У Белстаце распавялі пра адметнасці перапісу насельніцтва-2019


Старшыня Белстату Іна Мядзведзева распавяла пра адметнасці перапісу насельніцтва Беларусі, які будзе праводзіцца ў 2019 годзе.

Каб падрыхтавацца да яго, у сёлетнім кастрычніку правядуць пробны перапіс насельніцтва Маладзечанскага раёну.

«Маладзечанскі раён уяўляе сабой тыповы зрэз для Беларусі, мы зможам правесці перапіс гарадскога насельніцтва, асобаў, якія знаходзяцца ў спецыялізаваных установах. Гэта дазволіць нам адпрацаваць перапісны ліст, тэхналогію збору інфармацыі», – патлумачыла ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу Іна Мядзведзева.

Таксама яна распавяла, на якія пытанні будуць адказваць жыхары раёну:

«Вядома, у сённяшніх рэаліях па-новаму стаіць пытанне міграцыйнай палітыкі, мы будзем задаваць пытанне па дэмаграфічных устаноўках, гэта таксама важна для краіны. Сярод пытанняў – ці вы хочаце зʼехаць з Беларусі, па якіх прычынах вы хочаце гэта зрабіць. Што тычацца дэмаграфічных установак – ці хочаце вы яшчэ мець дзяцей».

Плануецца правядзенне беспапяровага перапісу – у перапісчыкаў будуць з сабой планшэты.

«Акрамя таго, сёння мы адпрацоўваем пытанні правядзення перапісу праз інтэрнэт», – адзначыла Іна Мядзведзева.

Мяркуецца, што ў 2019 годзе перапісны ліст можна будзе запоўніць онлайн, гэта дапаможа зрабіць таннейшым правядзенне перапісу. Што тычацца анансаванага раней пошуку спонсараў для правядзення перапісу ў 2019 годзе, то Белстат працуе ў гэтым напрамку з Фондам ААН у галіне народанасельніцтва, Сусветным банкам ды з шэрагам беларускіх прадпрыемстваў.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў