэтак жа, як і Ілона, не стала спрачацца, і напісала заяву. Пасля звальнення жанчына хутка знайшла новую працу.

Аб’ектыў
Узровень судовых рэпрэсіяў расце
2020.12.21 22:30

23 снежня раніцай Ірыне патэлефанавалі з міліцыі і запрасілі на размову наконт нейкіх пагрозаў у адным з тэлеграм-каналаў. Бабруйчанка адмовілася ісці, бо была на працы. Пра якія пагрозы была мова, Ірына не ведае, па тэлефоне ёй нічога не патлумачылі.

Гэта не адзіныя выпадкі ціску на медыкаў у Бабруйску. У лістападзе быў вымушаны звольніцца лекар-гігіеніст з Бабруйскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Леанід Кошань. Супрацоўнікі міліцыі забралі медыка з працоўнага месца – выклікаў іх галоўны лекар цэнтру Дзмітрый Лайтэр за фота Леаніда з бел-чырвона-белым сцягам каля будынку санстанцыі. Гігіеніст правёў ноч у ІЧУ, быў аштрафаваны.

Акрамя, увосень пасля суду і штрафу па арт.23.34 КаАП была звольненая санітарка адной з мясцовых лякарняў, актывістка і шматдзетная маці Галіна Лазарава.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў