Пераможцамі «Грэмі» сталі Бруна Марс, Кендрык Ламар і аўтар песні пра Пуціна


60-ая цырымонія «Грэмі» прайшла ў Нью-Ёрку.

Сёлета галоўныя статуэткі атрымаў спявак Бруна Марс. Ягоная кружэлка «24K Magic« перамагла ў намінацыях «Запіс года» і «Альбом года», а кампазіцыю «That’s What I Like» прызналі «Песняй года».

Таксама ён атрымаў яшчэ тры «Грэмі» ў R&B-намінацыях («Лепшае R & B-выкананне», «Лепшая R&B-песня» і «Лепшы R&B-альбом»). Сёмую прэмію Марсу далі за лепшы майстарынг.

Рэпер Кендрык Ламар перамог у чатырох рэп-намінацыях, а кліп на ягоную песню «Humble» прызналі найлепшым музычным відэа.

Кампазітар Рэндзі Ньюман атрымаў «Грэмі» у намінацыі «Лепшая аранжыроўка» за сатырычную песню «Putin», якую ён выпусціў у кастрычніку 2016 года.

«Ён можа кіраваць гіганцкім трактарам / Праз Транссібірскую раўніну / Ён можа кіраваць ядравым рэактарам / Сваім левым паўшарʼем / І калі ён здымае кашулю / Жанчыны губляюць розум / Калі ён здымае кашулю / Я хачу быць жанчынай».

«Гэта песня, прысвечаная вялікаму сусветнаму лідару. Спадзяюся, яна яму спадабаецца. Ведаю, што спадабаецца», – такі каментар пакінуў кампазітар да песні на сваёй старонцы ў YouTube.

Усіх пераможцаў можна паглядзець тут.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў